КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),
дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.