гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс.ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,
праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс.чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.
На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́Й МІХА́ЙЛАВІЧ (19.3.1629—29.1.1676),
рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл.Раскол), мытныя (гл.Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш. рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),
рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.
Літ.:
Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст.пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. ПасляВял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТАЎ (Павел Іванавіч) (1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),
генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав.к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. СаветаСССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТЫК (малайскае),
тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.Дзёмкінай, С.Абрамовіч, Т.Паплаўскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав.эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял.Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.