дзяржаўныя і паліт. дзеячы Вялікабрытаніі. Джозеф (8.7.1836, Лондан — 2.7.1914). Вучыўся ў каледжы Лонданскага ун-та (1850—52). Фабрыкант. У 1873—76 мэр г. Бірмінгем. З 1876 дэп. парламента ад ліберальнай партыі. У 1880—85 і 1886 міністр ва ўрадах У.Ю.Гладстана. У 1886 выступіў супраць законапраекта аб наданні Ірландыі аўтаноміі і з групай прыхільнікаў (ліберал-юніяністаў) выйшаў з ліберальнай партыі, а пазней з’яднаўся з кансерватарамі. У 1895—1903 міністр калоній. Адзін з ініцыятараў англа-бурскай вайны 1899—1902.
Осцін (16.10.1863, г. Бірмінгем — 16.3.1937), сын Джозефа. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це, потым у Парыжы і Берліне. З 1892 дэп. парламента. У 1902—1905, 1915—17, 1919—22 на розных міністэрскіх пасадах, у 1924—29 міністр замежных спраў. Змагаўся за гегемонію Вялікабрытаніі ў Еўропе, у межах гэтай палітыкі падпісаў Рэйнскі гарантыйны пакт 1925 (гл.Лакарнскія дагаворы 1925). Ініцыятар разрыву дыпламат. адносін Вялікабрытаніі з СССР у 1927 (адноўлены ў 1929 урадам лейбарыстаў).
Невіл (18.3.1869, Эдгбэстан каля г. Бірмінгем — 9.11.1940), сын Джозефа. Вучыўся ў Бірмінгемскім каледжы. Займаўся прадпрымальніцтвам. У 1915—16 лорд-мэр Бірмінгема. З 1918 дэп. парламента ад кансерватыўнай партыі. У 1922—29 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—37 міністр фінансаў. У 1930—31 старшыня кансерватыўнай партыі, у 1937—40 яе лідэр і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Прыхільнік тактыкі ўступак гітлераўскай Германіі, для прадухілення новай вайны падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938. Няўдалы для Вялікабрытаніі пачатак 2-й сусв. вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Фаміч (4.3.1897, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1938),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР, удзельнік устанаўлення сав. ўлады на Беларусі, грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 на падп. рабоце ў Мінскай губ., быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1921—26 нам. наркома юстыцыі, пракурор БССР, заг.арганізац. аддзела і адказны сакратар Цэнтр. Савета прафсаюзаў Беларусі. З 1926 на прафс. рабоце ў Сібіры, 1-ы сакратар Іркуцкага акр.к-таВКП(б). З кастр. 1930 да лют. 1934 2-і сакратар і чл. Бюро ЦККП(б)Б. З 1934 чл. Камісіі парт. кантролю пры ЦКВКП(б), упаўнаважаны КПК па Казахстане, з 1936 — па Харкаўскай вобл. З сак. да ліп. 1937 1-ы сакратар і чл. Бюро ЦККП(б)Б. Чл.ЦККП(б)Б у 1925—27, 1932—34, 1937. Чл.ЦВКБССР у 1925—26, 1931—34 і яго Прэзідыума ў 1931—34. Зняты з пасады 1-га сакратара паводле пастановы Палітбюро ЦКВКП(б) «Па пытанні аб кіраўніцтве КП(б)Б» ад 27.7.1937 і ў той жа дзень арыштаваны ў Маскве. Неабгрунтавана абвінавачаны ў варожай дзейнасці супраць сав. улады. 13.3.1938 ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Маскве. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Адамушка У.І. Дзесяты першы сакратар // Памяць. Гіст.-дак. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЭ́РНІК Аляксандр Сяргеевіч (н. 16.10.1940, г. Іванава, Расія),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працуе ў станковай і манум.-дэкар. скульптуры, жывапісе. Яго творы вызначаюцца дынамічнай пластыкай, зваротам да ўнутр. свету чалавека, які раскрываецца з дапамогай дэкар. элементаў сімвалічнага і алегарычнага характару. Аўтар помнікаў невядомаму салдату ў в. Гарадзішча Мінскага р-на (1975), падпольшчыцам С.Бабаковай і Г.Каралёвай у г. Старыя Дарогі Мінскай вобл. (1984), сав. воінам і партызанам у г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. (1985), землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну ў в. Янавічы Клецкага р-на Мінскай вобл. (1987), «Землякам-аднавяскоўцам» у г. Клецк (1990), «Крывічы» ў г. Полацк Віцебскай вобл. (2001); надмагільных помнікаў Я.Драздовічу ў в. Ліпляні Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. (1982, з А.Марачкіным), А.Макаёнку (1983), М.Ткачову (1993), Ф.Янкоўскаму (1995), Г.Каханоўскаму (1997), М.Грыбаву (2000); манум.дэкар. кампазіцыі «Вясна» на праспекце Машэрава ў Мінску (1982), мемар. дошак, партрэтаў. Сярод станковых кампазіцый: «Мацярынства» (1972), «Максім Багдановіч» (1981, 1986), «Якуб Колас — настаўнік» (1982), «В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Мікола Гусоўскі», «Крывічы», «Вітаўт», «Хлеб партызанам», «Дрыгавічы» (усе 1984), «Спеў аб Ефрасінні» (1984, 1994), «Полацк — калыска нашай гісторыі» (1985), «Векапомнае (Рагнеда)» (1986), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Адлюстраванне» (1989, 1998), «Прысвячэнне Э.Рознеру» (1993), «А.Марачкін» (2000). Аўтар жывапісных твораў: «Золак» (1997), «Жнівень» (1998), «Грамніцы» (1999), «Бэз» (2003) і інш., трыпціха «Венецыя» (2000), серыі пейзажаў «Блакітныя азёры» (1996—97). Іл.гл. да арт.Скульптура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМУ́ШКА Уладзімір Іванавіч (н. 1.1.1952, в. Падгайна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, дзярж. дзеяч Беларусі. Канд.гіст.н. (1988). Скончыў БДУ (1973). У 1975—90 у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік» ЦК ЛКСМБ, К-це маладзёжных арг-цый Беларусі, Мінскай вышэйшай парт. школе. З 1991 нач. аддзела, нам. старшыні Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, з 2002 старшыня Нац. цэнтра па архівах і справаводстве (з ліп. 2002 К-т па архівах і справаводстве пры СМ Рэспублікі Беларусь). Чл. Кантрольнага савета Бел.рэсп. фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне» (1993—2003), старшыня навук.-кваліфікацыйнай камісіі па вызначэнні (пацвярджэнні) статусу месц прымусовага ўтрымання грамадзян на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну, прадстаўнік урада Рэспублікі Беларусь у Апякунскім савеце (Кураторыуме) фонду «Памяць, адказнасць і будучыня», нам. старшыні Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў Вял.Айч. вайны 1941—45 пры СМ Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы паліт. рэпрэсій 1920—50-х г. на Беларусі і рэабілітацыі іх ахвяр, вывазу цывільнага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію і яго рэпатрыяцыі на радзіму пасля вайны. Сааўтар кніг «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Памілуйце...» (1992, з Н.Івановай), «Беларускія остарбайтэры» (кн. 1—3, 1996—98), «Перад крутым паваротам», «Даведніка аб месцах прымусовага ўтрымання цывільнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі 1941—1944» (абедзве 2001) і інш.Дзярж. прэмія 2002.
