ЧЭ́МБЕРЛЕНЫ (Chamberlain),

дзяржаўныя і паліт. дзеячы Вялікабрытаніі. Джозеф (8.7.1836, Лондан — 2.7.1914). Вучыўся ў каледжы Лонданскага ун-та (1850—52). Фабрыкант. У 1873—76 мэр г. Бірмінгем. З 1876 дэп. парламента ад ліберальнай партыі. У 1880—85 і 1886 міністр ва ўрадах У.Ю.Гладстана. У 1886 выступіў супраць законапраекта аб наданні Ірландыі аўтаноміі і з групай прыхільнікаў (ліберал-юніяністаў) выйшаў з ліберальнай партыі, а пазней з’яднаўся з кансерватарамі. У 1895—1903 міністр калоній. Адзін з ініцыятараў англа-бурскай вайны 1899—1902.

Осцін (16.10.1863, г. Бірмінгем — 16.3.1937), сын Джозефа. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це, потым у Парыжы і Берліне. З 1892 дэп. парламента. У 1902—1905, 1915—17, 1919—22 на розных міністэрскіх пасадах, у 1924—29 міністр замежных спраў. Змагаўся за гегемонію Вялікабрытаніі ў Еўропе, у межах гэтай палітыкі падпісаў Рэйнскі гарантыйны пакт 1925 (гл. Лакарнскія дагаворы 1925). Ініцыятар разрыву дыпламат. адносін Вялікабрытаніі з СССР у 1927 (адноўлены ў 1929 урадам лейбарыстаў).

Невіл (18.3.1869, Эдгбэстан каля г. Бірмінгем — 9.11.1940), сын Джозефа. Вучыўся ў Бірмінгемскім каледжы. Займаўся прадпрымальніцтвам. У 1915—16 лорд-мэр Бірмінгема. З 1918 дэп. парламента ад кансерватыўнай партыі. У 1922—29 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—37 міністр фінансаў. У 1930—31 старшыня кансерватыўнай партыі, у 1937—40 яе лідэр і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Прыхільнік тактыкі ўступак гітлераўскай Германіі, для прадухілення новай вайны падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938. Няўдалы для Вялікабрытаніі пачатак 2-й сусв. вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)