сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.
З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.Р.Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).
На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДАТАВА́ННЕ,
устанаўленне ўзросту археалагічнага помніка. Выкарыстоўваюць 2 сістэмы археалагічнага датавання — адносную і абсалютную храналогію. Пры адноснай храналогіі вызначаецца, якая з 2 рэчаў, культур або які з 2 культурных гарызонтаў, пластоў больш старажытны. Стратыграфічныя назіранні за шэрагам помнікаў даюць магчымасць стварыць храналагічную шкалу для старажытнасцяў — вызначыць парадак іх змянення з цягам часу. Абсалютная храналогія — устанаўленне ўзросту помніка ў звычайных вымярэннях нашага летазлічэння. Яна магчымая пры наяўнасці рэчаў з надпісамі, датамі, прозвішчамі асоб, упамінаннем вядомых гіст. падзей і інш. Датаванне помнікаў дапісьмовых эпох праводзіцца з дапамогай метадаў прыродазнаўчых навук. Археалагічны помнік можа датавацца: па геал. пласце; па гадавых пластах драўніны, знойдзенай на помніку (дэндрахраналагічны метад); па ступені назапашвання фтору або знікнення бялку-калагену ў выкапнёвых касцях стараж. жывёл. Шырока выкарыстоўваюць радыевугляродны, палеа- і геамагнітны, тэрмалюмінесцэнтны і інш. аналізы.
археалагічныя культуры сярэдняй пары верхняга палеаліту (каля 23—17 тыс.г. назад) на тэр.Зах., Цэнтр, і Усх. Еўропы, аб’яднаныя шэрагам агульных рыс. Назва ад стаянак каля мяст. Вілендорф (Аўстрыя) і в. Касцёнкі (Варонежская вобл., Расія). Уключае вілендорфскую, паўлаўскую (Маравія) культуры, касцёнкаўска-аўдзееўскую культуру, а таксама асобныя стаянкі (Бердыж, Кракаў-Спадзіёта, Польшча) і інш. Насельніцтва займалася паляваннем, вырабляла крамянёвыя прылады (наканечнікі, нажы, праколкі, пласціны з рэтушшу), багата арнаментаваныя рэчы з косці і іклаў маманта, зааморфныя і антрапаморфныя фігуркі з косці і мергелю. Для гэтых культур характэрны своеасаблівыя жыллёвыя комплексы: адкрытыя пляцоўкі з шэрагам агнішчаў, абкружаныя зямлянкамі і ямамі-сховішчамі. Многія даследчыкі разглядаюць Вілендорфска-Касцёнкаўскае культурнае адзінства як адзіную археал. культуру.
А.В.Іоў.
Да арт.Вілендорфска-касцёнкаўскае культурнае адзінства. «Вестаніцкая Венера» паўлаўскай культуры (Маравія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАМЕТЭАРАЛО́ГІЯ (ад агра... + метэаралогія),
сельскагаспадарчая метэаралогія, навука, якая вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што маюць значэнне для сельскай гаспадаркі. Амаль не адмежавана ад агракліматалогіі (вывучае клімат як фактар с.-г. вытв-сці). Задачы аграметэаралогіі: вывучэнне заканамернасцяў фарміравання метэаралагічных і кліматычных умоў с.-г. вытв-сці, мікраклімату палёў; распрацоўка метадаў колькаснай ацэнкі ўплыву метэаралаг. фактараў на рост і фарміраванне ўраджаю, на развіццё шкоднікаў і хвароб с.-г.культур; абгрунтаванне эфектыўных мер па пераадоленні неспрыяльных і небяспечных для сельскай гаспадаркі гідраметэаралагічных з’яў; агракліматычнае абгрунтаванне прыёмаў меліярацыі; распрацоўка метадаў аграметэаралагічных прагнозаў; с.-г. ацэнка кліматычных рэсурсаў тэрыторыі і інш. На Беларусі рэгулярныя аграметэаралагічныя назіранні праводзяцца з 1921; у 1995 — на 48 метэастанцыях, у т. л. на 5 аграметэаралагічных станцыях. На аснове шматгадовых назіранняў падрыхтаваны агракліматычныя даведнікі (выд. 1958, 1970, 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РАпаветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г.культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШКАЎ,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл. таксама Сіласаўборачны камбайн).
К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.