Тв.:
Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Белорусские остарбайтеры: Ист.-аналит. исслед. Мн., 2001 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯСЛЮ́К Уладзімір Уладзіміравіч (н. 10.7.1941, г. Беласток, Польшча),
бел. рэжысёр, аператар дакумент. кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (2000). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1976). З 1958 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» у аб’яднанні «Летапіс». Аператар дакумент. фільмаў «Усё пачынаецца з праекта» (1971, Бронзавы медаль Міжнар. кінафестывалю ў Заграбе), «Птушка Ікс» (1972, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Тэгеране), «Вялікая дыяганаль» (1975, прызы Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску і міжнар. ў Будапешце, Лондане), «О спорт, ты — свет!» (1981, прыз Усесаюзнага кінафестывалю ў Фрунзе). Рэжысёр і аператар фільмаў пра спорт: «Вышыня» (1978, прыз Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Венецыі), «Трамплін ля возера» (1980, прыз Усесаюзнага кінафестывалю спартыўных фільмаў у Фрунзе), «У атацы ўся каманда» (1983, прыз Усесаюзнага кінафестывалю спарт. фільмаў у г. Каўнас), «Гуляючы, вер...» (1984, Залаты медаль Усесаюзнага кінафестывалю спарт. фільмаў у Рызе), «Зоркі фрыстайла» (1994, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Выбіраючы гімнастыку, выбіраю лёс» (прыз Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Сузор’е» (абодва 1996), «Убачыць перамогу» (1997, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Чаканне», «Трэнер» (абодва 1999), «Зорачкі са Смалявіч» (2000), «Малафееў. 20 гадоў пазней» (2001), «Хлопцы з МЧС» (2002). Фільмы «Стварэнне сціплай прыгажосці» (1999), «Імгненні жыцця», «Сёння — Аляксей Дудараў» (абодва 2000), «Сумаравы. Адкрыцці душы» (2001) прысвечаны бел. мастацтву. Фільмы «Трэці анёл затрубіў» (1991, прыз Міжнар. кінафестывалю «Экамір» у Мінску), «Бяда» (1992, прызы міжнар. кінафестываляў «Залаты Віцязь» у Маскве і «Экамір» у Мінску) аб праблемах Чарнобыля. Фільм «Ад зор чэрвеньскіх» (2000) пра франтавых кінааператараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),
1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.
2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.
Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).
Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л.тв.скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).
Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец.сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.
Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне абчасцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл.Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм.Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.
Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.Зізаній, П.Шпілеўскі, К.Нядзведскі, І.Нядзёшаў, Я.Карскі, К.Каганец, Б.Пачобка, Б.Тарашкевіч, М.Булахаў і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;
Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;
Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;
Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ.М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл і прыёмаў, што забяспечваюць пэўны тып арганізацыі ўлады, удзел грамадства ў фарміраванні дзярж. прадстаўнічых, судовых і выканаўчых органаў, выяўлення волі той часткі насельніцтва, якая паводле заканадаўства лічыцца дастатковай для прызнання выбараў легітымнымі. Існуюць агульнанац. прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, выбары ў органы мясц. самакіравання, у заканадаўчыя сходы штатаў або аналагічных адм.-тэр. адзінак, а таксама выбары некаторых мясц. службовых асоб (суддзяў, мэраў і інш.). Станаўленню сучасных выбарчых сістэм папярэднічала працяглая барацьба грамадзян многіх краін свету за наданне ім выбарчага права на дэмакр. умовах і адмену саслоўных, маёмасных, адукацыйных, расава-нац. абмежаванняў — цэнзаў выбарчых. Існаванне цэнзаў — прыкмета недэмакратычнасці выбарчай сістэмы. Асобы, якія карыстаюцца выбарчымі правамі ў дадзенай краіне, складаюць яе электарат, колькасць якога скарачаецца пры ўвядзенні абмежаванняў і павялічваецца пры рэалізацыі прынцыпаў усеагульнага выбарчага права. Максімальны ўдзел электарату ў выбарах — паказчык паліт. актыўнасці выбаршчыкаў. Разнастайнасць выбарчых сістэм можа быць зведзена да наступных: мажарытарная сістэма (сістэма большасці), прапарцыянальная сістэма прадстаўніцтва, прадстаўніцтва меншасці. Выбарчая сістэма ў кожнай краіне ствараецца ў залежнасці ад таго, як разумеюцца інтарэсы сваёй партыі і грамадства і ці адпавядаюць яны паліт. канцэпцыям і традыцыям. Выбары могуць быць прамыя, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа, або непрамыя, калі дэпутаты прадстаўнічага органа выбіраюцца ніжэйстаячымі выбарчымі органамі або выбарчымі калегіямі, у склад якіх уваходзяць выбраныя насельніцтвам выбаршчыкі або дэпутаты прадстаўнічых органаў.
