ПІ́КТЫ (лац. Picti),
назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,
тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.
т. 12, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБЕ́КІ (саманазва узбек),
народ, асн. насельніцтва Узбекістана (14,145 млн. чал., 1989). Жывуць таксама ў Афганістане (больш за 1,7 млн. чал.), Таджыкістане (каля 1,2 млн. чал.), Казахстане (332 тыс. чал.), Кыргызстане, Туркменістане і інш. Агульная колькасць 18,5 млн. чал. Гавораць на узбекскай мове. Вернікі мусульмане-суніты.
т. 16, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ХІ (саманазва чэшы),
народ, асноўнае насельніцтва Чэхіі (9,68 млн. чал., 2002). Жывуць таксама ў Канадзе (55 тыс. чал.), Славакіі (54,2 тыс. чал.), Германіі (27 тыс. чал.) і інш. Агульная колькасць 10,38 млн. чал. (1995). Гавораць на чэшскай мове. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя.
т. 17, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГА́МБУРГ»
(«Hamburg»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».
т. 5, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЭКСА́ЦЫЯ,
карэкціроўка грашовых даходаў насельніцтва (заработнай платы, каштоўных папер, укладаў і г.д.) у залежнасці ад узроўню інфляцыі. Сутнасць І. ў пераразліку даходаў, зыходзячы з росту цэн на тавары і паслугі і зніжэння таварнага забеспячэння грашовай адзінкі. Ажыццяўляецца памнажэннем намінальнай велічыні даходу (уклады і г.д.) на індэкс інфляцыі. Можа быць рэтраспектыўнай (звернутая да мінулага перыяду), калі страты, выкліканыя ростам цэн у мінулым перыядзе, кампенсуюцца ў бягучым, і чакаемай (папераджальнай), калі страты пакрываюцца ў сувязі з чаканнем росту цэн. Частковая кампенсацыя даходаў насельніцтву можа ажыццяўляцца ў залежнасці ад памеру даходу. Напр., першы памер мінім. заработнай платы індэксуецца поўнасцю, другі — часткова. У гэтым выпадку дыферэнцыяцыя памераў І. выключае частку даходаў пераважна больш кваліфікаванай часткі працуючых (у каго памер заработнай платы большы), але дазваляе абараніць частку насельніцтва з малымі даходамі, перш за ўсё пенсіянераў, студэнтаў і інш. Адрозніваюць поўную і частковую І. даходаў.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял. Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.А.Несцерука (1-ы сакратар), Ф.К.Гурмана (2-і сакратар), П.Л.Мурашкі (3-і сакратар), А.С.Гурынчука, П.Ф.Жука, К.А.Замулкі, М.Х.Несцерука, В.М.Хоміча, А.Я.Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.
т. 7, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),
польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.
А.М.Чарнякевіч.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,
штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.
т. 4, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ТЫ (лац. Britto),
кельцкія плямёны, асн. насельніцтва Брытаніі ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З сярэдзіны 1 да пач. 5 ст. н.э. пад уладай рымлян, часта паўставалі. Ацалелая ў ходзе англасаксонскага заваявання (5—6 ст.) частка брытаў склала адзін з элементаў пры фарміраванні англ. народнасці.
т. 3, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)