ПЕНЕТРА́НТНАСЦЬ (ад лац. penetrare пранікаць),
частата выяўлення алелю пэўнага гена ў розных асобін роднаснай групы арганізмаў. Залежыць ад генатыпу і ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць поўную П. (алель праяўляецца ў 100% асобін) і няпоўную (алель не выяўляецца ў ч. асобін, частата праяўлення выражаецца ў працэнтах). Напр., у чалавека П. прыроджанага вывіху бядра 25%, П. дэфекту вока — калабомы — каля 50%. Веданне механізмаў П. мае значэнне ў медыка-генет. кансультаванні і вызначэнні верагоднага генатыпу «здаровых» людзей, сваякі якіх мелі спадчынныя захворванні.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)