ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,
польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.
Літ.:
Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл. Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
т. 12, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі, які вывучае пластычнае дэфармаванне (пластычнасць) цел. Займаецца пабудовай матэм. мадэляў пластычных цел, метадамі вызначэння напружанняў механічных і дэфармацый у пластычна дэфармаваных целах пад уздзеяннем нагрузак, т-р і інш. Выкарыстоўваецца пры разліку канструкцый, збудаванняў, машын, тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў ціскам (коўкі, штампоўкі і інш.), шэрагу прыродных працэсаў (напр., гораўтварэння, дрэйфу кантынентаў).
П.т. разглядае целы, якія не падпарадкоўваюцца законам пругкасці (гл. Пругкасці тэорыя) з пачатку прыкладання знешніх уздзеянняў (пластычнае цела) або з некаторай стадыі нагружэння (пругка-пластычнае цела). Зыходныя даныя атрымліваюць эксперыментальна пры выпрабаваннях узораў на расцяжэнне-сцісканне. Найб. развітыя тэорыі: пластычнага цячэння (устанаўлівае сувязь паміж тэнзарам напружанняў і тэнзарам прырашчэнняў пластычнай дэфармацыі), ідэальнай пластычнасці, пругкапластычных працэсаў, дэфармацыйныя тэорыі пластычнасці.
Літ.:
Соколовский В.В. Теория пластичности. 3 изд. М., 1969;
Ивлев Д.Д., Быковцев Г.И. Теория упрочняющегося пластического тела. М., 1971;
Ильюшин А.А. Пластичность: Основы общей мат. теории. М., 1963;
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975.
І.І.Леановіч.
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЙМАНАВА ((Pujmanová) Марыя) (8.6.1893, Прага — 19.5.1958),
чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб. аўтабіягр. апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.Паўтаржыцкі, У.Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1960—61.
Літ.:
Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.
А.У.Вострыкава.
т. 13, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс. н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.
А.А.Макушнікаў.
т. 13, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТЫЙ (лац. Lithium),
Li, хімічны элемент I гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 3, ат. м. 6,941, адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 6Li (7,52%) і 7Li (92,48%). У зямной кары 6,510−3 % па масе (гл. Літыевыя руды). Адкрыты ў 1817 швед. хімікам А.Арфведсанам у мінерале петаліце; назва ад грэч. lithos — камень. Л. метал. атрыманы ў 1818 англ. хімікам Г.Дэві.
Мяккі і пластычны серабрыста-беды метал, tпл 180,54 ○С, шчыльн. 533 кг/м³ (самы лёгкі метал). Узаемадзейнічае з вадой, бурна з разбаўленымі мінер. к-тамі (утварае солі; гл. Літыю злучэнні), з галагенамі (з ёдам пры награванні), кіслародам і азотам. У паветры хутка цьмянее з-за ўтварэння Л. нітрыду Li3N і аксіду Li2O. Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам, вугляродам, серай і інш. неметаламі. З металамі ўтварае інтэрметаліды. Важнейшымі злучэннямі Л. з’яўляюцца літыйарганічныя злучэнні. Захоўваюць Л. у герметычных бляшанках пад слоем сумесі парафіну з мінер. маслам. Атрымліваюць электролізам расплаўленай сумесі хларыдаў Л. і калію (ці барыю). Выкарыстоўваюць у вытв-сці анодаў для хім. крыніц току, як кампанент сплаваў магнію і алюмінію, антыфрыкцыйных сплаваў (бабітаў), як каталізатар полімерызацыі; вадкі — у якасці цепланосьбіта ў ядз. рэактарах; ізатоп 6Li — у вытв-сці трытыю. Пры кантакце выклікае апёкі вільготнай скуры і вачэй, пры пападанні ў арганізм — слабасць, санлівасць, галавакружэнне.
І.В.Боднар.
т. 9, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ (Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),
французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).
Тв.:
Рус. пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;
У кн.: Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс. чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал. гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРО́ЎНА,
гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.Чачот. Яе запісалі Е.Раманаў, М.Федароўскі, У.Вярыга, П.Шэйн, Р.Шырма і інш. Я.Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».
Літ.:
Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.
Л.М.Салавей.
т. 2, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)