У Рэспубліцы Беларусь выбарчае права грамадзян, прынцыпы і формы ўдзелу іх у выбарах, парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, арганізацыя і правядзенне выбараў, вызначэнне вынікаў галасавання рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі аб выбарах і інш. нарматыўнымі актамі.
Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і публічна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, прымаюць удзел у выбарах на роўных падставах. Выбары дэпутатаў у прадстаўнічыя органы ўлады з’яўляюцца прамымі: грамадзяне выбіраюць іх непасрэдна. Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў і назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Галасаванне на выбарах тайнае: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у час галасавання забараняецца. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты. У выпадках, прадугледжаных законам, выдаткі на выбары могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, грамадзян. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі. Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваен. становішча. Падставай для ўдзелу ў выбарах з’яўляецца ўключэнне грамадзяніна ў спіс выбаршчыкаў па выбарчым участку. Кандыдаты ў дэпутаты з часу іх рэгістрацыі выбарчымі камісіямі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарных і інш. сходах, нарадах, пасяджэннях, у друку, па тэлебачанні, радыё, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі. Парушэнне гэтага права можа быць абскарджана ў адпаведную выбарчую камісію. Кандыдат выступае з праграмай сваёй будучай дзейнасці. Грамадзяне, паліт. партыі, грамадскія аб’яднанні, прац. калектывы, калектывы навуч. устаноў, давераныя асобы маюць права на свабоднае і ўсебаковае абмеркаванне выбарчых праграм кандыдатаў, права весці агітацыю за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні і радыё, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамі. Агітацыя ў дзень выбараў не дапускаецца. Кандыдаты пасля іх рэгістрацыі на час правядзення сустрэч з выбаршчыкамі вызваляюцца ад выканання вытв. або службовых абавязкаў з захаваннем сярэдняй зарплаты; яны не могуць быць накіраваны без іх згоды ў працяглую камандзіроўку або прызваны на тэрміновую ваен. службу ці на ваен. зборы. Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, калі прызнана, што выбары адбыліся (выбары прызнаюцца неправедзенымі, калі ў іх прыняло ўдзел менш за палавіну ўнесеных у спісы выбаршчыкаў). Калі ў выбарчай акрузе ні адзін з кандыдатаў не быў выбраны ў 1-м туры выбараў, акр. выбарчая камісія прымае рашэнне аб правядзенні 2-га тура галасавання па двух кандыдатах, якія ў 1-м туры атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. У 2-м туры галасавання прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў іх прыняло ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругі, унесеных у спісы для галасавання. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў. У выпадку прызнання Саветам дэпутатаў паўнамоцтваў асобных дэпутатаў несапраўднымі, а таксама ў выпадку адклікання дэпутата для датэрміновага спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў у адпаведных выбарчых акругах у трохмесячны тэрмін з моманту выбыцця дэпутата праводзяцца новыя выбары. У выпадку выбыцця дэпутата менш як за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў выбары замест дэпутата, які выбыў, не праводзяцца.
Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам. Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш як дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады па падставах і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТКЕ́ВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА НАСЕЛЬНІЦТВА
Сацыяльная абарона як састаўная частка сац. палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на развіццё сац. сферы грамадства, задавальненне інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп насельніцтва, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы, забеспячэнне належнага ўзроўню аховы здароўя, адукацыі і выхавання людзей, скарачэнне беднасці і сац. няроўнасці, развіццё чалавечага патэнцыялу. Яна прадугледжвае комплекс мер па матэрыяльнай падтрымцы самых слабых і малазабяспечаных груп насельніцтва, сац. абароне інвалідаў, ветэранаў, пажылых людзей, беспрацоўных, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, пенсіённым забеспячэнні, сац. абслугоўванні грамадзян, сац. страхаванні, удасканаленні прац. адносін.
Асн. нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць адносіны ў сферы сац. абароны насельніцтва, з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (1991, у рэд. ад 14.7.2000), «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб ветэранах» (1992, у рэд. ад 12.7.2001), «Аб пенсіённым забеспячэнні» (1992, са зменамі ў 1998), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1992, у рэд. ад 19.3.2002), «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» (1995), «Аб сацыяльным абслугоўванні» (2000) і інш. Пытаннямі рэалізацыі дзярж. палітыкі ў галіне сац. абароны, павышэння эфектыўнасці прафес.сац. работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, забеспячэння сац. гарантый грамадзян непасрэдна займаюцца Мін-ва працы і сац. абароны Рэспублікі Беларусь, інш.рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. распарадчыя і выканаўчыя органы ўлады.
