ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.

Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт. Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.​Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.

Літ.:

Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУЗЯ́ВІЧУС ((Matuzevičius) Эўгеніюс) (24.12.1917, г. Урупінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1994),

літоўскі паэт, перакладчык, крытык. Засл. дз. маст. Літвы (1977). Вучыўся ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах (1939—43). Аўтар паэт. зб-каў «Веснавой сцежкай» (1941), «Песня дружбы» (1953), «Не гасні, агонь маяка!» (1960), «Месячны бераг» (1965), «Млечны шлях» (1970), «Зялёныя астравы гадоў» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1977), «Варыяцыі і вяртанні» (1980) і інш. Для яго вершаў характэрна рамант. прыўзнятасць, песенныя інтанацыі. Для зб. Я.​Купалы на літ. мове «Не жалейка стогне» (1957, укладальнік разам з А.​Жукаўскасам), анталогій «З беларускай паэзіі» (1952) і «Па Нёмане песня плыве» (1958) пераклаў паэмы Я.​Купалы «Курган», «Барысаў», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», яго вершы і інш. бел. паэтаў. Укладальнік зб. твораў Я.​Купалы «Мая доля» (Вільнюс, 1982). Аўтар артыкулаў пра Я.​Купалу, бел. л-ру, культуру. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вярцінскі, А.​Грачанікаў, Л.​Дайнека, М.​Калачынскі, Я.​Крупенька, П.​Марціновіч, А.​Разанаў, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Просіцца ў песню мора. Мн., 1965;

Рус. пер. — Крылья над морем. М., 1976.

А.​П.​Лапінскене, А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр. Лявіцкі) Іван Сямёнавіч

(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),

украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ. крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—10. Київ, 1965—68;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1956;

Повести и рассказы. М., 1964.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРЭ́С у жывой прыродзе,

удасканаленне і ўскладненне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў біялогіі ў некалькіх значэннях. Біялагічны П. (паводле А.М.Северцава, 1925) — вынік поспеху групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца павелічэннем колькасці асобін таксона, пашырэннем арэала і распадзеннем на падпарадкаваныя сістэм. групы. Морфафізіялагічны П. (арамарфоз) — эвалюцыя арганізмаў у кірунку ўскладнення і ўдасканалення іх арганізацыі. Характэрны для груп арганізмаў, якія вядуць найб. актыўны спосаб жыцця (у першую чаргу, членістаногія і пазваночныя). Біятэхнічны П. — адзін з аспектаў морфафізіял. П., ацэньваецца эфектыўнасцю, эканамічнасцю, ккдз жывых сістэм. Падзяляецца на неабмежаваны і абмежаваны (Дж.С.Хакслі).

Неабмежаваны П. ахоплівае эвалюцыю ад прасцейшых да разумнай істоты (чалавека); характарызуецца павышэннем узроўню кантролю арганізмаў над знешнім асяроддзем і павелічэннем незалежнасці іх унутр. асяроддзя ад вонкавых умоў. Абмежаваны П. меў месца ў большасці паслядоўных ліній (пакаленняў) арганізмаў, у якіх асаблівасці арганізацыі і прыстасавання перашкаджалі эвалюцыі ў кірунку неабмежаванага П. Па сутнасці ідэя неабмежаванага П. антрапацэнтрычная; проціпастаўленне неабмежаванага і абмежаванага П. ўмоўнае. Шэраг аспектаў праблемы П. ў біялогіі застаецца дыскусійным.

Літ.:

Северцов А.Н. Морфологические закономерности эволюции // Собр. соч. М.; Л., 1949. Т. 5;

Закономерности прогрессивной эволюции. Л., 1972.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл. фп. (1974, кл. В.​Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.​Глебава). З 2000 праф. Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.​Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф. арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр. арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

А.​У.​Валадковіч.

В.П.Раінчык.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НЕ,

ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст. Найб. стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.

т. 14, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЕДЛЫ ((Nejedly) Здэнак) (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),

чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар. АН СССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-ва культ. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН СССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам. прэм’ер-міністра, потым чл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.​Сметану, З.​Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш. слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.​Купалу, Я.​Коласу, Ц.​Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел. нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.​Купалам і М.​Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.​Купалам, Я.​Коласам, К.​Крапівой, М.​Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.

Тв.: Рус. пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.

Літ.:

Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964;

Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12;

Z.Nejedly. Praha, 1980.

Дз.​Дз.​Воран.

З.Неедлы.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),

кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.​Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.​Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.

Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац. эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач. вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач. студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.

В.​М.​Лебедзева.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),

перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.

Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)