КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.​Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і інш.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),

туркменскі драматург. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1968.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 20.3.1954, в. Бабчын Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1969. Вострыя праблемы сучаснасці, гонар за свой край, трывога за лёс народа, праблемы духоўнасці — асн. пафас паэзіі М.: зб-кі «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Ружа вятроў» (1987), «Шлях чалавечы» (1989), «Блаславенне», «Палескі смутак» (абодва 1991), «Чаканне сонца» (1994), «Хойніцкі сшытак» (1999). Кніга «Бабчын» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) — своеасаблівы помнік роднай вёсцы, адселенай у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.

І.​У.​Саламевіч.

М.Мятліцкі.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Навагрудскі парк. Схема.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМ,

адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.

Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе C — эл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (10​6 Ом) кілаом (10​3 Ом), міліом (10​−3 Ом), мікраом (10​−6 Ом) і інш.

А.​І.​Болсун.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКІ БОЙ 1942 у Вялікую Айчынную вайну,

бой Расонскай партыз. брыгады імя Сталіна па разгроме гарнізона ням. фашыстаў (больш за 300 гітлераўцаў) у г.п. Расоны Віцебскай вобл. 19 вер. Летам 1942 партызаны перарэзалі ўсе камунікацыі, што вялі ў Расоны, і пачалі блакаду гарнізона. Да сярэдзіны верасня разграмілі навакольныя апорныя пункты ворага ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, Сівошына і інш. У ноч на 19 вер. артабстрэлам умацаванняў гарнізона партызаны вымусілі гітлераўцаў са стратамі ў жывой сіле і ўзбраенні пакінуць Расоны. У гонар гэтага бою ў Расонах пастаўлены помнік.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТА́Н ((Rostand) Эдмон) (1.4.1868, г. Марсель, Францыя — 2.12.1918),

французскі драматург і паэт-неарамантык. Чл. Франц. акадэміі (з 1901). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як драматург у канцы 1880-х г. Вядомасць прынеслі камедыя «Рамантыкі» (паст. 1894), драмы «Прынцэса Мара» (паст. 1895), «Самарыцянка» (паст. 1897). Найб. вядомая яго п’еса «Сірано дэ Бержэрак» (паст. 1897), у якой стварыў рамант. вобраз паэта-вальнадумца, гуманіста, абаронца свабоды і незалежнасці чалавечай асобы. Аўтар гіст. драмы «Арляня» (паст. 1900), сатыр. п’есы «Шантэклер» (паст. 1910), зб-каў вершаў «Палёт «Марсельезы» (выд. 1919), «Песня ў гонар крылаў» (выд. 1922) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1983.

А.​В.​Хадановіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДО́Н ((Redon) Адылон) (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),

французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.​Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.​Л.​Жэрома. Зазнаў уплыў Р.​Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.

А.Рэдон. Заплюшчаныя вочы. 1890.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),

Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс. км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.​Схаўтэнам і Я.​Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)