ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),
1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст.значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.
2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).
3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.
4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.
Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦЕРКІ,
дробныя ўпрыгожанні са скразнымі адтулінамі, нанізаныя на нітку або шнурок. Носяць на шыі ў выглядзе караляў, паасобныя П. выкарыстоўваюць для ўпрыгожання вопраткі, галаўных убораў, абутку. Вядомы ў многіх народаў з эпохі неаліту, часта ім надавалі магічнае значэнне. У старажытнасці разнастайныя паводле формы і колеру П. выраблялі з зерня раслін, пладовых костачак, зубоў звяроў, бурштыну і інш., пазней — з металаў, шкла, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. У наш час П. вырабляюць з розных матэрыялаў прадпрыемствы маст. прам-сці, ювеліры, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, нар. майстры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),
граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.
Літ.:
Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;
Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в.Вял. Пугачы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага біятытавага рапаківіпадобнага граніту даўж. 8 м, шыр. 7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 21,9 м, аб’ём бачнай часткі 38,6 м³, маса каля 103 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс.г. назад з тэр.Паўд. Фінляндыі. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае агульнаму напрамку руху ледавіка. Меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
Пугачоўскі вялікі камень у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ССЫПНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, россыпы,
скопішчы абломкавых горных парод, што ўмяшчаюць каштоўныя россыпаўтваральныя мінералы, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная і тэхнічна магчымая. Утвараюцца за кошт фіз. і хім. выветрывання і пераадкладання горных парод і карысных выкапняў. Вылучаюць Р.р. паводле генезісу: элювіяльныя, дэлювіяльныя, пралювіяльныя, алювіяльныя, літаральныя, гляцыяльныя, эолавыя; паводле часу ўтварэння: сучасныя і стараж. (выкапнёвыя); паводле ўмоў залягання: адкрытыя і пахаваныя; паводле формы пакладаў: плошча-, лінза- і стужкападобныя, пластавыя, шнурковыя і гнездавыя. Маюць важнае значэнне для здабычы золата, плаціны, алмазаў, тытану, вальфраму, волава, танталу, ніобію, торыю, гранату, горнага хрусталю, бурштыну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,
недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЭ́ННЕ,
знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.
У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл.Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім.прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.
А.Р.Архіпенка, У.М.Сацута.
Да арт.Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.