ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),

геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.

Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y​2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПТЫ́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від аміднай сувязі; узнікае ў выніку ўзаемадзеяння α-амінагрупы (—NH2) адной амінакіслаты з α-карбаксільнай групай (—COOH) інш. амінакіслаты. Такія палімерныя малекулы (поліпептыдныя ланцугі) могуць складацца з соцень амінакіслотных звёнаў, а бялковая малекула — з аднаго ці некалькіх поліпептыдных ланцугоў. З’яўляецца адзінай кавалентнай сувяззю, з дапамогай якой амінакіслотныя астаткі злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць каркас бялковай малекулы. Мае (на 40%) характар двайной (спалучанай) сувязі і таму карацей за адзінарную —C—N—сувязь. Часткова спалучаны характар —C—N—сувязі абумоўлівае плоскую канфігурацыю —C(O)—NH—групы (усе 4 атамы знаходзяцца ў адной плоскасці) і існаванне транс- (больш устойлівай) і цысформ. Ферментатыўнае ўтварэнне П.с. ў жывых клетках адбываецца ў працэсе біясінтэзу бялку.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,

«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.

Літ.:

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),

танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.​Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.​Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.​Прэслі, Ч.​Бэры, Л.​Рычард і інш.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА, інтэгральная мікрасхема, мікрасхема,

мікрамініяцюрнае электроннае ўстройства для пераўтварэння, апрацоўкі ці захавання (назапашвання) інфармацыі, пададзенай у выглядзе эл., аптычных і інш. сігналаў. Складаецца з электрычна звязаных паміж сабой электрарадыёэлементаў (ЭРЭ), сфарміраваных у адзіным тэхнал. цыкле на аснове агульнай нясучай канструкцыі (падложкі). Актыўныя ЭРЭ І.с.: дыёды, транзістары, структуры метал—дыэлектрык—паўправаднік і інш.; пасіўныя: рэзістары, кандэнсатары электрычныя, трансфарматары, індуктыўнасці шпулі і інш. Тэорыю, метады разліку, тэхналогію вырабу І.с. вывучае і распрацоўвае мікраэлектроніка.

І.с. адрозніваюць: па спосабе аб’яднання (інтэгравання) элементаў — паўправадніковыя, ці маналітныя (асн. тып), плёначныя і гібрыдныя (у т. л. шматкрышталёвыя); па выглядзе інфармацыі, што апрацоўваюць, — лічбавыя і аналагавыя; па ступені інтэграцыі (колькасці элементаў на падложцы) — малыя, сярэднія, вялікія, звышвялікія. У маналітных І.с. элементы фарміруюцца ў адным крышталі (тонкім прыпаверхневым слоі паліраванай паўправадніковай, у асн. крэмніевай ці арсенідгаліевай, пласціны) у выніку камбінацыі працэсаў легіравання, траўлення, аксідавання, металізацыі і інш., што праводзяцца метадам фоталітаграфіі. Плёначныя І.с. змяшчаюць толькі пасіўныя элементы. Падложкамі гібрыдных І.с. служаць дыэлектрычныя пласціны, напр з керамікі, або пакрытыя дыэлектрыкам метал. пласціны, напр. на аснове алюмінію і яго аксідаў. На іх паверхні жорстка замацаваны мініяцюрныя ЭРЭ, злучаныя паміж сабой танка- ці таўстаплёначнымі праваднікамі; пасіўныя ЭРЭ могуць быць навяснымі ці плёначнымі. І.с. з’яўляюцца элементнай базай сучасных сродкаў электроннай тэхнікі. Гл. таксама Вялікая інтэгральная схема.

Літ.:

Цифровые и аналоговые интегральные микросхемы: Справ. М., 1989;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

Інтэгральная схема з дыёднай ізаляцыяй: а — электрычная схема; б — тапалогія; 1 — металічныя міжзлучэнні; 2 — слой дыэлектрыка дыаксіду крэмнію SiO2; 3 — паўправадніковая пласціна з участкамі p, n і n​+-тыпу праводнасці, А, Б, В — адпаведныя адзін аднаму пункты на рыс. а і б.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,

сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.​Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЕ ПРА́ВА,

спецыялізаваная комплексная галіна права, нормы якога замацоўваюць асн. прынцыпы арг-цыі і дзейнасці с.-г. прадпрыемстваў і аб’яднанняў, рэгулююць іх узаемаадносіны паміж сабой і дзяржавай, з работнікамі сельскай гаспадаркі і грамадзянамі, якія вядуць індывід. сялянскую (фермерскую) гаспадарку. Прававымі ін-тамі аграрнага права з’яўляюцца: аграрныя праваадносіны, прававое рэгуляванне пераходу да рыначных адносін у аграпрамысл. комплексе, дзярж. рэгуляванне сельскай гаспадаркі, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання, арганізацыйна-прававыя формы іх кіраўніцтва, права ўласнасці на зямлю і сродкі вытв-сці, рэгуляванне працоўных адносін, аплата працы і размеркаванне прыбыткаў і інш. Асн. крыніцы аграрнага права на Беларусі — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, законы аб праве ўласнасці на зямлю, аб плацяжах за зямлю, аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы і інш.

М.​В.​Сторажаў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СІЯ (ад лац. aggressio напад),

выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЖЭ́ЙКА,

складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.

У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)