З гісторыі сацыяльнай дапамогі на Беларусі. Розныя формы дапамогі і ўзаемадапамогі існавалі ўжо ў насельніцтва, што жыло на тэр. Беларусі да 10 ст. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся структураваныя дзяржавай і грамадствам ін-ты дапамогі і падтрымкі — бальніцы, шпіталі, вучэльні, а таксама царк.-манастырская і царк.-прыходская сістэма абароны, якая ахоплівала ўсіх, хто меў патрэбу ў дапамозе. У ліку першых на Беларусі прытулкаў для дзяцей былі манастырскія вучылішчы, створаныя Ефрасінняй Полацкай; у манастырах знаходзілі прытулак і заспакаенне ўдовы, сіроты, нядужыя і ўбогія. З 14 ст. развіццё сац. дапамогі адбывалася ў рамках дзярж.-муніцыпальнага і абшчыннага апекавання. Статуты ВКЛ і інш. нарматыўна-прававыя акты 16—18 ст. змяшчалі шэраг патрабаванняў і норм па прадухіленні беднасці, абароне правоў сацыяльна слабых і маргінальных слаёў насельніцтва. З пач. 19 ст. на тэр. пражывання этнічных беларусаў дзейнічаў Статут грамадскага апекавання Рас. імперыі. Складвалася пэўная структура «закрытых» устаноў дапамогі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Прыказаў грамадскага апекавання (бальніцы, дамы апекі, багадзельні, інвалідныя дамы, дамы для невылечных хворых, выхаваўчыя дамы, сіроцкія і дзіцячыя прытулкі). З 1860—70-х г. на аснове айч. і замежнага вопыту намецілася тэндэнцыя пераходу ад дзярж. апекавання да дэцэнтралізаванага грамадскага апекавання, індывідуалізацыі дапамогі насельніцтву. У 1903 на Беларусі было 110 дабрачынных устаноў для апекі і выхавання дзяцей, іх лячэння, агульнага і спец. бясплатнага навучання, дзейнічала 29 сіроцкіх дамоў і дзіцячых прытулкаў.
З 1917 на тэр. Беларусі ўсталёўвалася сав. мадэль сац. забеспячэння і сац. страхавання насельніцтва на аснове фінансавання з дзярж. бюджэту і цэнтралізаванай сістэмы размеркавання фондаў. У 1920 у БССР створаны нар. камісарыят сац. забеспячэння. У 1921 дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі больш за 276 тыс.чал. (каля 10% насельніцтва тагачаснай БССР). Паступова складвалася гарантаваная сістэма сац. забеспячэння, якая ўключала матэрыяльнае забеспячэнне грамадзян у старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. У пасляваенны час дзяржава ўзяла на поўнае ўтрыманне інвалідаў Вял.Айч. вайны, якія страцілі родных і блізкіх і мелі патрэбу ў пастаянным доглядзе. У 1945 на Беларусі працавалі 22 дамы-інтэрнаты для інвалідаў гэтай катэгорыі і для састарэлых. У 1956 паводле Закона абдзярж. пенсіях расшырана кола асоб, якія мелі права на пенсію, памер пенсій рабочым і служачым па старасці павялічаны больш як у 2 разы, па інваліднасці — у 1,7 раза. З 1965 сталі назначацца пенсіі калгаснікам па старасці, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, а таксама дапамогі жанчынам-калгасніцам па цяжарнасці і родах. У 1960—80-я г павялічваліся мінімальныя памеры пенсій розным катэгорыям інвалідаў, рабочым і служачым, членам калгасаў. Развіваліся такія формы сац. падтрымкі, як дапамога мнагадзетным і адзінокім маці, утрыманне на сродкі дзяржавы адзінокіх і састарэлых грамадзян, якія страцілі працаздольнасць. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі з 1991 пачала фарміравацца сучасная бел. сістэма сац. абароны насельніцтва, сталі адраджацца традыцыйная бел. духоўнасць і практыка міласэрнасці, дабрачыннасці і канфесіянальнага сац. служэння.
Сістэмай пенсіённага забеспячэння ахоплены кожны непрацаздольны, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад грамадзянства, дзейнасці ў мінулым і інш. абставін; тым, хто не можа працаваць, але не мае права на прац. пенсію, назначаецца пенсія сацыяльная. Адзіная крыніца фінансавання прац. пенсій — бягучыя страхавыя ўзносы наймальнікаў (для большасці — 35% фонду аплаты працы) і работнікаў (1% індывід. зарплаты). Гэтыя сродкі акумулююцца ў пазабюджэтным Фондзе сац. абароны насельніцтва Мін-ва працы і сац. абароны. На пенсіі затрачваецца каля 80% сабраных узносаў, астатняя іх частка ідзе на выплаты, звязаныя з інш. страхавымі выпадкамі (аздараўленне насельніцтва, аплата часовай непрацаздольнасці, дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да 3-гадовага ўзросту). Пенсіённае забеспячэнне ваеннаслужачых і прыроўненых да іх асоб, дзярж. служачых, а таксама пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і людзей, якія атрымліваюць сац. пенсіі, ажыццяўляецца за кошт дзярж. бюджэту (поўнасцю або часткова).
