знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст.бел.муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ Іосіф Вельямін (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),
бел. назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ЮДЗІС»
(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),
масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт.Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у боккансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел.нар. фронту.
Літ.:
Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкі, віцебскі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын полацкага кн.Васількі Святаславіча. У летапісах згадваецца з 1161. На думку В.Я.Данілевіча, да 1162 У.В. княжыў у Віцебску. У гэты год палачане абралі яго на княжацкі сталец у Полацку замест Рагвалода Барысавіча, які мусіў пакінуць сталіцу і пайсці княжыць у Друцк. Пад 1175 летапісы паведамляюць пра У.В. як пра князя віцебскага, з яго дачкой узяў шлюб уладзіміра-суздальскі кн. Яраполк Расціславіч. Пад 1178 і 1180 У.В. зноў згадваецца як князь полацкі. Пад 1186 паведамляецца, што ён зноў княжыць у Друцку. У.В. нейкім чынам быў звязаны са смаленскім кн.Давыдам Расціславічам, бо ў 1168—67 уступіў яму Віцебск. У 1167 У.В. знайшоў часовы прытулак у Віцебску, ратуючыся ад нечаканага нападу на Полацк гарадзецкага кн.Валадара Глебавіча. У барацьбе за суздальскі сталец У.В. падтрымаў свайго зяця Яраполка Расціславіча, у выніку чаго быў парушаны саюз са Смаленскам, які трымаў бок праціўніка Яраполка.
Літ.:
Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896;
Рапов О.М. Княжеские владения ва Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.
Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 23 тыс.чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.Удзіно (37—40 тыс.чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.П.Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.Ж.Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.А.Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс.чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́НЬКАЎСКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Размешчаны на раўнінным рэльефе (прамавугольны ўчастак каля 15 га) са схілам у бок штучнага вадаёма, на р. Рапуса. З захаду мяжа праходзіць па гал. вуліцы вёскі. Уключаў палац, 2 жылыя дамы, гасп. пабудовы, царкву, касцёл, парк. Захаваліся флігель, павільён (т.зв. скарбчык), жылы дом, усх. брама (часткова), альтанка, некат. гасп. пабудовы. Палац пабудаваны ў 1880 у стылі рамантызму з выкарыстаннем форм сярэдневяковай архітэктуры. Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак з 2-яруснай вежай. Другі ярус вежы меў 4 балконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Перад палацам быў невял. круглы фантан (захавалася чаша). Падземнымі пераходамі-калідорамі палац быў злучаны з флігелем (кухня), з паўн. боку — са спец. павільёнам (скарбчыкам), прызначаным для б-кі (больш за 20 тыс. тамоў, збор рукапісаў) і калекцый уладальніка сядзібы (нумізматычныя зборы, гіст. малюнкі, збор жывапісу і графікі, гравюры, стараж. абразы, зброя, рэчы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш.). Флігель — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны замковым каменем; вуглы і цокаль руставаныя. Скарбчык — 2-павярховы квадратны ў плане павільён з 4 вуглавымі вежамі, нагадвае сярэдневяковы замак у мініяцюры. Вежы завершаны шатровымі галоўкамі, упрыгожаны аркатурнымі паясамі. Каля 1900 пабудаваны мураваны жылы дом у стылі неаготыкі. Двухпавярховы Г-падобны ў плане, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Вылучаецца паўд. фасад 1-павярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстаны пілястры, прафіляваныя ліштвы, сандрыкі. Касцёл (19 ст.) знішчаны ў пач. 20 ст. Парк (закладзены ў 1870-я г. ў сядзібе графа Э.Гутэн-Чапскага) пейзажнага тыпу з элементамі рамантызму. Пл. каля 15 га. З трох бакоў абнесены мураванай сцяной (захавалася часткова), на Пд — вял. штучны вадаём. Кампазіцыя парку пабудавана на 3 шырокіх перспектывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок вадаёма. У зах. частцы стаяў палац. На ПдУ ад яго пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай з 2 астравамі. На зах. в-ве стаіць альтанка — 8-калонная ратонда. Замыкала перспектыву Мікалаеўская царква (1858, засталіся руіны) на процілеглым беразе вадаёма. У 1880—90-я г. пры ўездзе ў парк з У пабудавана мураваная брама з вартоўняй. Брама — 3-пралётная стральчатая арка з высокай цэнтр. часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сцены апрацаваны плоскімі арачнымі нішамі. У парку растуць экзоты: хвоя веймутава, піхта сібірская, вяз голы, ліпа сэрцападобная, клёны вастралісты і серабрысты, туя заходняя, каштан конскі васьмітычынкавы і інш., на в-ве перад альтанкай — адзіны ў Беларусі экзэмпляр дуба чарэшчатага ніцага. Палац разбураны ў Вял.Айч. вайну, на яго месцы пабудавана школа-інтэрнат.
