БУШ ((Bush) Алан Дадлі) (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.Робсану); песні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКІ́ ПРАКА́ТНЫЯ,
рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.
Ліставыя валкі пракатныя (наз. таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.
Валкі пракатныя: а — схемы валкоў блюмінга (1), сартавога (2) і лістапракатнага (3) станаў; б, в — валкі ліставыя і сартавыя (1 — прывадны канец, 2 — шыйкі, 3 — бочка, 4 — выраб: ліставы і двухтаўровы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬРАФ ((Wallraff) Гюнтэр) (н. 1.10.1942, г. Буршайд, Германія),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Стаў шырока вядомы дзякуючы сваім палітычна завостраным рэпартажам, у аснове якіх — уласныя назіранні за жыццём рабочых (у т. л. замежных у ФРГ, а таксама за метадамі работы «бульварнай» прэсы («Ты нам патрэбны», 1966; «Трынаццаць непажаданых рэпартажаў», 1969; «Новыя рэпартажы», 1972; «Вы там, уверсе, мы тут, унізе», 1973, сумесна з Б.Энгельманам; «Нараджэнне сенсацыі. Чалавек, які ў Більдзе быў Гансам Эсэрам», 1977; «На самым дне», 1985; «Позірк у паперы», 1987, і інш.). Аўтар шэрагу тэле- і радыёп’ес.
Тв.:
Ganz unten. 3. Aufl. Berlin;
Weimar, 1987;
Рус.пер. — Нежелательные репортажи. М., 1982;
Репортер обвиняет: Худож. публицистика. М., 1988.
Літ.:
История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1983. Т. 3. С. 247, 149—250, 271.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ (Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),
французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).
Тв.:
Рус.пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;
У кн.: Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАЗЬу архітэктуры,
элемент купальнай канструкцыі, які забяспечвае пераход ад квадратнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці купала ці яго барабана; адзін з асн. канструкцыйна-маст. элементаў візант. і стараж.-рус. архітэктуры. Вядомы ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму і інш. На Беларусі ветразі з’явіліся ў мураванай культавай архітэктуры 11—12 ст. (Полацкі Сафійскі сабор, Гродзенская Барысаглебская царква). Існуюць 2 асн. іх разнавіднасці: у выглядзе сферычных трохвугольнікаў (павернуты вяршыняй уніз, выкарыстоўваюцца пры пераходзе ад чацверыкоў да круглага ў плане купала або барабана) і плоскіх трохвугольнікаў (пры пераходзе да васьмерыкоў).
У драўляным дойлідстве Беларусі 17—19 ст. вядомы ветразі сферычныя, плоскія нахіленыя, гарыз. (кансольна-бэлечныя); прамыя (пры пераходзе чацверыка ў васьмярык) і адваротныя (пры пераходзе васьмерыка ў чацвярык; Рубельская Міхайлаўская царква і Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Іван Мацвеевіч) (14.9.1891, с. Мілалюб Пскоўскай вобл., Расія — 20.3.1983),
савецкі матэматык.
Акад.АНСССР (1929). Чл. шматлікіх замежных АН. Двойчы Герой Сац. Працы (1945, 1971). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1918 у Пермскім ун-це, ленінградскіх політэхн. ін-це і ун-це. З 1932 дырэктар Матэм. ін-та АНСССР. Навук. працы па аналіт. тэорыі лікаў. Прапанаваў адзін з самых эфектыўных і агульных метадаў аналіт. тэорыі лікаў — метад трыганаметрычных сум, які дазволіў атрымаць фундаментальныя вынікі па праблемах Варынга, Гільберта—Камке, Гольдбаха, ацэнцы сум Вейля і інш. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1983. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АНСССР (1971).
Тв.:
Метод тригонометрических сумм в теории чисел. 2 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́ РУХ,
рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.
Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, якіназ. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІЗА́ЦЫЯ,
тэхналагічны працэс пераўтварэння каўчуку ў гуму, які ажыццяўляецца з удзелам т.зв. вулканізавальных агентаў ці фіз. фактараў. У выніку вулканізацыі павышаецца трываласць, цвёрдасць, эластычнасць, цепла- і марозаўстойлівасць каўчуку, зніжаецца яго растваральнасць у арган. растваральніках, што абумоўлена злучэннем («сшываннем») гнуткіх макрамалекул каўчуку ў трохмерную прасторавую сетку рэдкімі папярочнымі сувязямі.
Папярочныя сувязі ў каўчуку пры вулканізацыі ўтвараюцца пад уздзеяннем агентаў вулканізацыі і энергет. фактараў (напр., высокая т-ра, іанізавальная радыяцыя). У якасці агентаў вулканізацыі выкарыстоўваюць арган. злучэнні розных класаў (напр., серазмяшчальныя, пераксіды, сінт. смолы), якія выбіраюць залежна ад хім. будовы каўчуку і мяркуемых умоў эксплуатацыі вырабаў. Большасць гумавых сумесей вулканізуюць пры т-ры 130—200 °C у формах ці ў «свабодным» стане ў катлах, аўтаклавах і інш.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.