СУСВЕ́ТНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЙ УЛА́СНАСЦІ (САІУ),
міжнародная міжурадавая арганізацыя, спецыялізаваная ўстанова ААН (з 1974). Створана ў 1967 для садзейнічання ахове аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Месцазнаходжанне — Жэнева (Швейцарыя). Вышэйшы орган — Ген. асамблея. Адм. орган — Міжнар. бюро. Дзейнасць САІУ пашыраецца на ўсе віды інтэлектуальнай уласнасці: права на літ., маст. і навук. творы, ахова выканаўчай дзейнасці артыстаў, вынаходстваў і да т.п. На канец 2000 членамі арг-цыі з’яўляліся больш за 130 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь.
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРБУ́ЛАЎ Міхаіл Васілевіч, рускі скрыпач, педагог, кампазітар 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Льежскую кансерваторыю (1890, Францыя). У 1882—85 іграў у квартэце Кіеўскага аддзялення Рус. муз. т-ва. У 1890—94 вёў муз. дзейнасць у Мінску: выступаў з канцэртамі, на вечарах мясц. аматараў музыкі, выконваў сусв. творы скрыпічнай класікі. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Пражскай кансерваторыі, Тбілісі, Кішынёве. Аўтар стр. трыо, квартэтаў, мініяцюр для скрыпкі і фп.
А.Л.Капілаў.
т. 15, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА АПЕ́КІ НАД ЭМІГРА́НТАМІ,
дабрачынная арганізацыя, якая дзейнічала з канца 1890-х г. да 1915 у Варшаве. Асн. мэта — дапамога эмігрантам, якія ад’язджалі ў краіны Паўн. і Паўд. Амерыкі. Мела свой статут. Аказвала матэрыяльную, фін. і інфарм. дапамогу эмігрантам. У 1912 утварыла філіял у Вільні, які выдаў на бел. мове брашуру Язэпа Акаловіча «Рады для эмігрантоу, каторые едуць у Амэрыку, а такжэ размовы беларуско-англіцкіе» (1912). У 1915 спыніла сваю дзейнасць.
А.В.Ціхаміраў.
т. 15, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРЫВА́ЛЬНІЦТВА ЗЛАЧЫ́НСТВАЎ,
дзейнасць, якая звязана з учыненнем злачынства, але не з’яўляецца саўдзельніцтвам у ім; адна з форм дачынення да злачынства. Праяўляецца ў хаванні злачынца, прылад і сродкаў учынення злачынства, прадметаў, набытых злачынным шляхам. Гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца асобай пасля таго, як адпаведнае злачынства адбылося, і таму не знаходзяцца ў прычыннай сувязі са злачынным вынікам. КК Рэспублікі Беларусь устанаўляе крымін. адказнасць за У.з. (цяжкіх і асабліва цяжкіх), якое не было загадзя абяцана.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 16, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР ЗАНЯ́ТАСЦІ,
першаснае звяно дзярж. службы занятасці. На Беларусі ствараюцца ў раёнах і гарадах. Уведзены ў адпаведнасці з законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991 з мэтай прадухілення беспрацоўя, прадастаўлення сац. і прававых гарантый грамадзянам, якія часова апынуліся без работы, для іх працаўладкавання. Дзейнасць Ц.з. фінансуецца за кошт сродкаў Дзярж. фонду садзейнічання занятасці. Кантроль за рэалізацыяй заканадаўства аб занятасці насельніцтва ажыццяўляюць Саветы дэпутатаў, адпаведныя дзярж. органы і прафсаюзы.
Ю.Я.Савельеў.
т. 17, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМО́ЛІНА Ларыса Аляксандраўна (23.11.1900, г. Мазыр Гомельскай вобл. —20.2.1984),
бел. актрыса, тэатр. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920. У 1924—44 актрыса БДТ-1. З 1944 дырэктар Рэсп. дома нар. творчасці і Дзярж. харавой капэлы Беларусі (1952—57). Характарная актрыса. Лепшыя сцэнічныя вобразы вызначаліся выразнасцю, дакладнасцю знешняга малюнка: Ядвіга («Салавей» З.Бядулі), Кацярына Жарнасек («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Любоў («Апошнія» М.Горкага), Люсіль («Мяшчанін у дваранах» Мальера).
т. 18, кн. 1, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ БІ́ЗНЕСУ І ПРА́ВА.
Засн. ў 1995 у Мінску. Мае філіялы ў Брэсце, Гродне і Вілейцы; аддзяленні: юрыд. і эканоміка-бухгалтарскае; інфарматыкі і камерцыйнай дзейнасці; завочнае. Рыхтуе юрыстаў, бухгалтараў, тэхнікаў-эканамістаў, таваразнаўцаў, тэхнікаў-праграмістаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй агульнай адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае, на камерцыйнай аснове. Спецыяльнасці (2003/04 навуч. г.): правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; эканоміка і арганізацыя вытв-сці; камерцыйная дзейнасць; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій.
т. 18, кн. 1, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),
паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.
Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.
Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.
К.С.Пракошына.
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.
Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.Глушневіч, М.М.Гусеў, Я.Я.Саблер, П.М.Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.
Літ.:
Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс. экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)