заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.
На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.
М.З.Ягоўдзік.
С.Г.Кароль.У.А.Кароль.Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі пры к>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца пры ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал.крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́КША (Леанід Януаравіч) (19.4.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 9.12.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1955). Настаўнічаў, працаваў у рэдакцыях газет, з 1956 у час. «Коммунист Белоруссии», рэдактар газ. «Голас Радзімы», у 1969—72 гал. рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1937. Пісаў на рус., бел., польскай мовах. Аўтар зб. апавяданняў і нарысаў «Крыніца прыгажосці» (1960), кніг памфлетаў «Камедыянты» (1961), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Візітная картка народа» (1972), дакумент. аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), рамана «Пакуль жывеш на свеце» (1980) пра першыя пасляваен. гады ў зах. абласцях Беларусі, Украіны, у Польшчы, зб-каў гумарыст. апавяданняў «Каб жылося-вялося» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972). Пісаў для дзяцей (кн. «Хлопчык у вялікіх чаравіках», 1963; «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі», 1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭВІ́ЗІЯ ПУ́ШЧАЎ І ПЕРАХО́ДАЎ ЗВЯРЫ́НЫХ У БЫЛЫ́М ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВЕ ЛІТО́ЎСКІМ»
(«Ревизия пущи переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилегий на входы в пущи и на земли, составленная старостою мстибоговским Григорием Богдановичем Воловичем в 1559 г., с прибавлением другой актовой книги, содержащей в себе привилегии, данные дворянам и священникам Пинского повета, составленной в 1554 году»),
выданне гасп.-юрыд. дакументацыі дзярж. і прыватных уладанняў ВКЛ сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1867). Змяшчае «Реистр списанья и выведанья пущ и переходов звериных», складзены ў 1559 Р.Б.Валовічам па даручэнні вял.кн.ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. У дакуменце дадзена апісанне дзярж, пушчаў у паўн. Украіне, паўд. і зах. Беларусі і Літве з пазначэннем іх межаў на карце (не збераглася). Адзначаны «оступы» — месцы палявання, сёлы ў пушчах, колькасць у іх «службаў» і людзей. Адначасова з правядзеннем апісання была зроблена праверка правоў навакольнай шляхты на валоданне землямі і карыстанне пушчамі. Выданне — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі, мае вялізны матэрыял па гіст. геаграфіі, анамастыцы, генеалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСАЦЫ́ЙНЫЯ ВАГА́ННІ,
від аўтаваганняў, якія па форме рэзка адрозніваюцца ад гарманічных ваганняў з-за рассеяння энергіі ў вагальных сістэмах. Узнікаюць пад уздзеяннем дысіпатыўных сіл, напр., сілы трэння ў мех. і актыўнага супраціўлення ў эл. сістэмах. Характэрная асаблівасць Р.в. — немагчымасць іх узнікнення пры адключэнні крыніцы сілкавання ад аўтавагальнай сістэмы.
Рассейванне энергіі вядзе да таго, што энергія, засяроджаная ў адным з двух (ці больш) назапашвальнікаў сістэмы, не перадаецца поўнасцю інш. назапашвальніку, як у сістэмах, дзе адбываюцца гарманічныя ваганні. Калі ў сістэме мае пераважнае значэнне толькі адзін з энергаёмістых параметраў (напр., ёмістасць пры нязначнай індуктыўнасці ці жорсткасць спружыны пры малой масе), то кожны перыяд Р.в. можна падзяліць на некалькі рэзка размежаваных прамежкаў часу, якія адпавядаюць павольнай і хуткай змене стану сістэмы, і разглядаць Р.в. ў такіх сістэмах, як разрыўныя ваганні. Эл. Р.в., якія ўтвараюцца, напр., у блокінг-генератарах, мультывібратарах, RC-генератарах, выкарыстоўваюцца ў вымяральнай тэхніцы, тэлекіраванні і інш.
Да арт.Рэлаксацыйныя ваганні: а — схема рэлаксацыйнага генератара; б — графік змены сілы току ў контуры; E — крыніца току; R — супраціўленне; C — кандэнсатар; Uc — напружанне на кандэнсатары; Ic — ток праз кандэнсатар; Λ — неонавая лямпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць устаноўленых або санкцыяніраваных дзяржавай прававых і лакальных норм, прынятых ва ўстаноўленым парадку самімі юрыд. асобамі. Вызначае асн. прынцыпы, формы і парадак арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулюе іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі с.-г. аграпрамысловых прадпрыемстваў і аб’яднанняў і інш. грамадзянамі ў сувязі з вядзеннем імі сельскай гаспадаркі. Гал.крыніца С.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Нормы С.п. ёсць таксама ў інш. галінах права (зямельнага, гаспадарчага, працоўнага і інш.). Асн. інстытуты С.п.: прававое становішча с.-г. прадпрыемстваў, вытв. аб’яднанняў у сельскай гаспадарцы; прававы статус работнікаў сельскай гаспадаркі; арганізацыйна-прававыя формы ўнутрыгаспадарчага кіравання с.-г. прадпрыемствамі і аб’яднаннямі; права землеўладання і землекарыстання с.-г. прадпрыемстваў, аб’яднанняў і грамадзян; прававы рэжым маёмасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; прававое рэгуляванне арганізацыі, дысцыпліны і аховы працы на с.-г. прадпрыемствах; прававое рэгуляванне аплаты працы ў сельскай гаспадарцы; прававое рэгуляванне вытворча-гаспадарчай і фінансавай дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў; дагаворныя адносіны; прававое рэгуляванне сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і асабістай падсобнай гаспадаркі ў сельскай мясцовасці; адказнасць за парушэнне с.-г. заканадаўства.