адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),
астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.
Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.В.Кандрацюка, М.І.Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.Оберта, І.Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл.табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер.касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).
У Беларусі вял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац.АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял. значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі маекасмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.
Літ.:
Идеи К.Э.Циолковского и современность. М., 1979;
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;
1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959
СССР
«Месяц-2»
Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959
СССР
«Месяц-З»
Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961
СССР
«Венера-1»
Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961
СССР
«Усход»
Першы палёт чалавека ў космас (Ю.А.Гагарын).
27.8.1962
ЗША
«Марынер-2»
Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963
СССР
«Усход-6»
Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.У.Церашкова).
18.3.1965
СССР
«Узыход-2»
Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.А.Лявонаў).
28.11.1965
ЗША
«Марынер-4»
Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966
СССР
«Месяц-9»
Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968
ЗША
«Апалон-8»
Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.Борман, У.Андэрс, Дж.Ловел).
16.7.1,969
ЗША
«Апалон-11»
Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.Армстранг, Э.Олдрын).
17.8.1970
СССР
«Венера-7»
Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970
СССР
«Месяц-16»
Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970
СССР
«Месяц-17»—«Месяцаход-1»
Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971
СССР
«Салют-1»
Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971
СССР
«Марс-З»
Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972
ЗША
«Піянер-10»
Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973
ЗША
«Піянер-11»
Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973
ЗША
«Марынер-10»
Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975
СССР—ЗША
«Саюз-19»—«Апалон»
Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977
ЗША
«Вояджэр-2»
Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981
ЗША
«Калумбія»
Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986
СССР
«Мір»
Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986
СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія
«Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке»
Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987
СССР
«Саюз ТМ-4»—«Мір»
Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.Г.Цітоў. М.Х.Манараў).
1988—95
СССР (Расія)
«Мір»
Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.У.Палякоў).
29.6.1995
Расія—ЗША
«Мір»—«Атлантыс»
Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998
СССР (Расія)
«Мір»
За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998
ЗША
Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт.Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.А.Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.І.Клімук і У.І.Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.Папоў, А.Сераброў, С.Савіцкая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст.мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯМО́ННЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.К.Любаўскі, П.Д.Бранцаў, У.І.Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.
У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.
У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).
Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў маестараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.
Традыц. бел. адзенне ў мясц.этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах.дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПУА—НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (Papua New Guinea),
