ВЯРЫ́ГІ
(Дарэўскія, Вярыгі-Дарэўскія, Вярыгі-Дароўскія),
шляхецкі род ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі. Меў 3 лініі: бел.-літ. з гербам «Шранява», украінскую і галіцкую. Упамінаюцца з 14—15 ст. Найб. вядомыя:
Ігнацій (1397—1470), пачынальнік бел.-літ. лініі роду, полацкі намеснік. Францішак (каля 1700, Міншчына — каля 1761), генерал войск Рэчы Паспалітай і Расіі, ад’ютант А.Д.Меншыкава. Ежы (1734—1805), палкоўнік войск Рэчы Паспалітай, удзельнік Барскай канфедэрацыі, ваен. дзеянняў супраць рас. войск у 1792, паўстання 1794. Пасля ў эміграцыі, змагаўся ў легіёнах Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах. Антон (1774, мяст. Свіслач — 1838), генерал войск Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць рас. войск у 1792, паўстанні 1794, змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. У 1812 ваен. міністр Варшаўскага герцагства. Арцём Ігнатавіч, гл. Вярыга-Дарэўскі А.І. Кацярына Канстанцінаўна, гл. Брэшка-Брашкоўская К.К. Эдмунд Іванавіч, гл. Вярыга Э.І.
А.М.Філатава.
т. 4, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)