рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎФРА́Т,
араб.Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г.Вавілон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОБ,
рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, адна з найб. рэк свету. Даўж. 3650 км (ад вытоку р. Катунь 4338 км, ад вытоку р. Іртыш 5410 км), пл. басейна 2990 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Бія і Катунь на Алтаі. Цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне ў шырокай даліне, якая паступова расшыраецца ад 5—10 км каля г. Барнаул да 50—60 км ніжэй упадзення р. Іртыш. Пойма О. парэзана рукавамі, пратокамі і азёрамі. Упадае ў Обскую губу Карскага м., утварае дэльту (пл. больш за 4 тыс.км²), дзе вылучаюцца рукавы: Хаманельская О. (левы) і Надымская О. (правы). Гал. прытокі: Том, Чулым, Кець, Тым, Вах (справа), Васюган, Вял. Юган, Іртыш, Паўн. Сосьва (злева). Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі, зімовая межань. Ледастаў у вярхоўях ад ліст. да крас., у ніжнім цячэнні ад кастр. да мая—чэрвеня. Сярэдні расход вады каля г. Салехард 12,5 тыс.м³/с, макс. — 42,8 тыс. мус, мінім. — 1,65 тыс.м³/с. Цвёрды сцёк 16 млн. т. Рыбны промысел пераважна ў ніжнім цячэнні. Новасібірская ГЭС і Новасібірскае вадасховішча. Суднаходная. У бас. О. здабыча нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), каменнага вугалю (Кузнецкі вугальны басейн), торфу і інш. На О. гарады Барнаул, Камень-на-Обі, Новасібірск, Калпашава, Стражавой, Ніжнявартаўск, Сургут, Нефцеюганск, Лабытнангі, Салехард. На левым беразе, у сярэднім цячэнні ракі — Юганскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́Р (манг.Хара-Мурэн, кіт.Хэйлунцзян),
рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большая ч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м.Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл.бас. 1855 тыс.км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс.т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнай пл. каля 9,7 тыс.км². Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,
рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс.км², у межах Беларусі каля 10 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКО́РМсельскагаспадарчых жывёл,
тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.
У гадоўлі буйной рагатай жывёлынайб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлінайб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукгу рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НКА (Amazonas),
рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл.бас. 7180 тыс.км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс.км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс.м³/с, макс. — больш за 300 тыс.м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс.км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).