ІНДЭКСА́ЦЫЯ,
карэкціроўка грашовых даходаў насельніцтва (заработнай платы, каштоўных папер, укладаў і г.д.) у залежнасці ад узроўню інфляцыі. Сутнасць І. ў пераразліку даходаў, зыходзячы з росту цэн на тавары і паслугі і зніжэння таварнага забеспячэння грашовай адзінкі. Ажыццяўляецца памнажэннем намінальнай велічыні даходу (уклады і г.д.) на індэкс інфляцыі. Можа быць рэтраспектыўнай (звернутая да мінулага перыяду), калі страты, выкліканыя ростам цэн у мінулым перыядзе, кампенсуюцца ў бягучым, і чакаемай (папераджальнай), калі страты пакрываюцца ў сувязі з чаканнем росту цэн. Частковая кампенсацыя даходаў насельніцтву можа ажыццяўляцца ў залежнасці ад памеру даходу. Напр., першы памер мінім. заработнай платы індэксуецца поўнасцю, другі — часткова. У гэтым выпадку дыферэнцыяцыя памераў І. выключае частку даходаў пераважна больш кваліфікаванай часткі працуючых (у каго памер заработнай платы большы), але дазваляе абараніць частку насельніцтва з малымі даходамі, перш за ўсё пенсіянераў, студэнтаў і інш. Адрозніваюць поўную і частковую І. даходаў.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)