КУЛІ́К Іван Юліянавіч (26.1.1897, г. Шпола Чаркаскай вобл., Украіна — 10.10.1937),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1914 у эміграцыі. З 1917 на Украіне. Уваходзіў у склад першага сав. ўрада Украіны. Ў 1924—26 сав. консул у Канадзе. У 1935—37 дырэктар Палітвыда Украіны. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Паэт. дэбют — зб. вершаў «Мае каламыйкі» (1921). Аўтар зб-каў востраграмадз. лірыкі «Зялёнае сэрца» (1923), «У акружэнні» (1927), «Пасталелая маладосць» (1935), празаічных твораў «Прыгоды Васіля Раленкі», «Чатырнаццатая люлька» (абодва 1932), «Запіскі консула» (1934). Пісаў публіцыстычныя, літ.-крытычныя артыкулы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Р.Родчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕў вайну 1812,
дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс.чал. уваходзіла ў т. зв.ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́КНА РО́СТА»,
«Окна сатиры РОСТА», агітацыйна-палітычныя сатырычныя плакаты, што ствараліся ў 1919—22 сав. мастакамі і паэтамі, якія працавалі ў сістэме Рас. тэлеграфнага агенцтва (РОСТА). Вызначаліся прастатой і лаканізмам маст. сродкаў, заснаваных пераважна на выразнасці сілуэтаў, яркай расфарбоўцы ў 2—3 колеры, выкарыстанні традыцый лубка, спалучэнні выявы з кароткім, часцей вершаваным тэкстам. Выконваліся і тыражаваліся ў трафарэтнай тэхніцы (да 150 экз.) у Маскве (І.Малюцін, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных), Петраградзе (Л.Брадаты, У.Лебедзеў, А.Радакоў) і інш. гарадах Расіі, на Украіне (Б.Яфімаў), у Баку і інш. На Беларусі «О.Р.» выпускалі ў Віцебску і Гомелі.
Да арт.«Окна РОСТА». У.Маякоўскі. Вораг апошні гатовы. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́ШЫН Юрый Васілевіч (н. 23.2.1956, г.п. Валавец Закарпацкай вобл., Украіна),
бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў культасветвучылішча ў г. Хуст Закарпацкай вобл. (1974). Працаваў на Украіне: у 1974—77 у Закарпацкім нар. хоры, у ансамблі Закарпацкай ваен. акругі, у 1978 саліст балета Укр.нар. хору імя Р.Вяроўкі. У 1977 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі, ансамблі «Харошкі». З 1979 у Дзярж.акад.нар. хоры Рэсп. Беларусь імя Г.Цітовіча, з 1996 балетмайстар. Выканаў сольныя партыі танцаў «Лявоніха», «Вілейскія кавалеры», «Дзяўчына з Палесся», «Таўкачы», «Прысюды», вак.-харэагр. кампазіцыі «На зямлі беларускай». Творчая манера адметная віртуознасцю, вытанчанай пластычнасцю, высокай культурай выканання, шырокім выкарыстаннем складаных танц. элементаў. Паставіў вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Жніўная» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст.Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаў Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, соль прафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс.т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́КАЎ Дзмітрый Міхайлавіч (1827? — 1899),
рускі мастак, археолаг, педагог. Скончыў Строганаўскае вучылішча ў Маскве. У 1849 заснаваў вучылішча малявання пры Троіца-Сергіевай лаўры (г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.). У 1864 ажыццявіў экспедыцыю па Беларусі, зрабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і краявідаў Магілёва, Маладзечна, Мінска [у т. л. Петрапаўлаўскай (Кацярынінскай) царквы], Нясвіжа, Полацка, Рагачова, мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Слуцкага р-на) і інш., фрагментаў асобных збудаванняў, эпіграфікі, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. крыж Ефрасінні Полацкай). Праводзіў арх.-археал. пошукі на Беларусі і Украіне, у т. л. ў Крыме. Дзённікі, палявыя запісы, малюнкі С. — каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі бел. дойлідства.
А.А.Трусаў, Ю.А.Якімовіч.
