маральнае патрабаванне; неабходнасць выканання чалавекам пэўных дзеянняў, якія вызначаюцца грамадствам і ў аднолькавай ступені адносяцца да ўсіх яго членаў. Па значэнні блізкі да паняцця доўг, у якім агульны, універсальны характар грамадска значных патрабаванняў ператвараецца ў асабістую задачу канкрэтнага індывіда, абумоўленую акалічнасцямі яго жыцця. Да асн. грамадзянскіх абавязкаў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца: выкананне законаў рэспублікі, павага да яе нац. традыцый, годнасці, правоў, законных інтарэсаў інш. асоб; зберажэнне прыроды, культ. спадчыны, абарона Радзімы, клопат пра дзяцей, бацькоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),
удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд. Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.
інфекцыйная хвароба пчаліных сем’яў, узбуджальнік якой спораўтваральны мікроб (Bacillus larvae). Пашыраны ўсюды. Перадаецца праз хворых пчол, якія загінулі, праз мёд, соты, інвентар, паразітаў пчол і інш.
У пашкоджанай пчалінай сям’і расплод стракаты, рознаўзроставы. Вечкі ячэек пацямнелыя, лейкападобна ўціснутыя. Лічынкі ва ўзросце акуклівання трацяць сегментацыю, іх скурка танчэе, тканкі распадаюцца і ператвараюцца ў клейкую, цягучую масу колеру кавы, з пахам сталярнага клею. Лячэнне: цукровы сіроп з дабаўленнем сульфаніламідаў, антыбіётыкаў і інш. Прафілактыка: дэзінфіцыраванне вулляў, інвентару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАСПІРТЫ́,
арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНЕЗІ́Я (ад а... + грэч. mnesis успамін),
адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМСТЭРДА́МСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ, Міжнародная федэрацыя прафсаюзаў,
міжнар. аб’яднанне рэфармісцкіх прафсаюзаў у 1919—45. Створаны на кангрэсе ў Амстэрдаме. Гал. мэты: развіццё міжнар.сац. заканадаўства, барацьба з мілітарызмам і рэакцыяй, падтрымка міжнар.прафс. дзеянняў. Кіраўнікі Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў рэалізоўвалі ў прафс. руху палітыку с.-д. партый, якія належалі да Інтэрнацыянала 2-га. Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў аб’ядноўваў пераважна прафцэнтры краін Зах. Еўропы (14 краін, 17 738 тыс.чал. у 1919; 26 краін, 19 425 тыс.чал. у 1937). Распушчаны пасля стварэння Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),
тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз.гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ, капялюш,
мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.