«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял. Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
С.П.Самуэль.
т. 12, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,
бел. культ.-асв. т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.Бусла і Я.Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.Аляхновіча, У.Галубка (у чэрв.—ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел. нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-ва была прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.
У.В.Ляхоўскі.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц. г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл. Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
т. 12, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
т. 12, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр. ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
т. 12, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,
частка энергіі мех. сістэмы, залежная ад узаемнага размяшчэння матэрыяльных пунктаў (часціц) сістэмы і іх становішча ў знешнім сілавым полі (гл. Поле фізічнае).
П.э. сістэмы ў вызначаным стане роўная рабоце, якую выконваюць сілы, што дзейнічаюць на яе, пры перамяшчэнні сістэмы з гэтага стану ў той, дзе П.э. ўмоўна прынята роўнай нулю. З гэтага вызначэння вынікае, што тэрмін «П.э.» выкарыстоўваецца толькі для кансерватыўных сістэм, а сама П.э. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (дакладнае значэнне мае змена П.э.). Напр., для часціц з масамі m1 i m2, якія знаходзяцца на адлегласці r і ўзаемадзейнічаюць паводле сусветнага прыцягнення закону, П.э.
, дзе G — гравітацыйная пастаянная (U(r) = 0 пры r→∞). Для цела з масай m, паднятага на вышыню h (h < R, R — радыус Зямлі), U(h) = mgh, дзе g — паскарэнне свабоднага падзення (U(h) = 0 пры h = 0). Пры адсутнасці дысіпацыі энергіі сума кінетычнай энергіі і П.э. (поўная мех. энергія сістэмы) застаецца пастаяннай (гл. Энергіі захавання закон). Адзінка П.э. ў СІ — джоуль.
А.Л.Болсун.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКУС ((Minkus) Людвіг Фёдаравіч) (сапр. імя Алаізій Людвіг; 23.3.1826, Вена — 7.12.1917),
аўстрыйскі скрыпач, кампазітар, педагог. Па нацыянальнасці чэх (паводле інш. звестак — паляк). Муз. адукацыю атрымаў у Вене. Працаваў пераважна ў Расіі. У 1853—55 капельмайстар хатняга аркестра кн. М.Б.Юсупава ў Пецярбургу, у 1861—72 саліст аркестра Вял. т-ра ў Маскве, з 1862 адначасова інспектар балетнай музыкі маскоўскіх т-раў, у 1872—90 кампазітар балетнай музыкі пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. У 1866—72 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Пасля 1890 жыў у Вене. Аўтар каля 20 балетаў, у т. л. «Фіямета, або Перамога кахання» (паст. 1864), «Пахіта» (паст. 1864, разам з Э.Дэльдэвезам), «Ручай» (паст. 1866, з Л.Дэлібам), «Дон Кіхот» (паст. 1869), «Камарго» (паст. 1872), «Баядэрка» (паст. 1877), «Млада» і «Дачка снягоў» (паст. абодва 1879), «12 эцюдаў» і інш. п’ес для скрыпкі. Яго лепшыя балеты вызначаюцца меладычнай, яскрава танцавальнай, рытмічнай музыкай. «Вялікае класічнае па» з «Пахіты», «Дон Кіхот», «Баядэрка» і класічны акт «Цені» з яе неаднаразова ставіліся ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.
т. 10, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БАЛО́ТНАЯ ДО́СЛЕДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
першая навук. ўстанова па культуры балот у Расіі і Беларусі. Засн. 21.8.1911 у Мінску паводле рашэння балотнай камісіі Мінскага губ. земства. 1-ы дырэктар А.Ф.Флёраў. Праводзіла навук. даследаванні ў галіне земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, геабатанікі, аграхіміі і агратэхнікі. Мела доследную гаспадарку (7,5 дзесяціны балотнай глебы каля прыпынку Лахва Палескай чыг.). У 1912—17 выдавала час. «Болотоведение» (з 1915 выходзіў у Маскве), які публікаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навук. артыкулы, паведамленні аб новых машынах па асушэнні балоцістых глеб і здабычы торфу, агляды айч. і замежнай л-ры па балотнай справе. У 1912 удзельнічала ў юбілейнай с.-г. і саматужнай выстаўцы, арганізаванай Смаленскім т-вам сельскай гаспадаркі, у нарадзе па кармавых раслінах, лугаводстве і асушэнні балот Беларусі і Літвы. У 1913 пераўтворана ў раённую. У зону яе дзейнасці ўваходзілі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губ. У 1930 на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балот Бел. дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі.
З.В.Шыбека.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў 1920—21. Створаны ў 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, У.А.Пічэта, праф. Дз.Ц.Кулагін, Ф.Ф.Турук, праф. Маскоўскага ун-та Р.Ю.Віпер, А.М.Беркенгейм. Дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е рыхтавала педагогаў для дашкольных устаноў (тэрмін навучання 2 гады); 2-е — настаўнікаў пач. школ (3 гады); 3-е — настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады), якое складалася з 6 ф-таў: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фізіка-хім., фізіка-матэм. Меў фіз., прыродазнаўчы, гіст., этнагр. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (9,5 тыс. тамоў). Пры ін-це дзейнічалі Мінскае навук. пед. т-ва (1919—23), Мінскае т-ва гісторыі і старажытнасці (1919—25). Паводле загаду Наркамасветы БССР ад 1.9.1921 1-е і 2-е аддз. ўвайшлі ў склад створанага Мінскага пед. тэхнікума, 3-е аддз. ў 1921—22 — у складзе ф-та грамадскіх навук БДУ.
Літ.:
Новик Е.К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917—1941 гг.). Мн., 1981;
Ляхоўскі У. Узгадаем з удзячнасцю // Адукацыя і выхаванне. 1995. № 11.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)