КРЭМПАВЕ́ЦКІ (Krępowiecki) Тадэвуш Шыман (1798, Варшава — 5.1.1847),

польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЫ́НІЙ КРАС Марк (Marcus Licinius Crassus; каля 115—6.5.53 да н. э.),

палітычны і дзяржаўны дзеяч Стараж. Рыма. Падтрымаў Сулу ў грамадз. вайне з Марыем. У час праскрыпцый Сулы (на карах, канфіскацыях і спекуляцыях) нажыў велізарныя багацці. У 72 да н. э. надзелены сенатам надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб задушыць Спартака паўстанне, якое ліквідаваў разам з Пампеем у 71 да н. э. Консул у 70 і 55 да н. э. (разам з Пампеем). У 65 да н. э. цэнзар. У 60 (або 59) — 53 да н. э. разам з Цэзарам і Пампеем увайшоў у т. зв. 1-ы трыумвірат. У 54 да н. э. кіраваў прав. Сірыя. Загінуў з б. ч. рым. войска ў Месапатаміі ў час вайны з Парфянскім царствам.

т. 9, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАРЭ́НКА Алесь (Аляксандр Герасімавіч; н. 12.4.1938, в. Ходарава Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у Слаўгарадскім райкоме камсамола, у школе-інтэрнаце, на Бел. радыё, у выд-вах, на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Маладосць», «Полымя» і інш. У 1992—98 рэдактар час. «Першацвет». Друкуецца з 1962. У аўтабіягр. аповесці «На бабровых тонях» (1971) героі — землякі і родзічы аўтара, руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Зб. апавяданняў і аповесцей «Журавіны пад снегам» (1976) пра першае пасляваен. пакаленне, якое спазнае радасць працы, любові да роднай зямлі. Раман «Баргузінскае лета» (1982) прысвечаны будаўнікам БАМа. Творы М. вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, пранікненнем у псіхалогію персанажаў, багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам.

Тв.:

Сонца майго дня. Мн., 1988;

Пакуль не завялі кветкі. Мн., 1994.

У.​В.​Гніламёдаў.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНА-САЛАЎЕ́ВІЧ Мікалай Аляксандравіч (25.12.1834, С.-Пецярбург — 26.2.1866),

расійскі рэвалюцыйны дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Аляксандраўскім ліцэі (1847—53). З 1853 працаваў у Дзярж. канцылярыі, з 1858 у адстаўцы. З 1860 супрацоўнічаў у выданнях А.​І.​Герцэна і М.​П.​Агарова, у час. «Современник». Паплечнік М.​Г.​Чарнышэўскага. Адзін з заснавальнікаў тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г. Адмоўна ставіўся і да прыгонніцтва, і да капіталіст. ладу, падзяляў ідэі рус. абшчыннага сацыялізму. У 1862 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1865 сасланы навечна ў Сібір. Па дарозе ў ссылку наладзіў кантакты з удзельнікамі паўстання 1863—64. Загінуў у час падрыхтоўкі паўстання ссыльных у Сібіры. Аўтар прац па філасофіі, эканоміцы, сацыялогіі, праве, шэрагу літ.-мастацкіх твораў.

М.А.Серна-Салаўевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́КІН Леў Кірылавіч (н. 29.10.1923, г. Нагінск Маскоўскай вобл., Расія),

савецкі ваенны лётчык. Герой Сав. Саюза (1951). Палкоўнік (1964). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1944), Ваенна-паветр. акадэмію (1956). У Чырв.

Арміі з 1941. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У час карэйскай вайны 1950—53 на знішчальніку МіГ-15 здзейсніў 121 баявы вылет, збіў 17 амер. і брыт. рэактыўных самалётаў (15 асабіста і 2 у складзе групы). Быў двойчы збіты, паранены. Пасля вяртання з Карэі на камандных пасадах. У 1945—48 і 1957—77 служыў у БВА. Ваен. саветнік у час баявых дзеянняў у Егіпце (1967—70). З 1977 у адстаўцы, жыве ў Мінску.

Літ.:

Качук Н. Покрышкин из нашего города: Неизвестный герой неизвестной войны // Армия. 1996. №1.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМА́ (лац. Puppis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭМП (італьян. tempo ад лац. tempus час),

ступень хуткасці ў ажыццяўленні чаго-н., у выкананні якой-н. справы. Т. у спорце — пэўная частата паўтору раўнамерных рухаў пры выкананні фіз. практыкавання.

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЗАР, кесар (лац. Caesar),

у Старажытным Рыме першапачаткова імя адной з галін патрыцыянскага роду Юліяў, да якой належаў Гай Юлій Цэзар; у час імперыі тытул самога імператара і яго нашчадкаў.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ Данііл Васілевіч (16.12.1902, в. Радзеўцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1957). Скончыў Вышэйшую пагранічную школу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937), Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943: нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы, баёў у Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 дывізія пад яго камандаваннем прарвала абарону праціўніка на ПнУ ад Рагачова, фарсіравала р. Друць, Дабасну, Алу і разам з інш. злучэннямі штурмам авалодала Бабруйскам; у вер. 1944 у час прарыву варожай абароны фарсіравала р. Нараў (Польшча) захапіла плацдарм і адбіла 7 контратак. Да 1959 у пагранічных войсках.

Д.В.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс. ж. (1999).

З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв. ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.​С.​Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ. БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж. 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.​А.​Каўпака і А.​М.​Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

А.​П.​Грыцкевіч.

Лоеў. У цэнтры гарадскога пасёлка.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)