МА́САВАЯ ЛІТАРАТУ́РА, паралітаратура, сублітаратура, канфармісцкая літаратура, трывіяльная літаратура,

шматтыражная літ. прадукцыя, разлічаная на сярэдняга спажыўца і камерцыйны поспех; сурагат маст. л-ры, падробка пад яе; састаўная частка масавай культуры. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. (гл. Бульварная літаратура). Развіццё яе ажыццяўлялася праз рыначны кан’юнктурны адбор найб. «ходкага» літ. тавару — бестселераў. Сярод бестселераў вылучаюць коміксы, бульварны, жаночы, салдацкі, паліт., кіна- і фотараманы, раманы крымінальных, «чорных» серый, трылеры, вестэрны, дайджэсты (скарочаныя адаптаваныя выданні класікі), якія ствараюцца канвеерным спосабам па спец. схемах. У эстэт. плане М.л. пасрэдная, спрошчаная і даступная кожнаму; яна звычайна прыстасавальніцкая, экскэйпісцкая (пазбягае вострых сац. праблем). Выкарыстоўваецца як сродак маніпуляцыі свядомасцю мас, фарміруе пэўныя эстэт. густы і спажывецкую псіхалогію. М.л. паспяхова выкарыстоўвае дэтэктыўную фабулу, навук. фантастыку; для яе характэрна спрошчанае апісальніцтва, псеўдарэалістычнасць, сенсацыйнасць, захапляючая інтрыга, востры сюжэт, наяўнасць супергерояў. У тэхнакратычнай постіндустрыяльнай цывілізацыі М.л. як кампенсацыя адчужэння выконвае псіхааналітычную функцыю. Характэрныя тэмы М.л. — кар’ера, грошы, секс, каханне, жыццё «зорак», фантастыка (вампіры, прышэльцы з космасу), эзатэрызм — таямнічае, забойствы, прыгоды суперменаў і інш. У 20 ст. з’явіліся прыгодніцкія серыі пра Тарзана Э.​Бераўза (ЗША), пра Фантамаса М.​Алена і П.​Сувестра (Францыя), паліт. дэтэктывы пра Дж.​Бонда І.​Флемінга (Англія), псеўдагіст. раманы пра Анжэліку А. і С.​Галон (Францыя), працяг рамана М.​Мітчэл «Знесеныя ветрам» («Скарлет», «Рэт Батлер»), раманы Т.​Шарпа, Ж.​Сьюзен, М.​Спілейна, С.​Шэлдан і інш.

Літ.:

«Массовая культура» — иллюзии и действительность. М., 1975;

Николюкин А.Н. Антикультура: массовая литература США М., 1973;

Шабловская И.В. Реализм и «массовая культура» // Шабловская И.В. История зарубежной литературы (XX в., первая половина). Мн., 1998.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ГРАМА́ДСТВА сістэма сац. інстытутаў дзярж.-арганізаванага грамадства, якія ажыццяўляюць паліт. функцыі. Уключае дзяржаву, партыі палітычныя, прафсаюзы, царкву, інш. арг-цыі і рухі. У ёй вылучаюць: падсістэму паліт. ідэй, тэорый, поглядаў, эмоцый, пачуццяў, якія складаюць паліт. свядомасць; падсістэму паліт. адносін паміж грамадствам і дзяржавай, рознымі класамі і сац. групамі, дзяржавамі і г.д.; падсістэму паліт. ін-таў, якія ўтвараюць паліт. арг-цыю грамадства. Характарызуецца адаптаванасцю, звязанай з уменнем прыстасоўвацца да сац. асяроддзя і складанасцю, якая вызначаецца колькасцю яе элементаў і сувязямі, што існуюць паміж імі. Пры ўскладненні сац. асяроддзя, у якім яна функцыянуе, жыццёвае значэнне для яе мае пошук кампрамісаў і кансэнсусу сац. паліт. сіл шляхам прыняцця паліт. рашэнняў. Паводле характару паліт. рэжыму П.с.г. падзяляюцца на дэмакр., аўтарытарныя і таталітарныя; паводле гатоўнасці і здольнасці ўспрымаць інавацыі звонку — на адкрытыя і закрытыя; паводле характару ўзаемаадносін паміж цэнтрам і месцамі — на дэцэнтралізаваныя, цэнтралізаваныя і звышцэнтралізаваныя. Паводле прынцыпу легітымнасці адрозніваюць традыцыйныя, легальныя або харызматычныя. У аснове традыц. улады ляжыць вера ў свяшчэнны характар норм. Здзяйсненне легальнай улады грунтуецца на прызнанні добраахвотна ўстаноўленых юрыд. нормаў, накіраваных на рэгуляванне адносін кіравання і падпарадкавання. Харызматычная ўлада звязана з асобай лідэра, якога надзяляюць выключнымі рысамі. П.с.г. ўласцівы наяўнасць мноства актыўных удзельнікаў; фармалізацыя гэтых удзельнікаў па асаблівасцях іх арганізацыі і функцыянавання; працэдуры абмену інфармацыяй; спалучэнне канфрантацыі і ўзаемадапамогі паміж элементамі сістэм. У рамках П.с.г. адбываецца паліт. сацыялізацыя асобы, выпрацоўка паліт. праграм і курсаў, узгадненне інтарэсаў розных сац.-паліт. сіл з мэтай забеспячэння, захавання і ўмацавання адзінства і згоды ў грамадстве, размеркаванне рэсурсаў, фарміраванне і выкарыстанне грамадскай думкі і інш.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Іван Пятровіч (26.9.1849, г. Разань, Расія — 27.2.1936),