Незалежная дзяржава Папуа—Новая Гвінея (Independent State of Papua New Guinea), дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае ўсх.ч. в-ва Новая Гвінея з суседнімі астравамі (агульная пл. каля 400 тыс.км²), архіпелаг Бісмарка, у т. л. а-вы Новая Брытанія (пл. 36,6 тыс.км²) і Новая Ірландыя (пл. 8,6 тыс.км²), паўн.ч. Саламонавых а-воў, у т. л.в-аўБугенвіль (пл. 10 тыс.км²). На в-ве Новая Гвінея мяжуе з Інданезіяй. Абмываецца морамі Ціхага ак.: Новагвінейскім, Саламонавым, Каралавым. Пл. краіны 461,7 тыс.км². Нас. 4705,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Порт-Морсбі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. П.—Н.Г. — канстытуцыйная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1975. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар, назначаны на 6 гадоў паводле прадстаўлення ўрада. Заканад. орган — аднапалатны Нац. парламент (109 дэпутатаў, выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Урад краіны — Нац. выканаўчы савет на чале з прэм’ер-міністрам, які прызначаецца ген.-губернатарам і падсправаздачны парламенту.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Новай Гвінеі горы цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, дасягаюць 4508 м (г. Вільгельм). На Пд вострава нізіны і раўніны. Большасць інш. астравоў гарыстыя. Есць 18 дзеючых вулканаў, бываюць землетрасенні. З карысных выкапняў найб. значэнне мае медная руда (в-аў Бугенвіль), ёсць запасы золата, нафты і прыроднага газу, цынкавых, хромавых і нікелевых руд. Клімат экватарыяльны (на Пн) і субэкватарыяльны (на Пд). Сярэднія т-ры ўвесь год на ўзбярэжжы і раўнінах каля 26 °C. У гарах вышынная пояснасць. Ападкаў ад 1000 мм на ўзбярэжжы, да 6500 мм у гарах. Год падзяляецца на дажджлівы (снеж.—крас., менш акрэслены на Пн) і сухі сезоны. Шмат мнагаводных рэк, найб. Флай і Сепік. Лясы і хмызнякі займаюць 92,9% тэрыторыі. На раўнінах і ніжніх схілах гор пашыраны вільготныя трапічныя лясы з пальмамі, бамбукамі, дрэвападобнымі папарацямі, панданусамі і інш. На выш. 1000—2000 м пераважаюць вільготныя трапічныя лясы з араўкарыямі і паўд. букам, на вяршынях гор — высакагорныя лугі і хмызнякі. У асобных раёнах на Пд участкі саваннаў. Жывёльны свет астраўнога тыпу, прадстаўлены пераважна эндэмікамі. Захаваліся асобныя віды кенгуру, яхідна і праяхідна, дрэвавыя кускусы, шэрстахвосты, бандыкуты. Шмат кажаноў, птушак, паўзуноў, насякомых. Нац. паркі Варырата, Мак-Адам, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Жыве бальш за 700 народаў і плямён. Больш за 85% складаюць папуасы, якія жывуць пераважна ва ўнутр. частках Новай Гвінеі і на вялікіх астравах; на ўзбярэжжах месцамі жывуць меланезійцы (каля 14%). У гарадах невял. групы англа-аўстралійцаў. Вернікі пратэстанты (44%), католікі (22%), прыхільнікі мясц.рэліг. культаў (34%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. каля 10,2 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў гарах на выш. 1200—2000 мшчыльн. дасягае 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 16% насельніцтва. Найб. горад Порт-Морсбі (каля 200 тыс.ж.; 2000), каля 30—40 тыс.ж. у гарадах Рабаул, Маданг, Лаэ. У сельскай гаспадарцы занята 64% насельніцтва.
Гісторыя П. — Н.Г. заселена продкамі сучасных папуасаў каля 30 тыс.г. назад. Каля 5 тыс.г. назад у прыбярэжных раёнах пасяліліся продкі меланезійцаў. Першым з еўрапейцаў Новую Гвінею наведаў партуг. капітан Ж.Мінезіш. У 1545 ісп. капітан І.О.Рэтэс даў востраву назву Новая Гвінея. У 1700 брыт. мараплавец У.Дампір адкрыў паўн. ўзбярэжжа П. — Н.Г. і в-аў Новая Брытанія, які ў 18—19 ст. даследавалі брыт. і франц. мараплаўцы (Дж.Кук, Л.А.Бугенвіль і інш.). У 1870—80-я г. сярод жыхароў паўн.-ўсх.ч. П. — Н.Г. жыў рус. вучоны-этнограф М.М.Міклуха-Маклай. У 1884 паўн.-ўсх.ч. Новай Гвінеі абвешчана герм. пратэктаратам Новая Гвінея, а паўд.-ўсх.ч. — брыт. пратэктаратам Папуа (з 1888 калонія); усх.ч. вострава адышла да Нідэрландаў (цяпер — прав. Інданезіі Ірыян-Джая). У 1906 Вялікабрытанія перадала Папуа пад кіраванне Аўстраліі. У 1-ю сусв. вайну Аўстралія акупіравала герм.ч. Новай Гвінеі і атрымала ў 1912 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ёю (з 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Аўстраліі). У 2-ю сусв. вайну б.ч. П. — Н.Г. акупіравалі яп. войскі, тут адбыўся шэраг важных бітваў. У ліп. 1949 тэр. Папуа і Новая Гвінея аб’яднаны ў адзіную адм. адзінку «Тэр. Папуа і Новая Гвінея» (з 1971 П. — Н.Г.). У 1951 створаны мясц.Заканад. савет, у 1964 — Тэр. асамблея. У 1973 атрымала ўнутр. самакіраванне.
