РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала зліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне пад кіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,
архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял.кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным знайб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.
Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.Міхайлавым і С.Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.Давыдаву, пісьменнікам М.Загоскіну, І.Лажэчнікаву, гісторыкам М.Пагодзіну, С.Салаўёву і інш.З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл.гл. таксама да арт.Беларуская рэзь.
Літ.:
Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;
Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;
Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Альфрэд) (30.7.1868, г. Эрфурт, Германія — 2.5.1958),
нямецкі эканаміст і сацыёлаг. Брат М.Вебера. Праф. эканомікі і сацыялогіі Пражскага (1904—07) і Гейдэльбергскага (1907—58) ун-таў. Аўтар тэорыі размяшчэння прам-сці; вызначальным у размяшчэнні прамысл. прадпрыемстваў лічыў зручнасць адносна крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы, магчымасць кааперавання зінш. суседнімі прадпрыемствамі, наяўнасць трансп. шляхоў зносін, што павінна макс. зменшыць выдаткі вытв-сці. «Сацыялогія гісторыі і культуры» Вебера сфарміравалася пад уплывам брата і В.Дзільтэя. Гісторыю расчляняў на 3 працэсы: сацыяльны (фарміраванне сац. ін-таў і структуры), цывілізаваны (паступальнае развіццё тэхнікі і прыродазнаўства, якое вядзе да уніфікацыі) і культурны (творчасць у форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі). Яны ўзаемазвязаны, але развіваюцца па сваіх законах. Спецыфічнасць гіст. і сац. змен пэўнай эпохі Вебер звязваў з ірацыянальным характарам культ. працэсу, тварцом якога з’яўляецца інтэлектуальная эліта, таму, на думку Вебера, гісторыю вызначае гульня духоўных сіл.
Тв.:
Kulturgeschichte als Kultursoziologie. Leiden, 1935;
Prinzipien der Geschichts – und Kulrursoziologie. München, 1951;
Рус.пер. — Теория размещения промышленности. М.; Л., 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),
машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.
Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЫ́НДА (Памва) (? — 23.7.1632),
дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш.Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, падрэд. І.Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛБЖЫ́ХСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Walbrzychskie),
на ПдЗ Польшчы. Пл. 4168 км². Нас. 740,5 тыс.чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г.Валбжых. На Пн і ПнУ тэрыторыі перадгор’і Судэтаў, на Пд і ПдЗ Сярэднія і Усх. Судэты (выш. да 1425 м, г. Снежнік) з гарамі Сове і Клодзскай катлавінай.
Сярэднія т-ры студз. ад -2 °C у катлавіне да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна 17,5 °C і 16 °C, ападкаў ад 600 да 1200 мм (у гарах) за год. Рэкі — вярхоўі левых прытокаў Одры: Нысы Клодзскай, Быстшыцы, Алавы, Шлензы. Пад лесам 29,4% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл. кірунку. Развіты здабыча каменнага вугалю (у Ніжняшлёнскім бас.з 14 ст.), хім., маш.-буд. (горнае абсталяванне), харч. і інш.прам-сць. Прамысл. цэнтры: Валбжых, Свідніца, Дзяржонеў, Бялява, Клодзка і інш. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, бульбу, цукр. буракі, авёс, рапс. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Турызм. Курорты (Кудова-Здруй, Шчаўна-Здруй, Паланіца-Здруй і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»
(«Biełarus»),
штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (падпсеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЦАЛЬ ((Worcell) Станіслаў Габрыэль) (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц.сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАШО́НАК (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову зангл. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), зфранц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.