БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКІ,
вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).
Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводлеінш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА ((Vélez de Guevara) Луіс) (ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),
іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.Р.Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.
Літ.:
Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;
Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводлеправасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,
сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;