16.9.1975 абвешчана незалежнасць П. — Н.Г. У краіне ўсталяваўся парламенцкі лад са шматпартыйнай дэмакратыяй, для якога характэрны няўстойлівыя парламенцкія кааліцыі і блокі. Гал. мэта ўсіх урадаў — пераадоленне адсталасці краіны, б.ч. насельніцтва якой вядзе прымітыўны лад жыцця. Дзейнічаюць паліт. партыі: «Пангу парці», Нар.-дэмакр. рух, Нар.-прагрэс. партыя П. — Н.Г. — чл.ААН (з 1975), Садружнасці.
Гаспадарка. Краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Валавы нац. прадукт (ВУП) на 1 чал. — каля 2,4 тыс.дол. за год. Гал. галіна — сельская гаспадарка. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца гарнарудная прам-сць. У сельскай гаспадарцы ствараецца 28% ВУП, у прам-сці (пераважна гарнаруднай) — 35%, у абслуговых галінах — 37%. У сельскай гаспадарцы пераважаюць натуральныя і паўнатуральныя гаспадаркі пл. да 0,5—1 га, развіваецца кааператыўны рух, ёсць плантацыі, якія належаць англа-аўстралійцам. Гаспадаркі мясц. насельніцтва заснаваны на выкарыстанні ручной працы, пашырана лядна-агнявое земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 500 тыс.га, пад лугамі і пашай каля 100 тыс.га. На плантацыях вырошчваюць какосавую пальму (штогод атрымліваюць каля 150 тыс.т копры), каву, какаву, каўчуканосы, бананы; у гаспадарках мясц. насельніцтва — сорга, тара, ямс, батат, маніёк, цукр. трыснёг, хлебнае дрэва, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба, гал. галіна — свінагадоўля. У 1997 буйн. раг. жывёлы 105 тыс. галоў, свіней 1,5 млн. галоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (тунец), лоўля крабаў і крэветак. Паляўніцтва. Нарыхтоўка дзікарослай сагавай пальмы, каштоўнай драўніны. У прам-сці гал. роля належыць здабычы меднай руды на в-ве Бугенвіль (каля 200 тыс. меднага канцэнтрату штогод). Здабываюць таксама золата (горныя раёны в-ва Новая Гвінея, каля 15 т штогод), серабро, цынк, нафту. Здабычу карысных выкапняў вядуць замежныя кампаніі. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (71% даюць цеплавыя электрастанцыі, 29% — ГЭС). Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: ф-кі па абагачэнні меднай руды, фанерныя з-ды, лесапілкі, па апрацоўцы какосавых арэхаў, кавы, какавы, чаю, тытуню, алейныя, піваварныя. Ёсць з-ды бетонных вырабаў, прадпрыемствы па выпуску харч. прадуктаў, суднабуд. і суднарамонтныя, металаапр. майстэрні і інш. Шырока развіты саматужныя промыслы: выраб керамікі, драўляных прадметаў хатняга ўжытку, традыц. лодак, сувеніраў і інш. Развіваецца замежны турызм. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, марскі. У краіне 19,6 тыс.км аўтадарог, з іх 0,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 10,9 тыс.кмунутр. водных шляхоў, 19 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Порт-Морсбі і Рабаула. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Порт-Морсбі, Рабаул, Лаэ, Маданг. У 1997 экспарт склаў 2,2 млрд.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць канцэнтрат медзі, золата, нафта (разам 72% кошту экспарту), драўніна, копра, пальмавы алей, кава, какава, чай, крабы, крэветкі; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, спажывецкія і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША. Краіна атрымлівае дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі і інш. Грашовая адзінка — кіна.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Папуа—Новай Гвінеі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Сталіца краіны г. Порт-Морсбі.Да арт.Папуа—Новая Гвінея. Тыповая папуаская вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗА (ад лац. prosa),
1) мастацкая і немастацкая (навук., дзелавая, публіцыстычная, мемуарная, філас., рэліг.-прапаведніцкая) невершаваная творчасць.
2) Тып мастацтва слова, што суадносіцца з паэзіяй, ад якой адрозніваецца спосабам арг-цыі моўнага матэрыялу, спецыфікай рытму, ступенню перавагі рацыянальна-аналіт. адносін над эмацыянальна-псіхалагічнымі.
