шляхецкі род ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі. Меў 3 лініі: бел.-літ. з гербам «Шранява», украінскую і галіцкую. Упамінаюцца з 14—15 ст.Найб. вядомыя:
Ігнацій (1397—1470), пачынальнік бел.-літ. лініі роду, полацкі намеснік. Францішак (каля 1700, Міншчына — каля 1761), генерал войск Рэчы Паспалітай і Расіі, ад’ютант А.Д.Меншыкава. Ежы (1734—1805), палкоўнік войск Рэчы Паспалітай, удзельнік Барскай канфедэрацыі, ваен. дзеянняў супраць рас. войск у 1792, паўстання 1794. Пасля ў эміграцыі, змагаўся ў легіёнах Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах. Антон (1774, мяст. Свіслач — 1838), генерал войск Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць рас. войск у 1792, паўстанні 1794, змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. У 1812 ваен. міністр Варшаўскага герцагства. Арцём Ігнатавіч, гл.Вярыга-Дарэўскі А.І. Кацярына Канстанцінаўна, гл.Брэшка-Брашкоўская К.К. Эдмунд Іванавіч, гл.Вярыга Э.І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЦАВІЧЫ,
горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Цна. Чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад г. Брэст. 15,9 тыс.ж. (1997).
У 2-й пал. 19 ст. вёска Слуцкага пав. Мінскай губ., уладанне графа С.Чапскага. Паслябуд-ва Палескіх чыгунак — мястэчка, працавалі смалакурня, піларама. У 1897—633 ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічаў завод, дзе выраблялася аконнае, люстраное і высакаякаснае багемскае (т.зв. бемскае) шкло. З 1921 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 30.6.1941 да 7.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ганцавічах і раёне 8726 чал. У 1959 — 3,5 тыс.ж. З 25.12.1962 да 30.7.1966 у Ляхавіцкім р-не. З 6.12.1973 горад.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лясной прам-сці. Курган Славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасляКастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Фадзей Антонавіч) (5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),
жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянер АМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.Гарэцкага (1843), А.Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.Клота (1850), аўтапартрэта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл.Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМРум.Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕД (Guesde) Жуль [сапр.Базіль
(Basile) Мацьё; 11.11.1845, Парыж — 28.7.1922], дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, адзін з лідэраў 2-га Інтэрнацыянала. Паліт. кар’еру пачынаў як радыкальны журналіст-рэспубліканец. За падтрымку ў прэсе Парыжскай камуны асуджаны на 5 гадоў, але паспеў эмігрыраваць. Кантакты з К.Марксам, Ф.Энгельсам, П.Лафаргам спрыялі пераходу Геда на пазіцыі навук. сацыялізму. Для прапаганды марксізму ў рабочым руху засн. у 1877 газ. «L’Égalité» («Роўнасць»). Адзін з заснавальнікаў (1879) і кіраўнік (у 1880—1901) Рабочай партыі Францыі. Гед і яго прыхільнікі (гедысты) змагаліся з рознымі плынямі ў рабочым руху (пруданізмам, анархізмам, пасібілізмам),
пазней занялі цэнтрысцкія пазіцыі. Гед — адзін з заснавальнікаў (1901) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Францыі, а пасля яе аб’яднання (1905) з Франц.сацыяліст. партыяй (засн. ў 1902) у адзіную сацыяліст. партыю — адзін з яе лідэраў. У 1893—98 і 1906—22 дэпутат парламента, лідэр сацыяліст. фракцыі. У 1914—15 дзярж. міністр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙШТАР (Якуб) (Якуб Казімір Станіслаў) Станіслававіч (18.4.1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага пав., цяпер Кедайнскі р-н Літвы — 15.11.1897),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це (1844—48). З пач. 1860-х г. адзін з кіраўнікоў памешчыцкай партыі «белых» у Літве і Беларусі. У лют. 1863 узначаліў паўстанцкі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, выступаў супраць К.Каліноўскага і інш.рэв. дэмакратаў. 12.8.1863 арыштаваны, высланы напачатку ва Уфу, пасля новага следства — на катаргу ў Сібір. З 1873 у Варшаве. Аўтар «Успамінаў 1857—1865 гадоў» (1913), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863—64.
Літ.:
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона I надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц.акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскагапасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.