СВЯТЫ́ КА́МЕНЬ СЯНЕ́ЖЫЦКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны на могілках в. Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Ружавата-шэры дробназярністы граніт з двума ксеналітамі цёмна-шэрага гнейсу (18 × 7 і 28 × 15 см), якія ўтвараюць паглыбленні да 6 см. Даўж. 1,65 м, шыр. 1,43 м, выш. 0,5 м, у абводзе 4,7 м, аб’ём 0,6 м³, маса каля 1,7 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. У дахрысціянскія часы валун меў культавае значэнне, захаваліся легенды.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАКУНЫ́, павукі-скакуны (Salticidae),

сямейства павукоў. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Трапляюцца на глебе, дрэвах, у траве і інш. На Беларусі каля 15 відаў.

Даўж. цела 2—9 мм. Покрыва шчыльнае, часта стракатае і ярка афарбаванае, асабліва ў самцоў. Галавагрудзі спераду прыўзнятыя. ззаду сплюшчаныя. Вочы размешчаны ў 3 рады, у пярэднім — 4 вокі, у задніх — па 2. Актыўныя ўдзень. Характэрны т.зв. «шлюбныя танцы». Кормяцца насякомымі. На здабычу скачуць, перамяшчаюцца скачкамі (адсюль назва).

Скакуны (павукі): 1 — геліяфанус энеус; 2 — еліяфанус купрэус; 3 — эрыс трыкалор; 4 — фіяле флавагугатус.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ННЫЯ АРТЭ́РЫІ,

крывяносныя сасуды, якія забяспечваюць галаву і большую частку шыі пазваночных жывёл і чалавека крывёй. Размешчаны ў вобласці шыі. Прыцісканне С.а. выклікае страту прытомнасці (адсюль назва).

У чалавека агульныя С.а. адыходзяць справа ад плечагалаўнога ствала, злева — ад дугі аорты; кожная з іх падзяляецца на вонкавую і ўнутр. артэрыі. Вонкавая забяспечвае крывёю вобласць шыі, твару, галавы, адпаведныя мышцы і органы, цвёрдую мазгавую абалонку; унутр. — галаўны мозг, вочы, вобласці лба і носа. Паміж галінамі вонкавай і ўнутр. С.а. існуюць шматлікія злучэнні — анастамозы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́СТАЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 1 км на Пн ад в. Струста Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля затокі воз. Струста. Чырвона-буры дробназярністы граніт рапаківі з крышталямі ружовага палявога шпату (авоіды 1—3 см). Даўж. 4,5 м, шыр. 4,4 м, выш. 1,5 м, у абводзе 13,8 м, аб’ём 16 м³, маса 42 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў Балтыйскага м. У старажытнасці меў культавае значэнне. На верхняй пляцоўцы захаваўся надпіс «R 1780».

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЯНЕ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны за 2 км на У ад в. Равы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Назва ад б. хутара Студзянец. Ружова-чырвоны граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 2—5 см). Даўж. 3,8 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,9 м³, маса 29 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад з ПдЗ Фінляндыі. Валун падобны на прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

Студзянецкі валун каля в. Равы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

т. 15, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРАПСІДА́ЛЬНЫЯ (Sphaeropsidales),

парадак недасканалых грыбоў. Каля 750 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў з родаў аскахіта, септорыя, філастыкта, фома. Паразіты і сапратрофы, выклікаюць плямістасці і некрозы ў раслін. Паразітуюць на грыбах, лішайніках, водарасцях, насякомых.

Міцэлій добра развіты, галінасты, складаецца са шмат’ядзерных клетак. Канідыяносцы простыя, часам разгалінаваныя, размешчаны на ўнутр. паверхні пікнід, наяўнасць якіх — асн. прыкмета парадку. Пікніды звычайна з адтулінай на верхавінцы. Канідыі адна-, двух- і шматклетачныя, выходзяць наверх склееныя сліззю ў выглядзе жгута або стужкі. Многія С. — недасканалыя стадыі аскаміцэтаў.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Sphaeriales),

парадак сумчатых грыбоў. 18 сям., каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы ў глебе, на арган. рэштках, некат. паразіты травяністых і дрэвавых раслін.

Пладовыя целы (перытэцыі) дыям. да 2 мм, акруглай ці грушападобнай формы, паверхневыя або крыху паглыбленыя ў субстрат ці строму. Абалонка (перыдый) шматслойная, цёмнага або чорнага колеру, вуглістая. Сумкі размешчаны на дне поласці перытэцыя, здольныя праз пору актыўна выкідваць споры наверх. Сумкаспоры адна- і шматклетачныя, разнастайнай афарбоўкі. У цыкле развіцця некат. С. адзначана канідыяльная стадыя (бясполае размнажэнне).

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРО́Ў,

да 1939 Надзеждзінск, горад у Свярдлоўскай вобл. Расіі. Размешчаны на ўсх. схіле Паўн. Урала, на р. Каква, за 9 км ад яе ўпадзення ў р. Сосьва (бас. р. Об). Засн. ў 1894. 100,4 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак. Прам-сць: чорная металургія (металургічны камбінат, з-д ферасплаваў), машынабудаванне (з-ды: мех., рамонтна-мех.), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр., лясная, харчовая. Птушкафабрыка. ГРЭС. Ф-т Уральскага дзярж. ун-та. Драм. тэатр. Гіст. музей. Названы ў гонар Героя Сав. Саюза А.​К.​Сярова.

т. 15, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Т’Е́РА КАЛЬЕ́НТЭ (ісп. tierra caliente гарачая зямля),

ніжні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шыротах Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. да 800 м і 1000—1500 м. Пераважаюць пакатыя схілы, перадгорныя ўзгоркі і хрыбты, конусы вынасу. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 22—27 °C. На наветраных схілах ападкаў больш за 2000 мм за год, расліннасць — горная гілея; на падветраных схілах ападкаў да 500 мм за год і меней, лістападна-вечназялёныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. Плантацыі какавы, бананаў, цукр. трыснягу, у засушлівых раёнах — кава, тытунь, бавоўнік.

т. 15, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬЯ́НАЎСК,

горад, цэнтр Ульянаўскай вобл. Расіі. Размешчаны на берагах рэк Волга і Свіяга. Засн. ў 1648 як крэпасць Сінбірск. У 1780—1924 наз. Сімбірск. 666 тыс. ж. (2000). Рачны порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Развіты маш.-буд. і металаапр. (аўтобусы, самалёты, маторы, цяжкія і унікальныя станкі, электратэхн. вырабы і інш.), лёгкая (гарбарна-абугковая, трыкат.), харч. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. 6 ВНУ. Тэатры: драм. і лялечны. 3 музеі, у т. л. краязнаўчы (1895). Ленінская мемар. зона. Названы ў гонар У.​І.​Леніна (Ульянава).

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)