расійскі фізіёлаг, стваральнік вучэння пра вышэйшую нервовую дзейнасць. Акад. Пецярбургскай АН (1907, чл.-кар. 1901), акад. АН СССР (1925). Ганаровы чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875) і Медыка-хірург. акадэмію (1879). Працаваў у ёй і фізіял. лабараторыі пры клініцы С.​П.​Боткіна. З 1890 праф., заг. кафедры Ваенна-мед. акадэміі, адначасова з 1891 узначальваў аддзел Ін-та эксперым. медыцыны. З 1925 дырэктар Фізіял. ін-та АН СССР. Навук. працы па фізіялогіі кровазвароту і стрававання. Распрацаваў новыя метады эксперым. даследаванняў: хранічны дослед на жывёлах, дослед з уяўным кармленнем, аперацыю малога страўніка з захаваннем яго інервацыі і інш. Даследаваў нерв. механізмы рэгуляцыі крывянога ціску, даказаў наяўнасць асобнай нерв. рэгуляцыі дзейнасці сэрца, якая залежыць ад змены абмену рэчываў у сардэчнай мышцы. Стварыў вучэнне аб трафічнай функцыі нерв. сістэмы. У працах па фізіялогіі стрававання высветліў, што дзейнасць стрававальнага тракту рэгулюецца карой вял. паўшар’яў галаўнога мозга; у працах па вышэйшай нерв. дзейнасці метадам умоўных рэфлексаў даказаў, што ў аснове псіхічнай дзейнасці ляжаць фізіял. працэсы ў кары галаўнога мозга. Распрацаваў вучэнне пра другую сігнальную сістэму, адкрыў з’яву тармажэння ў кары галаўнога мозга, стварыў вучэнне пра сон, тыпы нерв. дзейнасці, ахоўнае тармажэнне і інш. Даследаванні П. па фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці зрабілі вял. ўплыў на развіццё фізіялогіі, медыцыны, псіхалогіі, педагогікі. Нобелеўская прэмія 1904.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973.

Літ.:

Бабский Е.Б. И.​П.​Павлов. 2 изд. М., 1959.

І.П.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ БО́МБА, атамная бомба,

бомба выбуховага дзеяння вял. разбуральнай сілы, якая ўзрываецца ад імгненнага выдзялення ядз. энергіі. Асн. часткі Я.б.: ядз. зарад (устройства, у якім адбываецца выбуховы працэс вызвалення ядзернай энергіі), зарад звычайнага выбуховага матэрыялу (напр., тратылу) і масіўная метал. абалонка.

На ядз. зарад выкарыстоўваюцца уран-233. -235 або плутоній-239. Умова ланцуговай ядзернай рэакцыі. якая вядзе да выбуху. — наяўнасць крытычнай масы ядз. зараду (некалькі кілаграмаў урану ці плутонію). Для прадухілення самаадвольнага выбуху зарад падзелены на адасобленыя часткі. Маса кожнай ч. ядз. зараду меншая за крытычную. Выбух звычайнага зараду імгненна збліжае часткі ядз. зараду і ўтварае крытычную масу. Узнікае ланцуговая ядз. рэакцыя з выдзяленнем вял. колькасці энергіі — ядзерны выбух. Метал. корпус Я.б. не дае заўчасна раскідацца ядз. зараду ў першапачатковы перыяд ядз. рэакцыі. Падзяляюць Я.б. на авіяц. і марскія глыбінныя. Выбух авіяц. Я.б. паражае светлавым выпрамяненнем. ударнай хваляй. пранікальнай радыяцыяй і радыеактыўным пылам. Магутнасць выбуху Я.б. ацэньваюць тратылавым эквівалентам — масай тратылу ў тонах. Першая Я.б. створана ў ЗША і выпрабавана там жа 16.7.1945. СССР выпрабаваў такую бомбу ў жн. 1949. У канцы 2-й сусв. вайны ЗША выкарысталі Я.б. з тратылавым эквівалентам 20 тыс. т пры бамбардзіроўцы яп. гарадоў Хірасіма і Нагасакі (у жн. 1945). Сучасныя Я.б. маюць тратылавы эквівалент ад дзесяткаў да млн. т. Гл. таксама Ядзерная зброя, Ядзерныя боепрыпасы.

