краязнаўчы ілюстраваны часопіс. Орган польскага краязнаўчага т-ва. Выходзіў у 1910—14, 1919—20, 1922—50 у Варшаве на польск. мове. У 1912—13 меў дадаткі. Публікаваў матэрыялы па польск., бел., укр., рус., літ., лат., эст. археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, эканоміцы, урбаністыцы, экалогіі, гісторыка-краязнаўчыя нарысы і працы, біягр. звесткі пра дзеячаў навукі і культуры, апісанні палацава-замкавых комплексаў, культавых збудаванняў, помнікаў гісторыі, інфармаваў пра дзейнасць краязн. т-ваў, музеяў, пра міжнар. турысцкія кангрэсы. Змяшчаў агляды навінак л-ры, рэцэнзіі на працы даследчыкаў, карты, планы, схемы, рэпрадукцыі карцін, здымкі жыхароў розных этнагр. мясцін, помнікаў архітэктуры, узораў нац. адзення і інш.
Беларусі і яе сумежным рэгіёнам прысвечаны публікацыі Ю.Смалінскага «Каптур і намітка на Літоўскай Беларусі», В.Шукевіча «Былыя каралеўскія лясы ў Літве» (абедзве 1911), «Нарысы з Белай Русі», У.Загорскага «Старая Вільня» і «Замак у Крэве», М.Федароўскага «Віцебск і Віцебшчына» (усе 1912), А.Лантоўскага «Мінская епархія» (1913), Ф.Рушчыца «Вільня і мастацтва» (1922), Е.Лісевіча «Нацыянальныя і адміністрацыйныя адносіны ў Навагрудскім ваяводстве», В.Хенеберга «Слонім», Я.Якубоўскага «Нясвіж» (усе 1925), Ч.Пяткевіча «Хойнікі» (1927), Р.Харашкевіча «Вёска Осава ў Столінскім павеце», Ю.Сускага «У Лунінецкім павеце» (абедзве 1930), А.Наляпінскага «Нарач і ваколіцы» (1934), Г.Ястшэмбец-Каменскага «Каралеўскае мястэчка Моталь» (1935), А.Хоміча «Смалярні на Віленшчыне» (1939). У часопісе супрацоўнічалі Я.Булгак, З.Глогер, Б.Дыбоўскі, Машынскі, С.Удзеля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАМА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (16.5.1817, с. Юрасаўка Альхавацкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 19.4.1885),
расійскі і ўкр. гісторык, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Праф. Кіеўскага (1846—47) і Пецярбургскага (1859—62) ун-таў. Магістр філалогіі (1844). Скончыў Харкаўскі ун-т (1836). Адзін з арганізатараў і чл.Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (1846—47), выступаў за стварэнне федэрацыі слав. народаў (са значнай аўтаноміяй для кожнага) пад кіраўніцтвам Расіі; за ўдзел у дзейнасці т-ва арыштаваны і сасланы ў Саратаў (1848—56). Адзін з заснавальнікаў і супрацоўнікаў укр.час. «Основа» (1861—62). Складальнік-рэдактар Актаў Паўднёвай і Заходняй Расіі, чл.Археаграфічнай камісіі. Даследаваў гісторыю і гіст. асаблівасці рус. і ўкр. народаў пераважна праз іх побыт, нац. псіхалогію, фальклор (этнагр. падыход). Аўтар прац «Аб прычынах і характары уніі ў Заходняй Расіі» (1841, забаронена і знішчана ўладамі), «Барацьба ўкраінскіх казакоў з Польшчай у першую палову XVII ст.» (1856), «Багдан Хмяльніцкі і вяртанне Паўднёвай Русі да Расіі» (1857), «Бунт Сценькі Разіна» (1858), «Апошнія гады Рэчы Паспалітай» (1869), гіст.-біягр. партрэтаў гіст. дзеячаў Расіі і Рэчы Паспалітай 16—18 ст., драмы на ўкр. мове «Сава Чалы» (1838), гіст. рамана «Кудзяяр» (1875) і інш.
Тв.:
Исторические монографии и исследования. Т. 1—2. М., 1990;
Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1—3, вып. 1—7. М., 1990—92;
Мазепа. М., 1992;
Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж.Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.І.Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́летапісная,
назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач.н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;
Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;
Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Магілёўская прыдворная друкарня. Існавала ў 1774—1844 у Магілёве. Засн. біскупам С.І.Богушам-Сестранцэвічам пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Напачатку размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. У 1776 М.д. атрымала дазвол на выданне кніг на рус. мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 друкарня была абавязана публікаваць афіц. матэрыялы, т.ч. яна выконвала функцыі губ. друкарні да адкрыцця ў 1833 Магілёўскай губернскай друкарні. Вядома больш за 60 назваў выданняў М.д., у т. л. 43 на польск., 12 на лац., 8 на рус., па 1 на ням. і франц. мовах. Сярод іх: «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796); даведачная л-ра — «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Беларускія календары» (1784—95), «Дырэкторыумы» (царк. календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807—44); афіц. выданні — «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795); навук. працы — «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810) Богуша-Сестранцэвіча, трактат «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф.Пракаповіча; маст. творы — трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783) Богуша-Сестранцэвіча, яго вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШ’Я́К (лац. Arsenicum),
арсенік, As, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 33, ат. м. 74,9216. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 75As. У зямной кары 1,7∙10−4% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе мінералаў (гл.Мыш’яковыя руды). Як мікраэлемент ёсць у раслінных і жывёльных арганізмах (у арганізме чалавека 0,08—0,2 мг/кг). Злучэнні М. вядомыя з глыбокай старажытнасці; атрыманне метал. М. прыпісваюць Альберту Вялікаму (каля 1250). Лац. назва паходзіць ад грэч. arsin — моцны, рус. — магчыма, ад «мышь» (злучэнні М. яшчэ ў Стараж.Русі выкарыстоўвалі для знішчэння мышэй і пацукоў).
Вядома некалькі алатропных мадыфікацый М.; найб. устойлівая — метал. ці шэры М. (a = -As). Кампактны шэры М. мае выгляд серабрыстага буйнакрышт. металу, шчыльн. 5740 кг/м³, пры 615 °C узганяецца, плавіцца (tпл 817 °C) пры ціску пары 3,7 МПа. У вільготным паветры і пры награванні лёгка акісляецца. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі азотнай і сернай к-тамі, з галагенамі (утварае лятучыя трыгалагеніды AsHal3, а з фторам і пентафтарыд AsF5). Пры сплаўленні з металамі ўтварае арсеніды, са шчолачамі — арсін AsH3 і арсенаты (гл. таксама Мыш’яку злучэнні). Метал. М. атрымліваюць аднаўленнем сэсквіаксіду As2O3 вугалем, ачышчаюць сублімацыяй. Элементарны М. выкарыстоўваюць як дабаўку да сплаваў на аснове медзі, свінцу і волава, асабліва чысты — для сінтэзу і легіравання паўправадніковых матэрыялаў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 1. С. 428.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЕ́НСТВА,
асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж.Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,
халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я (ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл.Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.