3) Эпас як род л-ры побач з лірыкай і драмай (сутнасць эпасу праяўляецца менавіта ў П., лірыкі — у паэзіі, драмы — у драматургіі). Тэрмінам «П.» абазначаецца таксама сукупнасць празаічных твораў якой-н. нац. л-ры (бел. П), пэўнага гіст. перыяду (П. пач. 19 ст., П. 1920-х г.і г.д.), асобнага пісьменніка (П. Л.Талстога, Я.Коласа, І.Шамякіна і інш.). У цэнтры ўвагі П. асоба ў яе сувязях з асяроддзем (прыродай, соцыумам); прадметам і суб’ектам П. з’яўляецца характар і разнастайнасць сувязей, якія фарміруюць асобу. П. цікавіць не проста эмацыянальна-мысліцельны стан (як паэзію), а стан, які ўзнік у сувязі з пэўнымі абставінамі і выводзіцца з іх. Калі паэзія спецыялізуецца на абсалютызацыі станаў душы, спыняе імгненне, то ў П. імгненні разгортваюцца ў падзеі і выстройваюцца ў канцэптуальны парадак. Фармальныя адрозненні П. і паэзіі не толькі ў графічным афармленні: гэта розныя віды славесна-маст. творчасці, хаця музычнасць, метафарычнасць, эмацыянальнасць і суб’ектывізм у значнай ступені ўласцівы і П. Як і паэзія, П. валодае рытмам, аднак рытм П. прынцыпова інш. прыроды і з’яўляецца найменш вывучанай праблемай. паэтыкі П. Стылявымі дамінантамі П. з’яўляюцца сюжэт, сітуацыя, прадметная і псіхал. дэталь, мова, у т. л. суб’ектная арг-цыя мовы. Функцыяй П. з’яўляецца маст. аналіз. Слова ў П. выступае сродкам адлюстравання і ўзнаўлення рэальных аб’ектаў, дзеянняў, перажыванняў герояў, мае канкрэтызаваны сэнс, пластычную дакладнасць і даволі выразную праяву амбівалентнасці.
Да 19 ст. П. называлі ўсе немаст. славесныя творы, а паэзіяй — усю маст. л-ру (да новага часу вершаваная форма адыгрывала пануючую ролю ў мастацтве ў цэлым, а П. развівалася на перыферыі маст. творчасці). Крыніцай П. з’яўляецца сярэдневяковы рыцарскі раман. Уласна П. ў сучасным разуменні пачала складвацца ў эпоху Адраджэння (італьян. навела, творы Ф.Рабле, М.Сервантэса). Станаўленне зах.-еўрап. П. прыпадае на эпоху Асветніцтва (раманы Д.Дэфо, А.Ф.Прэво, Г.Філдынга, С.Рычардсана, Ж.Ж.Русо), яе росквіт звязаны з узнікненнем маст. сістэмы рэалізму ў 19 ст. (Стэндаль, А.Бальзак, Г.Флабер, Ч.Дзікенс, У.Тэкерэй). У канцы 19 — пач. 20 ст. побач з рэаліст. П. (Дж.Голсуарсі, Г.Ман, Т.Ман і інш.) з’яўляецца мадэрнісцкая П. (Э.Заля, М.Пруст, О.Уайльд, Дж.Джойс і інш.). Зах.-еўрап. П. развіваецца ў 2 асн. кірунках: рэаліст. (Э.Хемінгуэй, Р.Ралан, Г.Бёль, У.Фолкнер, Г.Грын і інш.) і мадэрнісцкім (Ф.Кафка, А.Камю, Ж.П.Сартр і інш.), які паўплываў на фарміраванне постмадэрнісцкай П. (Джойс, У.Эка, Т.Стопард і інш.). Сусветна вядомая рус. класічная П. (А.Пушкін, М.Лермантаў, М.Гогаль, І.Ганчароў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, І.Тургенеў, А.Чэхаў). Рус. П. 20 ст. таксама развівалася ў рэчышчы рэалізму (М.Горкі, М.Зошчанка, А.Купрын, А.Салжаніцын, А.Талстой, М.Шолахаў, В.Шукшын, В.Бялоў, Ю.Бондараў, В.Праскурын і інш.) і мадэрнізму (Дз.Меражкоўскі, Б.Пільняк і інш.). Творам некат. аўтараў уласцівы рысы абедзвюх маст. сістэм (раманы М.Булгакава). У 2-й пал. 20 ст. фарміруецца рус. постмадэрнісцкая П. (У.Набокаў, А.Бітаў, Венядзікт Ерафееў, В.Пялевін, С.Сакалоў, У.Сарокін і інш.).