А.​П.​Малыхін.

Прынцыповая схема ядзернай бомбы: а — з зарадам, падзеленым на 2 часткі; б — на некалькі частак; 1 — абалонка, 2 — выбуховае рэчыва, 3 — узрывальнік, 4 — накіравальны канал, 5 — плутоній, 6 — адбівальнік нейтронаў, 7 — нейтронная крыніца.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел фізікі. які ўключае эксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.

Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз. рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.​Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.​Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз. рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав. АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.

На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац. АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац. АН і інш.

Літ.:

Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;

Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.

Э.​А.​Рудак.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, Р.​Дэкарт, І.​Ньютан, М.​В.​Ламаносаў, К.​Лышчынскі, Б.​Спіноза, С.​Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД ДЗЕЯСЛО́ВА,

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны дзеяння (або стану) да рэчаіснасці; грамат. спосаб выражэння мадальнасці. Грамат. значэнне форм Л.дз. выводзіцца з іх моўнага ўжывання, што абумоўлівае прысутнасць суб’екта, які гаворыць (піша) і маўленне якога перадае суб’ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць да дзеяння (ацэнка дзеяння як жадаемага, магчымага, мяркуемага і г.д.). У залежнасці ад уласцівых ім мадальных значэнняў розныя мовы маюць розны набор парадыгматычных форм Л.дз. Адрозніваюць 2 тыпы Л.дз.: прамы і ўскосны. Прамым з’яўляецца індыкатыў (абвесны Л.дз.), які служыць для аб’ектыўнай канстатацыі факта ў яго адносінах да рэчаіснасці. Гэтым вызначаецца абавязковая наяўнасць індыкатыва ў мовах розных тыпаў. Ва ўскосных Л.дз. адлюстроўваюцца адносіны суб’екта маўлення да выказваемага, што і вызначае разнастайнасць парадыгмаў ускосных Л.дз. ў розных мовах.

У бел. мове 3 Л.дз.: абвесны, загадны і ўмоўны. Абвесны Л.дз. абазначае дзеянне, якое рэальна існуе, сцвярджаецца або адмаўляецца. Яму ўласцівы формы часу (цяперашняга, прошлага, будучага), асобы (за выключэннем безасабовых дзеясловаў) і ліку: «піша», «пісала», «будуць пісаць», «напішу», «не пісаў». Загадны Л.дз. выражае пабуджэнне да дзеяння, якое накіравана да інш. асобы (асоб), неадушаўлёных прадметаў або паняццяў, калі яны ўяўляюцца як адушаўлёныя (можа абазначаць заклік, загад, патрабаванне, прапанову, просьбу, параду). Асн. яго формы — 2-я асоба адзіночнага («ідзі») або мн. л. («ідзіце»), 1-я асоба мн. л. («ідзём»), апісальныя формы 3-й асобы адзіночнага і мн. л. з загаднай часціцай «няхай» («хай»): «няхай ідзе», «хай ідуць». Умоўны Л.дз. абазначае дзеянне, якое можа ці магло б адбыцца пры наяўнасці пэўных умоў. Выражаецца формамі прошлага часу дзеяслова ці інфінітыва з часціцай «бы» («б»): «спявалі б».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НЕ́КА Луцый Аней (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),

старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн. філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.​Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, С.​Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.​Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.​К.​Сарбеўскі, С.​Лаўксмін, Т.​Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.

