ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў 13 ст. ў бас. р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г. Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.
Я.Г.Звяруга.
т. 4, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),
князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.
т. 4, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.
Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ. Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ЕВА (Нагіма Хамідулаўна) (н. 9.9.1949, С.-Пецярбург),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1980). З 1980 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Індывідуальнасці Галеевай найб. адпавядаюць партыі драм. і псіхал. плана: Любаша, Вясна («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Мадалена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Рыгалета»; саліруючае мецца-сапрана ў «Рэквіеме» Дж.Вердзі), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня і Паліна, Любоў («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Сузукі («Чыо-Чыо-сан» Дж.Расіні). З інш. партый: Ахросімава, Элен («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Ганна («Новая зямля» Ю.Семянякі. Дыпламант 9-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1979).
Г.Р.Куляшова.
т. 4, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Г.М.Семянчук.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),
расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш. Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).
Літ.:
Вяземский П.А. С.Н.Глинка. СПб., 1847;
Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч. М., 1986. Т. 2.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
А.А.Саламаха.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).
Б.С.Смольскі.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.
М.Р.Гайдук.
т. 6, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА (Паліна Васілеўна) (н. 1.6.1927, в. Палоева Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас Я.Віцінга). З 1955 салістка Бел. філармоніі, у 1957—83 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Найб. блізкія ёй ролі лірыка-драм. плана. Сярод партый у нац. операх Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), у класічных — Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша, Любава («Царская нявеста» і «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Графіня і Паліна, Княгіня («Пікавая дама», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Амнерыс, Ульрыка, Азучэна («Аіда», «Баль-маскарад», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лаура і Сляпая («Джаконда» А.Панк’елі). У канцэртным рэпертуары творы бел. кампазітараў, кампазітараў-класікаў, бел. нар. песні.
А.Я.Ракава.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)