У бел. л-ры пераход да маст. П. пачаў складвацца ў выніку ўзмацнення эстэт. пачатку ў традыц.гіст.-дакумент. аповедзе (бел.-ўкр. хранограф «Вялікая хроніка»), Тая культ.-гіст. сітуацыя, што існавала на Беларусі, дазволіла ўзнікнуць уласна маст. П. толькі ў канцы 19 ст. (апавяданні Ф.Багушэвіча). Станаўленне бел. П. ў розных яе жанравых мадыфікацыях адносіцца да пач. 20 ст.; псіхал. апавяданне (М.Гарэцкі), быт. апавяданне (Цётка, Ядвігін Ш., К.Каганец, Я.Лёсік, і інш.), маст. алегорыя, прытча і мініяцюра (Я.Колас, М.Багдановіч, З.Бядуля), раман (Ядвігін Ш.). Бурнае развіццё малых жанраў П. адбылося ў 1920-я г. (А.Вольны, П.Галавач, М.Зарэцкі, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лынькоў, Я.Маўр, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.). На гэты ж перыяд прыпадае станаўленне буйнога жанру — рамана (Я.Колас, Ц.Гартны, З.Бядуля, Гарэцкі, Зарэцкі, К.Чорны) і аповесці (Я.Колас, Гарэцкі, Л.Калюга, Мікуліч і інш). Вынікам паскоранага развіцця было паглыбленне псіхал. аналізу ў л-ры, засваенне ёю не толькі рэаліст. стылю, але і мадэрнісцкага (Багдановіч, З.Бядуля, В.Ластоўскі і інш.). Аднак у нац.бел. л-ры гэтага часу панавала паэзія. На творы бел. празаікаў паўплывалі падзеі Вял.Айч. вайны (зб-кі апавяданняў Лынькова, К.Чорнага), і тэма вайны на доўгі час стала галоўнай (творы Я.Брыля, І.Грамовіча, А.Кулакоўскага, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, Шамякіна і інш.), хоць у творах таго перыяду пераважаў спрошчаны паказ сац. і псіхал. канфліктаў, гераічная праблематыка адцясніла на другі план трагічную. Высокім маст. узроўнем вызначаюцца трылогія Я.Коласа «На ростанях» (1954), пенталогія Шамякіна «Трывожнае шчасце» (1957—65). У 1950—60-я г. выйшлі першыя кнігі П. А.Адамовіча, В.Адамчыка, В.Быкава, В.Карамазава, У.Караткевіча, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Стральцова, І.Чыгрынава і інш. У 1960—70-я г. ў бел. П. прыйшлі С.Алексіевіч, В.Гігевіч, Г.Далідовіч, А.Жук, В.Казько, А.Кудравец і інш.Вял. грамадскі рэзананс выклікалі гіст. раманы Караткевіча, Мележа, аповесці Быкава. У 1980-я г. першыя кнігі П. выдалі А.Асташонак, А.Кажадуб, Х.Лялько, А.Наварыч, У.Рубанаў, К.Тарасаў, А.Федарэнка, У.Ягоўдзік і інш. Сярод сучасных празаікаў Т.Бондар, Брыль, Быкаў, Гігевіч, М.Гіль, Далідовіч, Жук, В.Іпатава, І.Капыловіч, А.Кудравец, Г.Марчук, Навуменка, Пташнікаў, Э.Скобелеў, М.Чаргінец, Чыгрынаў, Шамякін і інш. Існуюць прамежкавыя формы паміж П. і паэзіяй, якія, аднак, больш імкнуцца да апошняй: па змястоўных прыкметах вылучаюць верш ў П., ці версэт («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, версэты А.Разанава), па фармальных — свабодны верш, ці верлібр («Мой хлеб надзённы» М.Танка) і рытмічную П. («Пэўна, любіце вы, пане...» Багдановіча). Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Раман, Літаратуразнаўства, Беларусь (раздзел Літаратура).
