род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн.Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАВАХІШВІ́ЛІ (М.) (сапр Адамашвілі Міхаіл Савіч, 20.11.1880, с. Цэракві Марнеульскага р-на, Грузія — 1937),
грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1903. Выступаў з апавяданнямі, артыкуламі супраць самадзяржаўя, за што быў прыцягнуты да суд. адказнасці. 3-за праследаванняў у 1907 выехаў за мяжу, падарожнічаў па Еўропе і Амерыцы. Пасля вяртання на радзіму ў 1909 выдаваў час. «Эры» («Нацыя»), які неўзабаве быў забаронены, а Дж. засуджаны да турэмнага зняволення, пазней — ссылкі. Аўтар сатыр. раманаў «Квачы Квачантырадзе» (1924), «Гіві Шадуры» (1928), гіст. «Арсен з Марабды» (1932), «Лёс жанчыны» (1936), адметных актуальнасцю тэматыкі і праблематыкі, майстэрствам сюжэтнай кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў А. Жук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙХЕ́РА (Heuchera),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн.Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (H. americana), гібрыдная (H. hybrida) і крывава-чырвоная (H. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЕ́НІУМ (Helenium),
род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр.Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (H. autumnale) і Хупа (H. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.
насякомае сям. галіц атр. двухкрылых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн.Амерыцы. На Беларусі абмежаваныя ачагі пашырэння ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Цела даўж. 2,5—3,5 мм, зверху цёмна-шэрае або жаўтавата-бурае, знізу светлае. Падобная да камара. Галава вузейшая за грудзі, брушка цыліндрычнае або канічнае. Вочы фасетачныя. Ногі тонкія. Да 3 пакаленняў за год. Лёт першага пакалення ў час усходаў яравой пшаніцы. Яйцы (50—500) адкладвае на верхнім баку ліста злакавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта). Лічынкі верацёнападобныя, малочна-белыя або ружова-жоўтыя, даўж. 0,8—4 мм, ротавыя органы сысучыя, кормяцца сокамі раслін і выклікаюць уздуцці (галы). Дарослая не корміцца. Шкодзіць сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРНІ́ЦА (Linaria),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі, Паўн.Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца ўсюды З. звычайная, або лянок (L. vulgaris), у паўд. раёнах — жаўтазелялістая (L. genistifolia). Растуць на палях, лугах, у лясах, каля дарог. У культуры вырошчваюць З. мяса-чырвоную (L. incarnata), якая зрэдку трапляецца як здзічэлая.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністая расліны з прамастойным ці галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце сядзячае, чаргаванае або кальчаковае. Кветкі няправільныя з трубчастым, двухгубым вяночкам жоўтага, чырв., белага, сіняга і інш. колеру, з моцна развітым нектарнікам, сабраныя ў верхавінкавыя суквецці. Плод — шматнасенная каробачка. Лек., медапосныя і дэкар. расліны. Некат. віды (напр., З. звычайная) — пустазелле, ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн.Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫ́Р, вінная ягада, смакоўніца,
фігавае дрэва (Ficus carica),
кветкавая расліна сям. тутавых. Больш за 600 сартоў. Пашыраны ў дзікім стане ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, Іране, Індыі. Вырошчваецца ў Паўн.Амерыцы, Сярэдняй Азіі, Крыме, на Каўказе.
Субтрапічнае пладовае дрэва выш. да 10 м з моцным карэнішчам. Жыве да 200 гадоў. Маладыя парасткі зялёныя, гладкія ці апушаныя. Лісце ападаючае, пальчата-лопасцевае, знізу апушанае. Двухдомнае, кветкі ўнутры грушападобных мясістых суквеццяў дзвюх форм (капрыфігах на мужчынскіх дрэвах, фігах — на жаночых). Плод — дробная сямянка ўнутры суплоддзя, запоўненага салодкай мякаццю. Спажываецца ў свежым выглядзе і пасля перапрацоўкі (сушка, варэнне, джэм, кампот). У сушаных пладах (вінных ягадах) да 77% цукру, шмат вітамінаў A, B1 B2, C, кальцыю, фосфару, жалеза.