КАМІ́ЦЫІ (лац. comitia),
нар. сходы ў Стараж. Рыме, на якіх выбіралі службовых асоб, прымалі законы, вырашалі пытанні вайны і міру. Было 3 віды: курыятныя К. — сходы па курыях, цэнтурыятныя К. — па цэнтурыях, трыбутныя К. — сходы ўсіх грамадзян па тэрытарыяльных акругах (трыбах). Склікаліся ў вызначаныя дні і ў спец. месцах, якія рымляне лічылі свяшчэннымі (напр., на Марсавым полі, Форуме). Функцыі К. абмежаваў Сула, у часы Аўгуста яны страцілі сваё значэнне.
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)