ЧАРКА́САЎ Мікалай Канстанцінавіч (27.7.1903, С.-Пецярбург — 14.9.1966),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1947). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1926). На сцэне з 1919, выступаў як мім і характарны танцоўшчык. З 1926 акцёр Ленінградскага т-ра юнага гледача, выступаў у мюзік-холах, з 1931 у ленінградскіх перасоўным т-ры «Камедыя», у 1934—64 у т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго мастацтва вызначалася псіхал. дакладнасцю характарыстык, драматызмам у спалучэнні з завостранасцю і графічнасцю знешняга малюнка ролі, віртуозным пераўвасабленнем, імправізацыяй, схільнасцю да гратэску. Сярод роляў: Сільвестр («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Звяздзінцаў («Плады асветы» Л.Талстога), Варлаам («Барыс Гадуноў» Пушкіна), Іван Грозны («Вялікі гасудар» У.Салаўёва), Хлудаў («Бег» М.Булгакава), Дон Кіхот («Дон Кіхот» А.Бруштэйн і Б.Зона, «Дон Кіхот» Булгакава; абодва паводле М.Сервантэса), Пётр I («Пётр I» А.Талстога), Крагстад («Лялечны дом» Г.Ібсена), Мічурын («Жыццё ў квецені» А.Даўжэнкі), Дронаў («Усё застаецца людзям» С.Алёшына) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Дэпутат Балтыкі» (1937), «Пётр Першы» (1937, 1939), «Аляксандр Неўскі» (1938), «Іван Грозны» (1945), «Аляксандр Папоў», «Шчаслівага плавання» (абодва 1949), «Мусаргскі» (1950), «Дон Кіхот» (1957), «Усё застаецца людзям» (1963), «Трэцяя маладосць» (1966) і інш. Зняўся ў бел. фільмах «Яго яснавяльможнасць» (1928), «Новы дом» (1947) і інш. Аўтар кніг «З запісак акцёра» (1951), «Запіскі савецкага акцёра» (1953) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, 1951 (двойчы). Ленінская прэмія 1964.
Тв.:
В театре и в кино. 2 изд. М., 1973.
Літ.:
Зубков Ю.А. Творчество Н.К.Черкасова. М., 1964;
Герасимов Ю.К., Скверчинская Ж.Г. Черкасов. 2 изд. М., 1977;