інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,
хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш.с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,
адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САП,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТКІН (Сяргей Пятровіч) (17.9.1832, Масква — 24.12.1889),
рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл.Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-тсан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).
Тв.:
Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЗО́Т (нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),
вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.
Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від),
гетэраплаідыя, спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЯ́,
хвароба раслін, выкліканая галаўнёвымі грыбамі. Найб. шкоду прыносіць збожжавым культурам. Разбурае асобныя завязі або цалкам каласы, мяцёлкі, катахі, радзей сцёблы, лісце, ператвараючы іх у пылаватую або шчыльную чорную споравую масу. Асабліва частыя: цвёрдая галаўня пшаніцы, жыта, аўса і ячменю; пыльная галаўня пшаніцы, ячменю, аўса, проса і кукурузы; каменная галаўня ячменю, сцябловая галаўня жыта і пшаніцы; пухіраватая галаўня кукурузы. На Беларусі найб. пашыраны цвёрдая галаўня пшаніцы (узбуджальнік Tilletia triciti) і пыльная галаўня ячменю (узбуджальнік Ustilago nuda).
Усе віды ўзбуджальнікаў галаўні вузкаспецыялізаваныя — пашкоджваюць толькі пэўную культуру. Меры барацьбы з галаўнёй: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, выбракоўка пасеваў, пашкоджаных галаўнёй, хім. абеззаражванне насення фунгіцыдамі або тэрмічным спосабам, апрацоўка насення спец. сістэмнымі пратрутамі (супраць пыльнай галаўні ячменю і пшаніцы).