Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.Богача і С.Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.Вольскага, «Чортаў скарб» У.Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова, «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, «Церамок» С.Маршака, «Дзівоснае кураня» В.Корнева, «Прынцэса і паж» М.Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.
Гал. рэжысёры С.Юркевіч (1981—88), М.Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.Быкаў (1981—88), Ю.Давыдзюк (1988—91), А.Сураў (з 1995).
Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.Г.Мёзер і Дж.Сака). Прызначаўся для т-ра А.Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.
Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова.Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій
(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),
бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус.дзярж. і культ дзеячамі Ф.Рцішчавым і А.Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.—сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас.цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цараФёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас.цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,
зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус.цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас.правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНОС (грэч. Knōsos, Knōssos),
старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры. Паселішча на месцы К. існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000—2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. К. стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярх. правіцелямі магутнай раннерабаўладальніцкай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гасп. жыцця. Пры археал. даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытв-сці, зброя, побытавыя рэчы, т. зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом Б).
Палац уладароў К. («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гасп. памяшканнямі. Цэнтр.ч. палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор, на З ад яго — парадныя залы і гасп. памяшканні, на У — жылыя пакоі (шмат’ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т. зв. крыцкага ордэра). Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Захаваліся фрагменты размалёўкі (быт. і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, 16—15 ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэч. міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра. У К. пры археал. раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т. зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манум. грабніцы (у т. л.т. зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.
І.М.Каранеўская (архітэктура).
Да арт.Кнос. Кноскі палац: 1 — паўднёвы флігель; 2 — гіганцкія піфасы (тэракота) з заходняй кладоўкі; 3 — багіня са змеямі (фаянс) са скарбніцы. 16 ст. да н.э.Да арт.Кнос. «Парыжанка». Фрагмент размалёўкі палаца. 16—15 ст. да н.э.Да арт.Кнос. Ніжні ярус светлавога калодзежа палаца. Часткова рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г.Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас. імперыі).
М.А.Ткачоў.
Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,
забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранства — асн.сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.