Дз.Струкаў. Петрапаўлаўская (Кацярынінская) царква ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАІ́СТАЯ МУ́ЗЫКА,
традыцыйны нар. ансамбль з разнастайным складам муз. інструментаў, у аснове якога прынцып спалучэння трох муз. функцый: меладычнай (мелодыя), структурна-гарманічнай, ударна-метрычнай. Бел.нар. назвы «капэла», «настаяшчая музыка» (Паазер’е), «кампанія», «вясёлыя». Гістарычна ў складзе ансамбляў 2 скрыпкі, басэтля; скрыпка, гармонік, бубен або 2 скрыпкі, цымбалы, бубен; а таксама разнастайныя варыянты з іх. У пач. 20 ст. склад ансамбля дапоўніўся гармонікам, кларнетам, трубой, пазней баянам і акардэонам, якія неслі лакальныя традыцыі пэўнага рэгіёна. У рэпертуары звычайна нар. песні, танцы, маршы (на вяселлях, вечарынках і інш. урачыстасцях) і інш. Пашыраны таксама на Украіне, у Польшчы.
Літ.:
Скорабагатчанка А.В. Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЮАРЫ́Т (ад лац. fluor цячэнне), плавікавы шпат,
мінерал класа фтарыдаў, фтарыд кальцыю, CaF2. Мае кальцыю 51,3%, фтору 48,7%. Часам прымесі рэдказямельных элементаў (ітрафлюарыт, цэрафлюарыт) дасягаюць 35—40%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае куб. крышталі, іх зросткі, зярністыя, валакністыя, масіўныя агрэгаты, зямлістыя масы. Колер жоўты, зялёны, фіялетавы, чорны, бясколерны і інш.Цв. 4. Шчыльн. 3,2 г/см³. Трапляецца ў магматычных пародах, гідратэрмальных жылах, даламітах, вапняках. Выкарыстоўваецца ў металургіі, як крыніца фтору і яго злучэнняў, у вытв-сцях шкляной. эмалевай, штучнага крыяліту, плавікавай к-ты, у цэм. прам-сці; празрыстыя крышталі — у вытв-сці аптычных лінз, прызмаў; афарбаваныя — для дэкар. і ювелірных вырабаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Мексіцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛЫСТЫ́ (скажонае ад «хрысты», саманазва «людзі божыя»),
рэлігійная секта. Узнікла ў Расіі ў канцы 17 ст. сярод сялян нечарназёмнай паласы. Заснавальнік кастрамскі селянін Д.Філіповіч. Аснова веравызнання Х. — уяўленне пра магчымасць прамой сувязі чалавека са «святым духам» і ўвасаблення «духа» ў пэўных людзях, якія становяцца для Х. «хрыстамі» і «багародзіцамі». Гал. месца ў ідэалогіі займае пропаведзь аскетызму. Х. не прызнаюць святароў і пакланення святым, адхіляюць свяшчэнныя і царк. кнігі, аднак дапускаюць наведванне правасл. цэркваў. Сходы Х. праходзяць у форме «радзенняў» (малітвы са скокамі). У Расіі ў пач. 20 ст. было каля 40 тыс. Х. У СССР іх колькасць рэзка скарацілася. Невял. абшчыны Х. захаваліся ў Тамбоўскай, Самарскай, Арэнбургскай абл. Расіі, Паўн. Каўказе і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ГАЎСКАГА ПАЛКА́ ПАЎСТА́ННЕ,
узброенае выступленне дзекабрыстаў на Украіне супраць самадзяржаўя 10—15.1.1826. Рыхтавалася Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое разлічвала ўзняць каля 50 тыс. салдат і афіцэраў. Пачалося заўчасна ў сувязі з паражэннем паўстання ў Пецярбургу і арыштамі дзекабрыстаў на Поўдні. Кіраўнікі: падпалк. С.І.Мураўёў-Апостал і падпаручнік М.П.Бястужаў-Румін. Першай паўстала адна рота Чарнігаўскага палка (у в. Трылесы на ПдЗ ад Кіева), да якой далучыліся інш. роты. Прынятыя царскімі ўладамі захады перашкодзілі паўстанцам злучыцца з рэв. настроенымі часцямі ў Кіеве і Жытоміры. 15.1.1826 Чарнігаўскі полк разбіты ўрадавымі войскамі каля г. Белая Царква. Мураўёў-Апостал і Бястужаў-Румін пакараны смерцю, 5 чал. прыгавораны да бестэрміновай катаргі, каля 100 салдат — да цялесных пакаранняў.