хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць мыш’як. Найб. шырока выкарыстоўваюць аксіды і халькагеніды мыш’яку, арсеніды і шматлікія мыш’якарганічныя злучэнні.
Мыш’яку аксіды — злучэнні мыш’яку з кіслародам. Сэсквіаксід (мыш’яковісты ангідрыд ці белы мыш’як) As2O3 — белае цвёрдае рэчыва. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае не вылучаныя ў свабодным стане ортамыш’яковістую H3AsO3 і металамыш’яковістую HAsO2 к-ты; пры ўзаемадзеянні са шчолачамі ўтварае арсеніты. Тэхн. атрымліваюць акісляльным абпалам сульфідных мінералаў мыш’яку. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку і яго злучэнняў, кансервавання скуры і футра, у вытв-сці аптычнага шкла, як інсектыцыд і некратызавальны лек. сродак. Аксід мыш’яку(V), ці мыш’яковы ангідрыд As2O5 — бясколерныя крышталі. Пры награванні раскладаецца на As2O3 і кісларод. Добра раствараецца ў вадзе, утварае ортамыш’яковую к-ту H3AsO4, солі якой наз.арсенатамі. Выкарыстоўваюць як гербіцыд, антысептык для прамочвання драўніны. Мыш’яку гідрыд (арсін, мыш’яковісты вадарод) AsH3 — газ без колеру і паху (часам мае часночны пах, абумоўлены наяўнасцю прадуктаў частковага акіслення AsH3). Пры т-ры каля 500 °C раскладаецца. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку высокай чысціні, легіравання паўправадніковых матэрыялаў мыш’яком. Мыш’яку халькагеніды, злучэнні мыш’яку з серай — сульфіды As2S3 (у прыродзе — мінерал аўрыпігмент), As4S4 (мінерал рэальгар), As4S3 (мінерал дымарфіт) i As2S5, з селенам — селеніды As2Se3 і As4Se4, з тэлурам — тэлурыд As2Te3. Усе халькагеніды, акрамя As2S5 (аморфнае рэчыва аранжавага колеру, крышталізуецца пад высокім ціскам), крышт. рэчывы. Устойлівыя ў паветры, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў растворах шчолачаў. As2S3, As2Se3 i As2Te3 — паўправаднікі. Атрымліваюць сплаўленнем элементаў у вакууме ці інертным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як кампаненты халькагеніднага шкла, для вырабу валаконных святлаводаў у інфрачырв. вобласці спектра і інш. Усе растваральныя ў вадзе і слабакіслым асяроддзі (напр., страўнікавы сок) М.з. надзвычай атрутныя; злучэнні As(III) больш атрутныя за злучэнні As(V), асабліва небяспечныя AsH3 і AS2O3. ГДК мыш’яку і М.з. у паветры (у пераліку на мыш’як) 0,5 мг/м³, для AsH3 — 0,1 мг/м³.
парода малочнага кірунку. Выведзена ў 16 ст. ў Германіі на п-ве Ангельн на аснове мясцовай бура-чырвонай жывёлы. Гадуюць у многіх краінах Еўропы. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях пры вывядзенні і ўдасканаленні чырвоных парод жывёлы. За апошнія 10—15 гадоў дзякуючы селекцыі англерская парода набыла і добрыя мясныя якасці.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, лёгкім касцяком, добра развітым вымем. Масць чырвоная рознага адцення (ад светлага да цёмнага). Жывая маса дарослых кароў 500—580, быкоў 850—1000 кг. Парода познаспелая, інтэнсіўнасць росту невысокая. Надой кароў за лактацыю 4460—4900 кг пры сярэдняй тлустасці малака 4,6—5%, рэкордны надой — больш за 10 тыс.кг. Забойны выхад у кароў 49% і больш, у быкоў на адкорме — 58%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],
драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.
Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),
атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд.ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс.га (у т. л. 15 тыс.га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),
род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГІ (Somateria),
род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).
Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТО́ЗА,
прыродны монацукрыд з групы гексозаў. Існуе ў ацыклічнай (піранознай) і цыклічнай (фуранознай) формах, L-галактоза ўваходзіць у састаў поліцукрыдаў чырвоных водарасцей, D-галактоза вельмі пашырана ў прыродзе, уваходзіць у састаў алігацукрыдаў (рафінозы, мелібіёзы, стахіёзы), некат. гліказідаў, раслінных і бактэрыяльных поліцукрыдаў (розных камедзей і слізей, галактанаў, пекцінавых рэчываў, геміцэлюлоз, сапанінаў, гуміарабікаў, глікаліпідаў хларапластаў, глікапратэінаў, антацыянаў і інш.). У арганізме жывёлы і чалавека галактоза — састаўная частка лактозы, групаспецыфічных поліцукрыдаў і інш. злучэнняў. У біял. тканках галактоза ператвараецца ў глюкозу, таксама ў аскарбінавую і галактуронавую к-ты. Зброджваецца т.зв. лактознымі дражджамі. Добра растваральная ў вадзе, дрэнна — у спірце. У жывёльных і раслінных тканках D-галактоза можа ўключацца ў гліколіз. У чалавека спадчынная адсутнасць гэтага ферменту вядзе да немагчымасці утылізаваць D-галактозу з лактозы і выклікае захворванне — галактаземію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).