Літ.:
Шкловский В.Б. Художественная проза. М., 1961;
Дзюбайла П.К., Жураўлёў В.П., Луфераў М.П. Праблемы сучаснай беларускай прозы. Мн., 1967;
Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн., 1972;
Хромчанка К.Р. Беларуская мастацкая проза (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1979;
Грамадчанка Т.К. Перад праўдай высокай і вечнай: Бел. проза сёння. Мн., 1991;
Локун В.І. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Бельскі А.І. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80—90-я гг.). Мн., 1997;
Макарэвіч А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе XIX — пачатку XX ст. Магілёў, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на З — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс.км² (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн.чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.
Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.
Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.
Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На З ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд.т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м³ (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд.т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш.Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд.ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-растудз. ад -16 °C да -18 °C на ПнЦэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш.т-раЗах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб.р.Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб.р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На З ад Місісіпі да 100°зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб.нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.
Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км²; на З паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Пд — 38 чал. на 1 км². На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т. л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс.ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн.ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).
Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата
Плошча, тыс.км²
Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт
24,9
589
Канектыкут
12,9
3274
Масачусетс
21,5
6092
Мэн
86,0
1243
Нью-Гэмпшыр
24,1
1162
Род-Айленд
3,2
990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі
20,3
7988
Нью-Йорк
128,4
18 185
Пенсільванія
117,4
12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо
106,7
11 173
Вісконсін
145,4
5160
Ілінойс
146,1
11 847
Індыяна
94,1
5841
Мічыган
150,8
9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява
145,8
2852
Канзас
213,1
2572
Мінесота
217,8
4658
Місуры
180,4
5359
Небраска
200,0
1652
Паўд. Дакота
199,5
732
Паўн. Дакота
183,1
644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія
105,7
6675
Джорджыя
152,6
7353
Дэлавэр
5,3
723
Зах. Віргінія
62,6
1826
Калумбія (акруга)
0,2
543
Мэрыленд
27,4
5072
Паўд. Караліна
80,4
3699
Паўн. Караліна
136,6
7323
Фларыда
151,7
14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама
133,7
4273
Кентукі
104,6
3884
Місісіпі
123,6
2716
Тэнесі
109,4
5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома
181,1
3301
Арканзас
137,5
2510
Луізіяна
125,7
4351
Тэхас
692,1
19 128
Горныя штаты
Айдаха
216,4
1189
Арызона
295,0
4428
Ваёмінг
253,6
481
Каларада
269,9
3823
Мантана
381,1
879
Невада
286,3
1603
Нью-Мексіка
315,1
1713
Юта
219,9
2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон
251,2
3204
Аляска
1519,0
607
Вашынгтон
176,6
5533
Гаваі
16,7
1184
Каліфорнія
411,0
31 878
Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст.рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн.чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2 паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл.Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн.дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).
З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах.ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл.Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т. л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г. — панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.Х.Тафт, Т.В.Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.
У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2 млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.Гардынг і К.Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн.чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв.эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (1/4 з іх пазбавілася зямлі).
Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.
7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен.вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл.Маршала план), але СССР і інш.сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.С.Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.
Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн.амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл.Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т. л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.С.Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар.узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб.прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).
Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн.ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн.т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн.т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд.м³ (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд.м³ (1995). Асн.ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн.т (1993), у т. л. каменнага вугалю 791,1 млн.т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн.т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн.кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд.кВт∙гадз (1993).
ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн.кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм.прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, Нью-Йорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн.шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн.т, у 1995—104,9 млн.т. Асн. раён здабычы жал. руды на З ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн.т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс.т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн.т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн.чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс.дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сцьс.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т. л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн.т, у т. л. кукурузы 177 млн.т, пшаніцы 65,9 млн.т. Збор соевых зярнят 63 млн.т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн.т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн.т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн.т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал.фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, маевял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.
Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс.км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн.км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн.т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс.км) і газаправодаў (440 тыс.км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд.дол., імпарту 4323,3 млрд.дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал.гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн.чал., у т. л.нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн.чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс.ядз. боегаловак, у т. л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс.артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс.чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс.чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац.ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс.чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.
Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс.пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).
Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац.навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук ЗША (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы маеНац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т. л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т. л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш.Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс.экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн.экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн.экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн.экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).
Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).
Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-Бі-Эс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.
Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн.літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.Фрэно, Б.Франклін, Т.Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац.амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац.амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц.рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.У.Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац.амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.Гінзберг, У.Стывенс, У.К.Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г.рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.Дз.Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер.рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.Крэйн, Ф.Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац.амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.Стайн, Т.С.Эліят, Э.Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.П.Уорэна, К.А.Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.Крэйн, Р.Фрост) паэзія.
У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер.л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер.паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Р.Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г.асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.Чывера, Дж.Хелера, У.Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.Л.Доктараў, Г.Відала, Дж.К.Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.Барт, Т.Пінчан, Д.Бартэльм, П.Донліві, М.Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.Морысан, Дж.Смайлі, Дж.Гамільтан, Р.Бэнкс, П.Остэр і інш.
Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.Гарта, «Пракляты агітатар» М.Голда, «Трое парасятак» У.Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.Ф.Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.Сіпакоў). Асобныя вершы К.Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.Шчасны), Бірса (пер. А.Кудраўцаў), У.Сараяна (пер. І.Сляповіч), Брэдберы (пер. М.Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.Баноскі ў перакладах А.Асташонка, С.Дорскага, Л.Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.
Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап.буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.Булфінча, Т.Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.Х.Бёрнем, Дж.У.Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.Л.Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.К.Харысан, М.Абрамовіц, Ф.Джонсан, Э.Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г.найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.Л.Райта (Музей Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.Б.Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.
Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст.н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж.маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап.маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.Хеселіус, Дж.Смайберт, Р.Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.Коўл, Дж.Ф.Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.Нігл, С.Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст.рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.С.Маўнта, Дж.Бінгема, І.Джонсана, Дж.Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.Кэсет — імпрэсіянізму, А.Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.Грынаў, Х.Паўэрс, Э.Д.Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж.Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.Рэй), футурызму (Дж.Стэла), абстракцыянізму (А.Доў, С.Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.Тангі); сюррэалізм развіваецца ў творчасці Дж.О’Кіфа, О.Пікенса, А.Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.Горкі, В. дэ Кунінг, М.Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.Сміт, Р.Ліпалд, Ф.Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Р.Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.Сміт, Э.Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.Клоўз, Р.Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.
Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер.прафес.муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес.муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг.хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац.муз. жанры, у т. л.спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.Хэндзі, Б.Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз.навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р«Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.Паркер, Дж.Пейн, Дж.Чэдвік, А.Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер.прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер.муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.Харыса, А.Копленда, Дж.Антэйла, Э.Сігмейстэра, Г.Каўэла, К.Раглса, Р.Сешнса, У.Г.Стыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі, Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.Левін і Р.Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т. л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер.тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.Роджэрс. Р.Эйкаф) і т.зв.гар. блюз (Х.Ледбелі, Б.Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.Шумен, Дж.Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.Персікеці, Э.Картэр, Л.Бернстайн, П.Крэстан, М.Бэбіт, Л.Фос, А.Хованес, П.Менін, Л.Кёрчнер, Дж.Крам, Дж.Ітан, Ф.Глас, С.Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.Шолці, Л.Маазель; піяністы Дж.Браўнінг, Р.Серкін, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.Мільштэйн, І.Стэрн; спевакі М.Ланца, М.Хорн, Б.Сілс, Г.Мофа, М.Андэрсан, М.Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.Сланімскі, Г.Чэйз, П.Г.Ланг, У.Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер.муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т. л.камп’ютэрная музыка (Дж.Кейдж, Бэбіт, О.Люнінг, Э.Браўн і інш.), з другога — розныя віды поп-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень маемуз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т. л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз.ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес.сімф. аркестраў, у т. л.Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Першыя звесткі пра т-рПаўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.Халема, які паклаў пачатак прафес.тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец.тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.Бутс, Э.Форэст, Ш.Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.Бутс, Дж.Джэферсан, М.Фіск, М.Адамс, Дж.Марла, Р.Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер.т-ра.
