ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.В.Прытыцкага.
Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К (Мікалай Іванавіч) (1822, Залатаношскі р-н Чаркаскай вобл., Украіна — 7.6.1899),
украінскі грамадскі дзеяч, вучоны, педагог. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1843). Вывучаў стараж. акты ў архівах Украіны, гісторыю ўсх. і зах. славян. Адзін з заснавальнікаў Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства, аўтар яго праграмных дакументаў. З 1847 у Пецярбургу, выступаў за стварэнне федэратыўнай слав. рэспублікі, знішчэнне прыгоннага права і саслоўных прывілеяў. Па даносе арыштаваны і зняволены ў Шлісельбургскую крэпасць (1847—50), сасланы ў Перм (1850—55). З 1859 выкладаў у Адэсе, Крыме, на Каўказе. Аўтар прац па гісторыі, матэматыцы, філасофіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Васіль Якаўлевіч) (25.1.1852, г. Харкаў, Украіна — 25.2.1939),
украінскі фізіёлаг і гістолаг. Акад.АНУкраіны (1926). Брат А.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1874), праф. у ім (у 1883—1909 і 1917—21). З 1910 дырэктар Харкаўскага жаночага мед. ін-та, з 1921 у Харкаўскім мед. ін-це, у 1927 арганізаваў і ўзначаліў Украінскі НДІ эндакрыналогіі і арганатэрапіі. Навук. працы па агульнай і параўнальнай фізіялогіі, фізіялогіі нерв. сістэмы, электрафізіялогіі, эндакрыналогіі і пратысталогіі. Выявіў цэнтр у кары галаўнога мозга, што рэгулюе дзейнасць сэрца. Займаўся праблемамі электраэнцэфалаграфіі, фізіял. вывучэння гіпнозу ў чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл.Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс.км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр.Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводле інш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),
адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.М.Будзённым) пераважна на тэр.Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Міхайлавіч) (15.8.1922, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.11.1964),
Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Рагачоўскім настаўніцкім ін-це. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1961). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант К. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім р-не: у час бою ўзначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу цераз раку. Да 1964 у Сав. Арміі, палкоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён сярэдзіны бронзавага веку (15—12 ст. да н.э.), якія жылі ў вярхоўях Днястра, Паўд. Буга, Стыра, Гарыні (тэр.зах.Украіны і паўд. Беларусі). Назва ад могільніка каля с. Камарова Івана-Франкоўскай вобл. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах у зямлянках, карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, керамічным ляпным посудам, бронзавымі і залатымі ўпрыгожаннямі. Нябожчыкаў хавалі ў каменных скрынях або спальвалі. Пахаванні ў групавых магілах, часам у курганах. К.к. ўваходзіць у зону тшцінецка-камароўскай этнакультурнай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ (Фёдар Рыгоравіч) (22.5.1879, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна — 30.7.1947),
украінскі жывапісец. Засл. дз. маст.Украіны (1940). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), Пецярбургскую АМ (1910). З 1913 выкладаў у Кіеве ў маст. вучылішчы, з 1917 праф. Украінскай АМ, у 1922—41 — маст. ін-та. Яго творам уласцівы эпічнасць у раскрыцці нар. характару, шырокая жывапісная манера пісьма, манументалізацыя формы, эмацыянальная напружанасць колеру: «Нявеста» (1910), «Тры ўзросты» (1913), трыпціх «Жыццё» (1925—27), «Сваты» (1928), «Маці» (1929), «Пераможцы Урангеля» (1934), цыкл карцін «Кацярына» (1937—40) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПКІ (Багдан Сільвестравіч) (9.11.1872, с. Крагулец Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.7.1941),
украінскі пісьменнік. Праф. Ягелонскага ун-та (1935). Вучыўся ў Венскім, потым у Львоўскім і Кракаўскім ун-тах. З 1899 у Кракаве. Друкаваўся з 1895. Аўтар зб-каў вершаў «Строфы» (1901), «Восень» (1902), «Кніга гора» (1903), «З глыбінь душы» (1905), «Доля» (1917), раманаў «У ціхі вечар» (1923), «Мазепа» (1926—29), аповесцей і апавяданняў. У ранніх творах адчувальны ўплыў дэкадэнцтва (матывы нявер’я, песімізму), некаторыя творы звязаны з асэнсаваннем гіст. лёсу Украіны. Аўтар «Нарыса гісторыі ўкраінскай літаратуры» (1909).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс.г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл.Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.