ПЕРСПЕКТЫ́ВА (франц. perspective ад лац. perspicio ясна бачу) у геаметрыі, метад адлюстравання аб’ёмных цел на плоскасці (ці інш. паверхні), які ўлічвае іх прасторавую структуру і аддаленасць іх асобных частак ад назіральніка. Адрозніваюць П.: лінейную — на плоскасці, панарамную — на ўнутр. паверхні цыліндра, ку́пальную — на ўнутр. паверхні сферы і інш. Аснова П. — цэнтр. праекцыя (гл.Праекцыя).
Для атрымання перспектыўнага відарыса прадмета з выбранага пункта прасторы (цэнтра П., у якім знаходзіцца назіральнік) праводзяць прамяні праз кожны бачны пункт дадзенага прадмета. На шляху прамянёў ставяць паверхню; на перасячэнні прамянёў з паверхняй атрымліваюць відарыс прадмета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,
спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.
Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт Pназ. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКА»,
бел.нар. гульня. Для яе неабходна мець адну «П.» (невял. прадмет). Гульцы (10 і болей чал.) выбіраюць вядучага — «раздатчыка», становяцца ў круг плячо ў плячо, спінай унутр круга, і трымаюць за спінай складзеныя кубачкам далоні. «Раздатчык» ходзіць у крузе, непрыкметна ўкладвае каму-небудзь у далоні «П.», становіцца ў цэнтры і гаворыць: «Дзверцы адчынены!» Той, у каго знаходзіцца «П», бяжыць да «раздатчыка» і аддае яму «П.» (дакранаецца). Гульцы, што стаяць побач, павінны затрымаць яго. Хто першы яго схопіць, становіцца «раздатчыкам», калі не атрымаецца, то «раздатчыкам» становіцца той, хто аддаў «П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКА́ЛЬНІК МАГНІ́ТНЫ,
электрычны апарат пераменнага току для дыстанцыйнага пуску, спынення і аховы ад перагрузак і кароткіх замыканняў эл. установак (напр., рухавікоў з каротказамкнутым ротарам). Бывае нерэверсіўны і рэверсіўны, існуюць спец. П.м. для пераключэння абмотак шматскарасных электрапрыводаў.
Кантактавая сістэма П.м. спрацоўвае ад эл.-магн. прывода. Нерэверсіўны П.м. мае кнопачны пульт, кантактар і цеплавое рэле. У адрозненне ад яго рэверсіўны П.м. мае 2 кантактары, зблакіраваныя механічна і электрычна (ва ўключаным стане можа знаходзіцца талькі адзін з іх). Пры пачарговым уключэнні кантактараў пераключаюцца фазы сілкавання і напрамак вярчэння рухавіка мяняецца. Вырабляецца ў звычайным, ахоўным і выбуховабяспечным варыянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і асноў светапогляду, развіццё мыслення і прывіццё культуры разумовай працы; адна з асн. частак усебаковага выхавання чалавека. З’яўляецца няспынным працэсам, які пачынаецца ў дашкольным узросце, актывізуецца ў працэсе адукацыі ў школе і інш.навуч. установах і самаадукацыі. У працэсе Р.в. актывізуецца і ўскладняецца разумовая дзейнасць, засвойваюцца і сістэматызуюцца веды; у сувязі з гэтым развіваюцца ўвага, назіральнасць, памяць, уяўленне, мысленне, мова, самастойнасць, уменне скарыстоўваць веды на практыцы і інш. Р.в. знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з інш. састаўнымі часткамі выхавання (гл.Самавыхаванне, Сенсорнае выхаванне, Фізічнае выхаванне, Эстэтычнае выхаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛАПАДО́БНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
аднаклетачныя эндаэпітэліяльныя слізістыя залозы эпітэлію чалавека і жывёл. Знаходзяцца ў кішэчніку, паветраносных шляхах, матцы і яйцаводах, вывадных пратоках падстраўнікавай і слінных залоз, кан’юктывы вока. Сінтэзуюць, назапашваюць і выдзяляюць слізісты сакрэт, які ўвільгатняе паверхню эпітэлію. Утвараюцца са звычайных эпітэліяльных клетак. У верхняй частцы бакалападобнай клеткі, што ўкрыта мікраварсінкамі, назапашваюцца гранулы сакрэту (муцынаген), якія абвадняюцца і ператвараюцца ў масу слізі (муцын). Бакалападобныя клеткі набракаюць у верхняй частцы і звужаюцца каля асновы, дзе знаходзіцца ядро, набываюць бакалападобную форму. Потым верхняя частка разрываецца, слізь трапляе ў прасвет органа, бакавыя сценкі бакалападобнай клеткі спадаюцца, робяцца прызматычнымі і зноў назапашваюць сакрэт. Існуе думка пра безупыннае яго выдзяленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВЫ́ РУХцвёрдага цела,
механічны рух, які складаецца з прамалінейнага паступальнага руху з пастаяннай скорасцю і вярчальнага руху з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол восі, паралельнай напрамку паступальнай скорасці. Адрозніваюць прававінтавы (вектары вуглавой скорасці вярчэння і паступальнай скорасці накіраваны ў адзін бок) і левавінтавы рух (гэтыя вектары накіраваны ў розныя бакі). Любы складаны рух цвёрдага цела можна выявіць як серыю элементарных (імгненных) вінтавых рухаў, пры гэтым вось вінтавога руха наз.імгненнай вінтавой воссю, якая бесперапынна змяняе свой напрамак у прасторы і ў рухомым целе.
Да арт.Вінтавы рух: v — скорасць паступальнага руху; ω — вуглавая скорасць; VM — скорасць пункта M, які знаходзіцца на адлегласці r ад восі вярчэння AA1
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ АПТЭ́КІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіццаГродзенская аптэка-музей.