Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,
гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.бел.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.
Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл.«Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ ((Marais) Жан) (сапр.Вілен-Марэ; Villain-Marais; 11.12.1913, г. Шэрбур, Францыя — 9.11.1998),
французскі акцёр. Працаваў у тэатры, з 1941 у кіно. Вядомасць атрымаў пасля фільма «Вечнае вяртанне» (1943). Талент М. раскрыўся ў фільмах рэж. Ж.Както («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Двухгаловы арол», 1947; «Арфей», 1949, і інш.). Выконваў ролі ад герояў-палюбоўнікаў да рамант., загадкавых, фантаст. персанажаў: фільмы «Руі Блаз» (1947, у сав. пракаце «Небяспечнае падабенства»), «Граф Монтэ-Крыста» (1953), «Паўночныя палюбоўнікі» (1955, у сав. пракаце «Разбітыя мары»), «Белыя ночы» (1957), «Капітан Фракас» (1961), «Жалезная маска» і «Парыжскія тайны» (абодва 1962), серыя пра Фантамаса (1964—66), «Асліная шкура» (1971), «Самы блізкі сваяк» (1986). Аўтар кніг «Мае простыя ісціны» (1957), «Гісторыя майго жыцця» (1975), «Апавяданні» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАР’Я́НЕНКА (сапр.Петлішэнка) Іван Аляксандравіч
(9.6.1878, хутар Сачэванаў Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.1962),
украінскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1944). З 1946 праф. Харкаўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1 895 у прафес. трупе М.Крапіўніцкага, з 1899 у розных трупах, у Другім Кіеўскім гар.рус.драм. т-ры, з 1917 дырэктар, рэжысёр і акцёр Нац. ўзорнага т-ра, акцёр Дзярж.драм.т-ра (абодва ў Кіеве). У 1923—58 у Харкаўскім драм. т-ры імя Т.Шаўчэнкі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў гераічныя, характарныя і камедыйныя ролі: Гонта («Гайдамакі» паводле Шаўчэнкі), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Багдан Хмяльніцкі (аднайм. п’еса А.Карнейчука), князь Яраслаў («Яраслаў Мудры» І.Качаргі), Макбет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.І.Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й КУЗА́НСКІ [Nicolaus Cusanus; сапр.Крэбс (Krebs); 1.8.1401, г. Бернкастэль-Кус, Германія — 11.8.1464],
нямецкі філосаф, багаслоў, царк. і паліт. дзеяч. Скончыў Падуанскі ун-т (1424). Манах-аўгусцінец. Удзельнік Базельскага і Ферара-Фларэнційскага сабораў. З 1433 чл. папскай курыі, саветнік папы Пія II, кардынал (1448). Крыніцай пазнання лічыў вопыт. Зыходзячы з ідэй неаплатанічнай дыялектыкі і ням. містыкі, развіў вучэнне пра абсалют як супадзенне процілегласцей (канечнага і бясконцага, найменшага і найбольшага, адзінага і множнага і г.д.) і палажэнні аб роліматэм. паняццяў для пазнання прыроды, існаванні бясконца малых велічынь і інш. Аўтар матэм. трактатаў, адзін з папярэднікаў касмалогіі Каперніка; сцвярджаў, што Зямля не з’яўляецца цэнтрам Сусвету і падобная на інш. планеты. Стварыў першыя геагр. карты Цэнтр. і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАВА (Людміла Іванаўна) (н. 29.5.1939, г.п. Руба Віцебскага гарсавета),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.Коласа (1964), працуе ў гэтым т-ры. Характарная актрыса. Створаныя вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, выразным пластычным малюнкам, дакладнай моўнай характарыстыкай. У камед. ролях ужывае прыёмы гратэску, сатыр. завостранасць, буфанаду. Лепшыя ролі ў бел. і класічным рэпертуары: Казюра («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Ульяна («Трывога» А.Петрашкевіча), Маці («Парог» А.Дударава, «...Таму, што люблю...» А.Паповай паводле п’есы «Дзень карабля»), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Кісельнікава («Багна» А.Астроўскага), Далгова («Касатка» А.Талстога), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Знялася ў кіна- і тэлефільмах «Нядзельная ноч», «Паводка», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).
Літ.:
Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
рускі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял.т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.Ф.Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.