Агульная колькасць пенсіянераў (з улікам пенсіянераў сістэмы мін-ваў абароны, унутр. спраў, па надзвычайных сітуацыях і К-та дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь) на працягу 1990—2003 павялічылася з 2375 тыс. да 2599 тыс.чал. За гэты час найб. павялічылася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце (з 1725 тыс. да 1912 тыс.чал.), што звязана з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі т.зв. старэння насельніцтва. Колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі за выслугу гадоў, павялічылася з 3 тыс. да 17 тыс.чал. На 14,5% скарацілася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі з выпадку страты карміцеля (з 187 тыс. да 160 тыс.чал.). У 1,4 раза вырасла колькасць атрымальнікаў сац. пенсіі і ў 2003 дасягнула 52 тыс.чал. (гл.табл. 1). Прагназуецца, што да 2020 на Беларусі асоб пенсіённага ўзросту (60/55 гадоў) будзе амаль 28%, а з улікам усіх, хто будзе атрымліваць дапамогу па інваліднасці і інш. віды выплат ва ўзросце ніжэй за пенсіённы, іх колькасць перавысіць 32% агульнай колькасці насельніцтва. У 2003 сярэдні памер назначаных пенсій склаў 114 тыс.руб. за месяц, або 38% сярэдняй налічанай заработнай платы і 69% велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту (у 1992 было адпаведна 20% і 78%). Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў 2003 складаў 119 тыс.руб., па інваліднасці — 109 тыс., у выніку страты карміцеля — 77 тыс., за выслугу гадоў — 150 тыс., сац. пенсій — 52 тыс.руб. Мінімальная пенсія па ўзросце склала 82 тыс.руб. (гл.табл. 2).
У 2003 на пенсіі затрачана 9,6% ВУП (у 1994—5,8%), што абумоўлена павышэннем узроўню забеспячэння і павелічэннем колькасці пенсіянераў. Сістэматычна праводзіцца індэксацыя пенсій, заснаваная на росце сярэдняй заработнай платы і змяненні велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. За 2003 каэфіцыент замяшчэння мінулага заработку (пенсіі па ўзросце) дасягнуў 43,6%; у адносінах да пражытачнага мінімуму пенсіянера гэтая дапамога перавысіла 125%. У сувязі з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў колькасць занятых у эканоміцы (плацельшчыкаў узносаў) прыкметна зніжаецца, а доля атрымальнікаў пенсій павялічваецца. З 1990 колькасць пенсіянераў павялічылася на 10,9%, а колькасць работнікаў скарацілася на 13,9%. У выніку колькасць атрымальнікаў пенсій, якія прыпадаюць на кожныя 100 работнікаў, павялічылася з 46 да 60 чал., або на 28%. Узмацненне дэфармацыі ўзроставай структуры грамадства і скарачэнне прац. патэнцыялу павялічвае нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва. Для падтрымання пенсій на дасягнутым узроўні і своечасовай іх выплаты вядзецца карэкціроўка ўмоў і норм назначэння пенсій, змяненне фактычнага ўзросту выхаду на яе па старасці, правіл выплаты працуючым пенсіянерам, умоў назначэння і крыніц фінансавання датэрміновых пенсій і інш. Ажыццяўляецца паступовы пераход да налічэння пенсій, зыходзячы з аб’ёму выплачаных страхавых узносаў, а ў перспектыве плануецца задзейнічаць накапляльныя механізмы фарміравання сродкаў на гэтыя мэты. Па індывіднакапляльнаму прынцыпу з розных крыніц будзе ажыццяўляцца фінансаванне дадатковага, абавязковага і добраахвотнага прафес. пенсіённага страхавання.
Сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі. Сямейная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь разглядаецца як састаўная частка сац. палітыкі дзяржавы і накіравана на забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканам., узнаўленчай, выхаваўчай і культ.-псіхал. функцый, рэалізацыю права дзяцей і моладзі на паўнацэннае фіз., інтэлектуальнае, маральнае і сац. развіццё. На Беларусі пражывае 2920 тыс. нуклеарных сем’яў, з іх 1580 тыс., або 54% ад агульнай колькасці, складаюць сем’і, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Каля 60% такіх сем’яў маюць адно дзіця, 35% — двое і 6% — трое і больш дзяцей. Каля 33% насельніцтва краіны маюць сярэднедушавы даход ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, што абумоўлівае нізкі ўзровень даходаў у мнагадзетных і няпоўных сем’ях. Практычна кожная другая сям’я распадаецца, павялічваецца колькасць няпоўных сем’яў, пазашлюбнай нараджальнасці, бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Востра стаіць праблема дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, павялічваецца колькасць дзяцей-інвалідаў.
Асн. формамі дзярж. падтрымкі сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца: грашовыя выплаты сям’і на дзяцей у сувязі з іх нараджэннем, выхаваннем і ўтрыманнем (дапамогі і пенсіі); прац., падатковыя, крэдытныя і інш. льготы; матэрыяльная дапамога ў грашовай і рэчавай формах; сац. абслугоўванне сям’і. Такую дапамогу атрымліваюць больш за 700 тыс. дзяцей, або 37% ад іх агульнай колькасці. У 2003 на гэтыя мэты зрасходавана 334 млрд.руб. Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда і дзіця, інфіцыраванае вірусам СНІД, ва ўзросце да 18 гадоў, назначаецца незалежна ад сукупнага даходу. Сем’ям з дзецьмі прадугледжаны льготы па падаткаабкладанні, аплачваюцца харчаванне ў дашкольных установах і падручнікі. Малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць бясплатнае харчаванне да першых двух гадоў жыцця дзіцяці; мнагадзетныя вызваляюцца ад выплаты зямельнага падатку. Калі расходы на жыллё і камунальныя паслугі перавышаюць 25% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, то ёй даюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.
