сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.
Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.
Да арт.Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзезасн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзезасн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,
складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.
Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = 1/2 Cyρν2S, дзеρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.
Да арт.Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць
, ціск
, Y — пад’ёмная сіла крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫ́КА,
перадача грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей адным удзельнікам дагавора другому з умовай вяртання і выплаты працэнтаў. Від П. залежыць ад характару дагавора, складу ўдзельнікаў пазыковай здзелкі, памеру і крыніцы выплаты працэнтаў і інш. П. бываюць: банкаўскія, дзе пазыкадаўцамі з’яўляюцца пазыковыя ўстановы (банкі), а пазычальнікамі — юрыд. і фін. асобы; дзяржаўныя (бюджэтныя), у якіх удзельнікамі пазыковай здзелкі могуць выступаць як з боку пазычальніка, так і з боку пазыкадаўцы бюджэты розных узроўняў (рэсп. і мясц. ад імя дзяржавы); камерцыйныя, у якіх суб’екты гаспадарання даюць пазыковыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці адзін аднаму; спажывецкія, дзе пазычальнікам з’яўляецца насельніцтва. Класіфікуюцца: паводле мэтавага прызначэння; спосабу выдачы пазычаных сродкаў — арганізаваныя і неарганізаваныя, прамыя і ўскосныя; паводле тэрмінаў пагашэння — тэрміновыя, кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя, адтэрмінаваныя і пратэрмінаваныя; паводле месца ажыццяўлення — унутраныя і знешнія. Суб’ектамі знешніх (міжнар. П.) выступаюць дзяржавы, банкі, міжнар. і міжрэгіянальныя валютна-крэдытныя і фін. арг-цыі, юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),
падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).
Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),
іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.Сервантэса, У.Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».
Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.Трухана і В.Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.Баталава, Г.Гатоўчыц, Т.Міронава, І.Падлівальчаў, Т.Папова, А.Сушко, Г.Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.Дзінаў, І.Мацкевіч і інш.
Л.А.Лявонава.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча.Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.Гогаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́К (Андрэй Мацвеевіч) (1911, в. Асвеіца Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). З 1938 працаваў на з-дзе ў г. Ніжні Тагіл, ва Уральскім леспрамгасе (Расія). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Наводчык кулямёта радавы Бурак вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Ржышчаў Кіеўскай вобл. Загінуў у баі.