ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
акт дзейнасці індывід. і калект. суб’екта па пераўтварэнні наяўных грамадскіх адносін у інш. адпаведна яго інтарэсам і мэтам. Дыферэнцыруюцца на эканам., грамадска-паліт., пазнавальныя, камунікатыўна-ідэалаг. (рэліг., эстэт., маральныя і інш.). Вылучаюць Дз.с. рэв., рэфармісцкія, прагрэс., рэакцыйныя, стыхійна-імпульсіўныя, арганізаваныя, дэструктыўныя, навацыйныя і інш. Прадстаўнікі зах. сацыялогіі засяроджваюць увагу на асобасным аспекце Дз.с., дзе ў якасці суб’ектаў разглядаюцца індывіды, якія знаходзяцца ў кантактных міжасобасных адносінах (інтэракцыях). Па асобасных крытэрыях яны падзяляюць Дз.с. на мэтарацыянальныя, каштоўнаснарацыянальныя, афектыўныя, традыцыйныя (М.Вебер), інтэлектуальныя, экспрэсіўныя, маральныя (Т.Парсанс), тэлеалагічныя, нормарэгулюючыя, драматургічныя, камунікатыўныя (Ю.Хабермас). Сацыёлагі А.Гідэнс, А.Турэн, П.Штомпке і інш. прапаноўваюць размежаваць дзейнасць структур (цывілізацый, дзяржаў і г.д.) і сац. індывіда, лічаць, што праблема Дз.с. павінна вырашацца з улікам супярэчлівага ўзаемапранікнення яго структурнага і асобаснага аспектаў, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага момантаў грамадскага развіцця. Марксісцкая тэорыя звязвае калект. Дз.с. з аналізам зместу актыўнасці сукупнага суб’екта, яго патрэб і інтарэсаў, мэт ідэалогіі, а таксама сродкаў, спосабаў і вынікаў гэтых дзеянняў.
Літ.:
Социальное действие. Мн., 1980;
Штомпке П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв. за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш.грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПІРО́ЎКА (франц. draperie),
размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.
У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.
Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.Станюты і М.Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.Анікейчыка, М.Данцыга, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.Марачкіна, М.Селешчука, У.Тоўсціка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),
бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).
В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.
Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн.км! (каля 1,6% сушы).
На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр. адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш.дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац. сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац. сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),
бел.паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл.Бел.нац.к-та (у крас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг.навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел.навук.т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,
устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.Крылоў), «Быць ці не быць» (У.Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.
Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).
Літ.:
Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;
Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;
Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.