На Беларусі дзейнічае сістэма адраснай сац. дапамогі, якую атрымліваюць найб. неабароненыя сем’і і грамадзяне, мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, што выхоўваюць непаўналетніх у выпадку, калі сукупны сярэднедушавы даход сям’і за 3 мес, што папярэднічалі звароту па дапамогу, не перавышае 60% дзеючага бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. Розныя сац. паслугі сям’і аказваюць 153 цэнтры сац. абслугоўвання насельніцтва, 24 сац.-пед. цэнтры, 74 прытулкі для непаўналетніх і 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі. Значныя паслугі, матэрыяльную дапамогу мнагадзетным і няпоўным сем’ям аказваюць мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы са сродкаў мясц. бюджэтаў. Развіццю сістэмна-комплекснага падыходу да вырашэння праблем дзяцінства і сям’і садзейнічае рэалізацыя прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» на 2001—05 з падпраграмамі «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці-інваліды», «Дзіцячае харчаванне», «Удасканаленне сацыяльнай абароны сям’і і дзяцей».
Сацыяльная абарона ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей. На Беларусі пражывае амаль 95 тыс. ветэранаў Вял.Айч. вайны, 25 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэр.інш. краін, 480 тыс. інвалідаў, каля 900 чал. дажылі да 100 гадоў. Дзейнічае Рэсп. міжведамасны савет па праблемах інвалідаў. У краіне створана сістэма мед. рэабілітацыйнай службы, якая ўключае 284 аддзяленні (62 стацыянарныя і 222 амбулаторныя), 15 санаторных і 16 цэнтраў мед. рэабілітацыі (усяго больш чым на 2,5 тыс. ложкаў). У 2003 на базе 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі прайшлі падрыхтоўку каля 1000 дзяцей з парушэннямі развіцця. У Мінску, Гродне і Магілёве дзейнічаюць цэнтры сац. работ, у якіх інваліды працуюць і атрымліваюць спецыяльнасць. З мэтай рэалізацыі творчых і вытворчых здольнасцей інвалідаў і з улікам індывід. праграм рэабілітацыі ім забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, у спецыялізаваных арганізацыях, у цэхах і на ўчастках, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, а таксама займацца прадпрымальніцкай і інш.прац. дзейнасцю, не забароненай законам. Зацверджаны Дзярж. рэестр тэхн. сродкаў сац. рэабілітацыі, якія выдаюцца інвалідам бясплатна або на льготных умовах. Пратэзна-артапедычнымі вырабамі і інш.тэхн. сродкамі сац. рэабілітацыі карыстаюцца амаль 90 тыс.бел. грамадзян. Вырашаецца праблема стварэння безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, іх доступу да аб’ектаў сац. інфраструктуры, грамадскага транспарту, месцаў працы, адпачынку і вольнага часу, павышэння сац. статусу інвалідаў праз прац. дзейнасць.
Са сродкаў рэсп. і мясц. бюджэтаў, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў фінансуецца Рэсп. комплексная праграма па праблемах пажылых людзей. У краіне функцыянуюць 72 інтэрнатныя ўстановы на 17 240 тыс. месцаў, у т. л. 25 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых інвалідаў на 5079 месцаў, 4 санаторыі сац. сістэмы. Пабудаваны 13 спецыялізаваных жылых дамоў для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў з комплексам службаў сац.-быт. прызначэння на 1800 кватэр. У сельскай мясцовасці працуе 509 дамоў сац. паслуг, 17 невялікіх дамоў-інтэрнатаў, якія фінансуюць аграпрадпрыемствы ці мясц. выканаўчыя органы. У рамках прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» здадзены ў эксплуатацыю Багушэўскі, Гарадзішчанскі і Чэрвеньскі дамы-інтэрнаты. З лістапада 2000 у Рэсп. цэнтры для дзяцей-інвалідаў прайшлі рэабілітацыю 35 тыс.чал. У большасці раёнаў рэспублікі створаны фонды дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, якія фарміруюцца за кошт адлічэнняў гар.мясц. бюджэту і пазабюджэтных сродкаў, добраахвотных узносаў прац. калектываў, грамадскіх арг-цый і асобных грамадзян. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне 1 кастрычніка Дня пажылых людзей.
Сацыяльнае абслугоўванне грамадзян ажыццяўляецца на аснове дзярж.сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. У сістэме Мін-ва працы і сац. абароны дзейнічае нарматыў: адзін цэнтр сац. абслугоўвання на адм. раён. Ва ўсіх 156 раёнах краіны працуюць аддзяленні сац. дапамогі дома, якія абслугоўваюць больш за 62 тыс. грамадзян; 70% апекаваных жыве ў сельскай мясцовасці. У рэспубліцы больш за 560 тыс. грамадзян з’яўляюцца адзінокімі або жывуць асобна ад дзяцей і сваякоў.
Больш за 12,5 тыс.сац. работнікаў апякуюць адзінокіх інвалідаў. Такое сац. абслугоўванне абыходзіцца дзяржаве ў 10 разоў танней, чым у стацыянарнай сац. установе. У цэлым па краіне з кожных 10 тыс. пенсіянераў надомным абслугоўваннем карыстаюцца 283,7 чал.Найб. развіццё такая форма атрымала ў Мінскай (469 чал.) і Магілёўскай (334 чал.) абласцях. Для цяжкахворых або знявечаных пры бальніцах ствараюцца палаты (ложкі) сястрынскага догляду (усяго 2304 ложкі, у т. л. ў Віцебскай вобл. 515, Мінскай — 431). У сельскай мясцовасці і аддаленых населеных пунктах працуюць 286 дамоў сац. паслуг, ствараюцца гаспразліковыя брыгады, якія аказваюць насельніцтву быт. паслугі. У Мінскай вобл. такіх дамоў 123, у Віцебскай — 95. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях функцыянуюць дамы-інтэрнаты для ветэранаў працы на 10—20 месцаў. Праводзяцца шэфская дапамога, дабрачынныя марафоны па зборы сродкаў для падтрымкі малазабяспечаных сем’яў, адкрываюцца спец. рахункі, магазіны сац. падтрымкі, аказваецца гуманіт. дапамога. У рэспубліцы дзейнічае 19 сац. сталовых, 79 салонаў «Міласэрнасць», 80 цэнтраў медыка-сац. дапамогі, у структуры цэнтраў сац. абслугоўвання ёсць аддзяленні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназіравання, рэабілітацыі, тэрміновай сац.-быт. і псіхал. дапамогі. У Мінску адкрыты дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Аказваецца сац. дапамога мігрантам (бежанцы з былых рэспублік СССР, перасяленцы з Чарнобыльскай зоны), накіраваная на стварэнне ўмоў для ўладкавання і сац. адаптацыі.
