КАРБААНГІДРА́ЗА,

фермент класа ліяз, які каталізуе абарачальнае ўтварэнне вугальнай к-ты з двухвокісу вугляроду і вады. Металапратэід (мае атам цынку), малекулярная маса каля 30 000. Выяўлена ў жывёл, чалавека, раслін, бактэрый. Знаходзіцца ў эрытрацытах, клетках нырак, слізістай абалонцы страўніка, сятчатцы вока і інш. Рэгулюе кіслотна-шчолачную раўнавагу ў тканках і біял. вадкасцях. Адыгрывае важную ролю ў хуткім звязванні ці вызваленні вуглякіслага газу CO2 (напр., пры дыханні, сакрэцыі кіслага страўнікавага соку, пры падкісленні мачы ў нырках, утварэнні шкарлупіны яйца ў яйцаводах птушак і інш.). Інгібітары К. ўжываюцца пры лячэнні некат. сардэчна-сасудзістых і інш. хвароб.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)