Тв.:

Рус. пер. — Трагедии. М., 1991;

Нравственные письма к Луцилию. М., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМ Ігар Яўгенавіч (8.7.1895, г. Уладзівасток, Расія — 12.4.1971),

расійскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1961) і АН інш. краін. Герой Сац. Працы (1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Выкладаў у ВНУ Сімферопаля і Адэсы. У 1924—41 і 1954—57 у Маскоўскім ун-це (з 1930 праф., заг. кафедры). З 1934 у Фіз. ін-це АН СССР (заг. аддзела). У 1948—53 удзельнічаў у стварэнні першай вадароднай бомбы ў СССР. Навук. працы па квантавай механіцы, тэорыі цвёрдага цела, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў і інш. Стварыў квантавую тэорыю рассеяння святла ў крышталях (1930). Заклаў асновы квантава-мех. тэорыі фотаэфекту ў металах (1931; з С.​П.​Шубіным). Прадказаў існаванне звязаных энергет. станаў электрона на паверхні крышталя (узроўні Т.; 1932). Заклаў асновы палявой тэорыі парных ядз. сіл (1934; адначасова з Дз.​Дз.Іваненкам). Прадказаў наяўнасць у нейтрона магн. моманту (1934; з С.А.Альтшулерам). Стварыў тэорыю Чаранкова—Вавілава выпрамянення (1937; з І.М.Франкам). Даказаў суадносіны невызначальнасці «энергія—часу» нерэлятывісцкай квантавай механіка (1945; з Л.Л.Мандэльштамам). Распрацаваў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара (1950; з А.​Дз.Сахаравым). Нобелеўская прэмія 1958 (з Франкам, П.А.Чаранковым). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1953. Вялікі залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР 1967.

Тв.:

Нобелевские лекции. М., 1960 (разам з П.​А.​Чаранковым, І.​М.​Франкам);

Собр. научных трудов. Т. 1—2. М., 1975;

Основы теории электричества. 10 изд. М., 1989.

Літ.:

Воспоминания о И.​Е.​Тамме. 2 изд М., 1986;

Фейнберг Е.Л. И.​Е.​Тамм // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, вып. 7;

Капица. Тамм. Семенов: В очерках и письмах. М., 1998.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Я.Там.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАЛІ́ЗМ (ад лац. fatalis наканаваны лёсам),

светапогляд, заснаваны на ўпэўненасці ў няўхільнай наканаванасці ўсіх падзей у прыродзе, грамадстве, асабістым жыцці чалавека. Перабольшвае ролю неабходнасці, не пакідаючы месца выпадковасці, свабодзе выбару, творчасці (гл. Свабода). Грунтуецца на веры ў наяўнасць прыродных ці боскіх сіл, што прадвызначаюць неабходнасць. Асуджае людзей на пасіўнасць, бо адмаўляе значэнне свабоднай дзейнасці як сродку рэалізацыі аб’ектыўнай неабходнасці. Адрозніваецца ад прызнання аб’ектыўнай неабходнасці — незалежных ад волі і жаданняў людзей законаў прыроды і грамадства, пазнанне якіх дае магчымасць чалавеку ўплываць на ход падзей у сваіх інтарэсах. Вылучаюць Ф. міфалагічны, рэліг. і філас.-рацыяналістычны.

Міфалагічны Ф. грунтуецца на ўяўленнях пра няўхільную залежнасць людзей і нават багоў ад сляпога лёсу. Рэлігійны Ф. характэрны для монатэістычных рэлігій і выяўляецца ў веры ў божае наканаванне, ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў сусвет і прадвызначыў яго лёс (гл. Правідэнцыялізм). Шэраг рэліг. кірункаў (джабратызм у ісламе, кальвінізм у хрысціянстве) прапаведуе абсалютнае прадвызначэнне Богам учынкаў людзей. У большасці ж тэалагічных канцэпцый Ф. абмежаваны, паколькі без прызнання свабоды волі немагчыма абгрунтаваць неабходнасць выбару паміж дабром і злом, маральную адказнасць чалавека перад Богам. Філасофска-рацыяналістычны Ф. найб. ярка выявіўся ў стаіцызме, згодна з якім усе падзеі ў свеце прадвызначаны законамі, іманентнымі самому свету; добраахвотнае прытрымліванне гэтых законаў дазваляе пазбягаць прымусу і таму з’яўляецца ўмовай чалавечай свабоды. У 16—18 ст. прыхільнікі механіст. дэтэрмінізму сцвярджалі, што і з’явы прыроды, і ўчынкі людзей вызначаюцца ланцугом прычынна-выніковых сувязей, якія выключаюць выпадковасці і свабоду дзеянняў (Т.​Гобс, П.​А.​Гольбах і інш.). У 20 ст. элементы Ф. характэрны для філас.-гіст. тэорый О.Шпенглера, А.​Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна. Гл. таксама Неабходнасць і выпадковасць, Свабода і неабходнасць.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)