Сац. дапамогу сям’і і дзецям аказваюць Бел. камітэт «SOS — Дзіцячая вёска», Бел. дзіцячы фонд, фонд «Дзецям Чарнобыля», Фонд сац. падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы — дзецям», Фонд дапамогі дзецям-сіротам «Надзея» і інш. Дабрачыннай дзейнасцю займаюцца 16 правасл. брацтваў і 54 сястрынствы, каталіцкае т-ва «Карытас» (яго аддзяленні ёсць у Мінску, Гродне, Барысаве і Полацку), 8 місій Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, аб’яднанні мусульманскай канфесіі. У 2000 у Мінску адкрыты Дом міласэрнасці, дзе праводзіцца рэабілітацыя інвалідаў і дзяцей-сірот, аказваецца мед. дапамога састарэлым.
Удасканаленне працоўных адносін. Дзяржава арганізуе ахову працы, ажыццяўляе дзярж. нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы і прадугледжанай ім адказнасці за парушэнне яе норм і правіл, арганізуе абучэнне і інструктаванне работнікаў па ахове працы. Устаноўлены пэўныя гарантыі і кампенсацыі за работу са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, прымаюцца меры па зніжэнні захворванняў, траўматызму на вытворчасці, сац. абароненасці работнікаў.
На канец 2003 у органах дзярж. службы занятасці на ўліку было 136,1 тыс.чал., якія не мелі работы, у т. л. 90 тыс. жанчын (66,1%) і 23,2 тыс. асоб, што пражываюць у сельскай мясцовасці. Узровень зарэгістраваных беспрацоўных склаў 3,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (у 1996 была 4%). Патрэбнасць у работніках, заяўленая арганізацыямі ў органы дзярж. службы занятасці, склала 31,7 тыс.чал.Дзярж. палітыка ў гэтай сферы накіравана на недапушчэнне масавага беспрацоўя, і яе цяжкай формы — застойнага і працяглага беспрацоўя, а таксама на сац. падтрымку найб. бедных беспрацоўных грамадзян. Гэтая работа вядзецца на аснове штогадовых дзярж. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва. Для страхавання ад беспрацоўя і фінансавання мерапрыемстваў такіх праграм існуе Дзярж. фонд садзейнічання занятасці, які фарміруецца за кошт абавязковых адлічэнняў усімі арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці і гаспадарання, у памеры 0,5—1% фонду аплаты працы. Органы дзярж. службы занятасці аказваюць дапамогу беспрацоўным у працаўладкаванні, ствараюць новыя рабочыя месцы, арганізуюць прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях, аказваюць фін. падтрымку ў прадпрымальніцкай дзейнасці, развіваюць сістэму прафес. арыентацыі моладзі, незанятага насельніцтва, аказваюць матэрыяльную дапамогу. У 2003 у адпаведнасці з дзярж. праграмай пры садзейнічанні цэнтраў занятасці насельніцтва на пастаянную работу працаўладкавана 208,2 тыс. беспрацоўных. Сярэдні памер дапамогі беспрацоўным склаў каля 8% сярэдняй заработнай платы. Прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўкі прайшлі 27,7 тыс. беспрацоўных. Праводзіцца сац. работа ў сем’ях беспрацоўных па іх сац.-псіхал. рэабілітацыі і гуманізацыі сац. акружэння.
Літ.:
Социальная политика Республики Беларусь в условиях реформирования экономики: Сб. науч. тр.Мн., 1998;
Григорьев А.Д. Социальная работа на Беларуси: история, опыт, проблемы. Мн., 2000;
Яго ж. История отечественной социальной работы (X — начало XX в.). Мн., 2004;
Морова А.П. Социальная политика в сфере трудовых отношений. Мн., 2000;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Социальная работа с семьей: мир взрослых и детей. Мн., 2002;
Ванкевич Е.В., Морова А.П., Новикова И.В. Управление региональным рынком труда при переходе к рыночной модели социальной политики в Беларуси. Витебск, 2004.
А.П.Морава.
Табліца 1 Колькасць пенсіянераў і сярэдні памер назначаных ім месячных пенсій па відах пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс.чал.
2375
2659
2622
2615
2599
у тым ліку атрымліваюць пенсіі: па ўзросце
1725
2001
1953
1922
1912
па інваліднасці
277
318
322
321
312
у выпадку страты карміцеля
187
138
157
165
160
за выслугу гадоў
3
6
11
16
17
сацыяльныя
37
53
50
52
52
Сярэдні памер назначаных месячных пенсій, тыс.руб.
1071
387
362
90
114
у тым ліку: па ўзросце
110
407
38
94
119
па інваліднасці
94
368
34
85
109
у выпадку страты карміцеля
63
217
24
60
77
за выслугу гадоў
111
491
49
115
150
сацыяльныя
62
127
17
39
52
1 У рублях.
2 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Табліца 2 Асноўныя паказчыкі пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1992
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс. чалавек
2551
2659
2622
2615
2599
Колькасць занятых у эканоміцы, якія прыпадаюць на 1 пенсіянера
1,95
1,66
1,69
1,68
1,66
Мінімальная пенсія па ўзросце, тыс.руб.