На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.Ібсена, Л.Талстога, М.Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).
У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял.сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.Шоу, А.Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.Хоўардл. П.Грына, Э.Райса, А.Мальца, Дж.Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.Мамуляна; акцёраў А.Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.Барымара, Л.Адлера; тэатр. мастакоў Р.Джонса, Л.Саймансана, С.Х’юма, М.Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).
Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.Хоўтан, Х.Кінтэра, Дж.Маліна, С.Холм, З.Фічэндлер, Д.Рос, Э.Бенкрафт, З.Мостэль, Р.Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.Папа, «Брэд энд папет» П.Шумана, «Мімічная трупа» Р.Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).
Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.Арбэкль, Б.Кітан, Г.Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г. — М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.Валентына, Г.Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.Майлстаўна) і інш.Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.Уэст, браты Маркс, К.Гейбл, Г.Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.Купер, дзеці-«зоркі» Ш.Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.Дасэн, Дж.Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.Хепбёрн і інш.
У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.Біты, Ф.Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.Ланг, К.Тэрнер, М.Пфайфер, Ш.Стоўн, Дж.Фостэр, К.Бейсінгер, Дж.Робертс, Р. Дэ Ніра, А.Пачына, М.Гібсан, М.Дуглас, М.Шын, Э.Хопкінс, Т.Круз, Т.Хэнкс, С.Уівер, Р.Гір, Э.Мэрфі, М.Рурк, С.Сталоне, А.Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.Формана, «Эні Хол», 1977, В.Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.Нікалс, Р.Олтмен, А.Пакула, С.Полак, У.Фрыдкін, Х.Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.Земекіс, Д.Лінч, Дж.Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.Паланскі, Дж.Шлезінгер, А.Канчалоўскі, Б.Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.
Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.Дзеружынскі, Б.Крукоўскі, Н.Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюз амер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш.нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.Сянкевіча. У 1912 засн.бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел.нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.Чарапук, П.Чопка, В.Трафімовіч заснавалі Бел.нац.к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т. л. ў Нью-Йорку Бел.нац.к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац. саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел.нар.т-ва), Індыяна, Мічыган.
У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел.культ.-адукац.т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн.паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс.чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел.нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел.к-тпаліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюз бел.-амер. моладзі, Арг-цыябел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад.т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел.культ.-асв.к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлендзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюз амер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук. — Бел.літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел.бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш.Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел.культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт.Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.Селех-Качанскага, М.Прускага, І.Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел.выд-ва М.Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Беларуская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.Куляша (1952—53, Дэтройт), М.Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт.Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т. л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн.Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.
Літ.:
История США. Т. 1—4. М., 1983—87;
Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986;
Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ.М., 1993;
Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991;
Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995;
Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962;
Писатели США. М., 1990;
Комаровская Т.Е. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993;
Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994;
Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976;
Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979;
Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981;
Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966;
Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977;
Яеж. Рождение джаза. М., 1984;
Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ.М., 1984;
Engel L. The American musical theater. New York, 1975;
History of American music. New York, 1976;
Folk music and moden sound. Jackson, 1982;
The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986;
Skowron Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995;
Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976;
Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972;
Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг.М., 1982;
Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963;
Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975;
Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987;
Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991;
Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.Міс ван дэр Роэ. 1956—58.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.Л.Райт. 1956—59.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.Коўл. Аркадская ідылія. 1838.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.Хікс. Царства міру. 1840—45.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.Бінгем. На варце грузу. 1849.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. А.Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. С.Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.Цюдар. 1987.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.Т.Джонс і А.Зан. 1988.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.Чаплін у фільме «Малыш». 1921.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.Лукас 1977.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.Дысней. 1938.Да арт.Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.Костнер. 1990.