(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).
2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Інакенцій Пятровіч) (22.12.1905, г. Кастрама, Расія — 30.3.1985),
савецкі геолаг, геамарфолаг, глебазнавец. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Балгарскай АН (1962), акадэміі «Леапальдзіна» (1965), Акадэміі с.-г. навук ГДР (1968) і Германскай АН у Берліне (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). У 1936—56 у Глебавым ін-це імя В.В.Дакучаева, з 1945 у Ін-це геаграфіі АНСССР (з 1951 дырэктар). Удзельнік экспедыцый у Казахстан, Сярэднюю Азію, на Д.Усход, Урал. Падарожнічаў па Індыі, Кітаі, Японіі, Аўстраліі, краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Зах. Еўропы. Навук. працы па генезісе і геаграфіі глеб, фіз. геаграфіі, палеагеаграфіі і геамарфалогіі. Аўтар (разам з К.К.Маркавым) першай зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Распрацаваў новыя прынцыпы класіфікацыі рэльефу Зямлі. Узначальваў рэдкалегію «Фізіка-геаграфічнага атласа Свету» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГЕЦІ ((Ligeti) Дзьёрдзь) (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),
венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап.муз.авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.
Літ.:
Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЦВІ́НЫ»,
бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел.нар. песень, абрадавая і танц.нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) і IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.
сербалужыцкі паэт, перакладчык. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Лейпцыгу. З 1961 працаваў у Ін-це сербалужыцкага народазнаўства ў Будзішыне, з 1973 у Дзярж. ансамблі сербалужыцкай культуры. Друкуецца з 1959. У зб-ках «Новы час — новыя радасці» (1961), «Струга» (1967), «Ключы і дарогі» (1971), «Землеўпарадкаванне» (1972) маральна-экалагічныя праблемы. Зб-кам «Ты каля мяне» (1988), «Супраць вялікага пудзіла» (1990) уласцівы іранічны пачатак, мадэрнісцкія прыёмы. У 1965 наведаў Беларусь. Напісаў цыкл вершаў «З падарожжа ў Беларусь у 1965». Аўтар арт. «Слова «серб» ад «сябра» паходзіць» (1965). Пераклаў на верхнялужыцкую мову камедыю Я.Купалы «Паўлінка» (з А.Наўкам), асобныя вершы Я.Купалы, М.Танка, Н.Гілевіча, А.Зарыцкага. Асобныя вершы Л. на бел. мову пераклалі М.Танк, Гілевіч, Зарыцкі, А.Траяноўскі. Прэмія «Дамовіна» (1962, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),
французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш.Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс.чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́САЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 23.2.1931, г. Разань),
бел. філосаф і сацыёлаг. Акад.АН Беларусі (1994), чл.-кар.АН Беларусі (1977), д-рфілас.н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1955). З 1957 на выкладчыцкай рабоце. У 1977—89 дырэктар Ін-та філасофіі і права, з 1989 — Ін-та сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, сацыялогіі экстрэмальных сітуацый і катастроф, асаблівасцяў пераходнага перыяду ў развіцці бел. грамадства. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння сац. аспектаў навук.-тэхн. прагрэсу, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Дзярж. Прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла прац па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕў біялогіі,
працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).