2
249
271
63
82
Сярэдні памер назначанай пенсіі, тыс.руб.
3
387
361
90
114
Мінімальны спажывецкі бюджэт пенсіянера, тыс.руб.
3
762
541
128
165
Суадносіны сярэдняга памеру назначанай месячнай пенсіі, у % да:
велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту пенсіянера
78
51
67
70
69
сярэдняга памеру налічанай заработнай платы
20
38
42
41
38
Рэальны памер назначанай месячнай пенсіі, у % да адпаведнага перыяду папярэдняга года
37,9
130,3
143,2
102,3
101,4
1 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы.Рэспубліканскі санаторый «Бярэзіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. axia каштоўнасць + ...логія),
вучэнне абкаштоўнасцях; філас. тэорыя агульназначных прынцыпаў, якія вызначаюць матывацыю і накіраванасць дзеянняў чалавека. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст., хоць пытанні прыроды каштоўнасцяў (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці. У ант. і сярэдневяковай філасофіі (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі і інш.) каштоўнасныя характарыстыкі ўключаліся ў само паняцце рэальнасці і вызначаліся нерасчлянёнасцю анталогіі і аксіялогіі, быцця і каштоўнасці. Упершыню разгорнутае вучэнне аб каштоўнасці даў ням. філосаф Р.Г.Лотцэ, які ўвёў у навук. ўжытак паняцце «аб’ектыўнай значнасці лагічных і матэматычных ісцін» у адрозненне ад іх эмпірычнага існавання — быцця. Адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства В.Віндэльбанд да агульназначных каштоўнасцяў адносіў ісціну, дабро і прыгажосць, а навуку, правапарадак і рэлігію разглядаў як даброты культуры, без якіх чалавецтва не можа існаваць. Паводле Г.Рыкерта, найб. агульнай характарыстыкай эмпірычных каштоўнасцяў з’яўляецца воля звышіндывід. суб’екта, якая імкнецца спасцігнуць ісціну. З паняцця волі пры абгрунтаванні аксіялогіі зыходзілі і прадстаўнікі ням. школы неакантыянства Г.Коген і Н.Мюнстэрберг. Паслядоўнікі гусерліянскай школы неакантыянства Ф.Брэнтана, М.Гартман, А.Мейнанг, М.Шэлер лічылі, што крыніцай станоўчых каштоўнасцяў з’яўляюцца эмацыянальныя акты перавагі (любоў, спачуванне), а адмоўныя каштоўнасці ўзнікаюць ад акта агіды (нянавісці). Як незямную сутнасць «па-за прасторай і часам» трактуюць каштоўнасць прадстаўнікі неапратэстанцызму, неатамізму, інтуітывізму і інш. Прыхільнікі натуралістычных тэорый каштоўнасці (геданізм, эвалюцыйная этыка, эўдэманізм, тэорыя інтарэсаў) разглядаюць каштоўнасць як функцыю прыстасавання да навакольнага асяроддзя, выражэнне натуральных патрэбнасцяў чалавека і яго імкнення да асалоды і шчасця. У сацыялогіі паняцце каштоўнасцяў увёў М.Вебер, які зыходзіў з непазбежнай сувязі любога пазнання з «каштоўнаснымі ідэямі», інтарэсамі кожнага даследчыка. Паводле «структурнага функцыяналізму» Т.Парсанса каштоўнасці — вышэйшыя прынцыпы, на аснове якіх забяспечваюцца нармальнае функцыянаванне «сістэмы грамадства» і «сістэмы асобы» — згода (кансенсус) у малых грамадз. групах і ў грамадстве ў цэлым. Аналіз прычын трагічных канфліктаў і бедстваў, пошук шляхоў пераадолення экалаг. і ядзернай катастроф, якія пагражаюць чалавецтву, натуральна прывіў у сярэдзіне 20 ст. да ідэі прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцяў, надання ім статуса зыходных арыенціраў міжнар. і ўнутрыпаліт. жыцця, маральных паводзін людзей. Такое разуменне ўзаемасувязі глабальных праблем і агульначалавечых каштоўнасцяў выказвалі А.Эйнштэйн, Д.Бел, Б.Расел, Т. дэ Шардэн, А.Швейцэр, М.А.Бярдзяеў, А.Д.Сахараў і інш.
На Беларусі філас. прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачыў галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына. Яго паслядоўнікі і пераемнікі М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, Мялецій Сматрыцкі, Л.Карповіч, Сімяон Полацкі і інш. мысліцелі-гуманісты вылучалі як каштоўныя якасці чалавечай асобы высокую духоўнасць, талерантнасць, нац. самасвядомасць, павагу да людзей інш. нацыянальнасцяў. Дыялектычную ўзаемасувязь асобасных, нацыянальна-своеасаблівых і агульначалавечых каштоўнасцяў і інтарэсаў адзначалі ў сваёй творчасці К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантар і інш. дзеячы культуры, ідэолагі нац.-культ. Адраджэння. Прадстаўнікі сучаснай бел. гуманістыкі разглядаюць каштоўнасці як неад’емны кампанент чалавечага быцця і існавання, даследуюць іх у арганічнай узаемасувязі з праблемамі ўмацавання суверэнітэту краіны, усведамлення кожным чалавекам сваёй нац. годнасці, прыналежнасці да цывілізаванай сям’і еўрапейскіх народаў і агульначалавечай супольнасці.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светапогляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с нем. и фр.М., 1990;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994;
Weber M. Gesammelte Aufzätze zur Wissenschaftslehre. Tübingen, 1951.