ТРЫСНЁГ (Phragmites),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайны, або паўднёвы (Ph. australis, ці Ph. communis). Трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках балот, па берагах вадаёмаў, у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 0,5—5 (6) м. Сцёблы прамастойныя, полыя, густа аблісцелыя, са шматлікімі міжвузеллямі. Лісце чаргаванае, лінейна-ланцэтнае, шыр. да 5 см, цвёрдае, завостранае. Суквецце — густая пірамідальная мяцёлка даўж. да 50 см. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае. Ачышчае сцёкавыя воды. Ідзе на корм і подсціл жывёле. Багатыя крухмалам карэнішчы спажываюцца ў ежу. Выкарыстоўваецца як сыравіна для цэлюлозна-папяровай прам-сці (перспектыўны заменнік драўніны), як буд. матэрыял, паліва. Часам Т. няправільна наз. чаротам. Тэхн., кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Трыснёг звычайны.

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ у мовазнаўстве,

інтэгральны метад даследавання мовы, пры якім аб’ект вывучаецца з пункту гледжання яго функцый, заканамернасцей ужывання, сувязі з асяроддзем. Выкарыстоўваецца ў функцыянальнай лінгвістыцы. Пры Ф.а. вызначаюцца лексічныя, сінтакс., кантэкстуальныя, сітуацыйныя і прагматычныя ўмовы выкарыстання слоў і выразаў. Напр., пры апісанні трывання ўлічваецца лексічнае значэнне дзеясловаў, спосаб дзеяння, адносіны паміж трываннем і часам і інш. Адзін з асн. прадметаў Ф.а. — функцыянальна-семантычныя палі — групоўкі адзінак розных узроўняў (лексічны, марфал., сінтакс.), аб’яднаныя агульнай семантычнай функцыяй. Пры Ф.а. матэрыял аналізуецца ад сэнсу да выражэння, ад функцыі да сродкаў яе рэалізацыі. Важныя аспекты Ф.а. — дыяхранічны і супастаўляльны. Пачынальнікі Ф.а. — А.​А.​Патабня, І.​І.​Мешчанінаў, О.​Есперсен, Э.​Бенвеніст.

Літ.:

Функциональный анализ грамматических аспектов высказывания. Л., 1985.

М.​В.​Супрунчук.

т. 16, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, ельнікі,

фармацыя карэнных хвойных лясоў, у дрэвастоі якіх пераважае елка. Адносяцца да прыродна-прагрэсіўных эдыфікатараў, здольных укараняцца ў інш. фітацэнозы і выцясняць іх. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі займаюць 9,6% агульнай пл. лясоў. Пашыраны амаль па ўсёй тэр. рэспублікі; 70% іх сканцэнтравана на Пн. Ўзрост тэхн. спеласці 81—90 гадоў. У выніку павышанай эксплуатацыі ў Я.л. пераважаюць маладнякі. Прадукцыйнасць высокая, насаджэнні вышэйшых банітэтаў (Ia—II) складаюць каля 96%. Ценевынослівасць елкі спрыяе фарміраванню насаджэнняў з высокай паўнатой, самкнутым полагам. Вылучаюць 12 тыпаў Я.л.: імшыстыя, кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, даўгамошныя і інш. Я.л. маюць вял. прыродаахоўнае і гасп. значэнне. Даюць высакаякасны буд. матэрыял, сыравіну для цэлюлозна-папяровай прам-сці, атрымання віскознага валакна, кармавых дражджэй, спірту, каніфолі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНФАРМА́ЦЫЯ,

праграма развіцця арганізма, атрыманая ад продкаў і закладзеная ў спадчынных структурах — генах. Запісана паслядоўнасцю нуклеатыдаў малекул нуклеінавых к-т (ДНК, у некат. вірусаў таксама РНК). Мае звесткі пра будову ўсіх ферментаў, структурных бялкоў і РНК клеткі, а таксама пра рэгуляцыю іх сінтэзу. Генетычная інфармацыя, якая счытваецца ў працэсе трансляцыі, складаецца са значэнняў трыплетаў генетычнага кода і ўключае знакі пачатку і заканчэння бялковага сінтэзу. У шматклетачных арганізмаў пры палавым размнажэнні генетычная інфармацыя перадаецца з пакалення ў пакаленне праз палавыя клеткі, у пракарыятычных мікраарганізмаў — праз трансдукцыю і трансфармацыю. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў пераносу генетычнай інфармацыі: агульны, уласцівы любым клеткам арганізма; спецыялізаваны (напр., у клетках, пашкоджаных вірусамі, генет. матэрыял якіх складаецца з РНК); забаронены перанос — працэсы, якія раней ніколі не былі зарэгістраваны (ад бялку да ДНК і РНК; ад бялку да бялку).

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,

сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),

Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп ​89Y. У зямной кары 2∙10​−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.​Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.​Вёлерам.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м³. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз. прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.

Д.​М.​Кукуй.

Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,

поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.

У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙10​4, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасці арган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ РЭ́ЧЫВА,

хімічнае рэчыва (матэрыял), у саставе якога ёсць радыенукліды. Небяспечныя для чалавека (гл. Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Радыеактыўнае забруджванне).

Паводле радыетаксічнасці ўсе радыенукліды падзяляюць на 4 групы. Група А — асабліва небяспечныя для чалавека радыенукліды цяжкіх элементаў (напр., палоній-210, ізатопы плутонію з масавымі лікамі 238—240, 242, 244), ядры якіх здольныя да спантаннага дзялення ці альфа-распаду, маюць параўнальна вялікія перыяды паўраспаду і могуць назапашвацца ў жыццёва важных органах чалавека. Радыенукліды з высокай (стронцый-90, ёд-131, цэрый-144, радый-224, торый-227, уран-235 і інш.), сярэдняй (натрый-22, фосфар-32, кальцый-45, жалеза-59, кобальт-60, цэзій-137 і інш.) і малой радыетаксічнасцю (вуглярод-14, вадарод-3 і інш.) адносяцца да груп Б, В і Г адпаведна. Работа з Р.р. рэгламентуецца нормамі радыяцыйнай бяспекі.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРУ́БЕР (англ. scrubber ад scrub скрэбці, чысціць),

1) апарат, у якім прамысл. газы ачышчаюцца ад цвёрдых або газападобных прымесей шляхам прамывання вадкасцю. Бываюць з фарсункамі для распылення вадкасці, з насадкамі (керамічнымі кольцамі) і з вярчальнымі лапаткамі для перамешвання газаў з вадкасцю. З дапамогай С. улоўліваюць прадукты каксавання, робяць ачыстку газаў ад пылу (пылаўлоўліванне, газаачыстку), выдаленне з іх попелу і інш. 2) Машына барабаннага тыпу для прамыўкі карысных выкапняў вадой з мэтай ачысткі ад гліністых і інш. дамешкаў. Бываюць праматочныя, у якіх вада і матэрыял, што прамываецца, рухаюцца ў адным напрамку, і проціточныя, дзе яны перамяшчаюцца ў сустрэчных напрамках. Гл. таксама Абсорбер.

Схема скрубера: 1 — газаход; 2 — камера змешвання; 3 — прыёмны патрубак газу; 4 — фарсунка (распыляльнік вадкасці); 5 — трубаправод вадкасці; 6 — камера ачышчанага газу; 7 — помпа.

т. 14, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)