А.В.Алісейчык, В.Р.Анціпаў.
Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Будынак былой бібліятэкі.Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль. Брама.
цэнтральны орган улады Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у снеж. 1918 — ліст. 1920. 13.11.1918 ва ўмовах краху аўстра-герм. акупацыі Украіны і прагерм. рэжыму гетмана П.П.Скарападскага члены апазіц.сацыяліст. аб’яднання Укр.нац. саюз (створаны 21.5.1918, уваходзілі партыі сацыялістаў-федэралістаў, эсэраў, сац.-дэмакратаў, сацыялістаў-самасційнікаў і інш.) стварылі ў г. Белая Царква кіруючы цэнтр — Дырэкторыю (старшыня У.Віннічэнка, члены С.Пятлюра, Ф.Швец, А.Макаранка, П.Андрыеўскі; пазней склад змяняўся), якая 15 ліст. заклікала да паўстання супраць Скарападскага. На яе бок перайшоў полк галіцыйскіх «сечавых стральцоў», які стаў ядром паўстанцкай арміі. 14.12.1918 рэжым Скарападскага скінуты, Дырэкторыя абвясціла аднаўленне УНР і пачала трансфармавацца ў вышэйшы дзярж.ін-т з заканад. і распарадчымі функцыямі. Яе выканаўчым органам абвешчаны кабінет нар. міністраў. На месцах ствараліся працоўныя Рады, але рэальная ўлада належала ваен. камандаванню. Узбр. сілы Дырэкторыі (Укр.нар. армія, гал. атаман Пятлюра) складаліся пераважна з мясц. добраахвотніцкіх атрадаў. У ліп. 1919 да іх далучылася 50-тысячная Галіцыйская армія разгромленай Польшчай Заходнеўкр. Нар. Рэспублікі (ЗУНР). Дырэкторыя забараніла продаж, залог і арэнду зямлі, абяцала сялянам надзяліць іх зямлёй (5—15 дзес. ворыва, 15 дзес. лесу на гаспадарку), аднавіла 8-гадзінны рабочы дзень на прадпрыемствах і ўвяла тут рабочы кантроль, прызнала права рабочых на стачкі і г.д. 22—28.1.1919 у Кіеве праведзены Прац. кангрэс (каля 3 тыс. дэлегатаў), які пацвердзіў уладныя паўнамоцтвы Дырэкторыі і пастанавіў аб’яднаць УНР з ЗУНР у складзе Саборнай Украіны. Пасля няўдалых спроб Віннічэнкі дамовіцца з РСФСР Дырэкторыя 16.1.1919 абвясціла ёй вайну і ўзяла курс на супрацоўніцтва з краінамі Антанты. 5.2.1919 Чырв. Армія заняла Кіеў, да чэрв. 1919 — б.ч. Правабярэжнай Украіны. Польшча захапіла Усх. Галіцыю і Зах. Валынь. Дырэкторыя, якую з 10.2.1919 узначальваў Пятлюра, засталася без тэрыторыі, але ў ліп. 1919, скарыстаўшы наступленне белагвардз. арміі ген. А.І.Дзянікіна, зноў авалодала значнай ч. Правабярэжнай Украіны, 30 жн. — Кіевам. Але Дзянікін 31 жн. выгнаў з Кіева войскі Дырэкторыі, якая 24.9.1919 абвясціла яму вайну. Неўзабаве дзянікінцы нанеслі Дырэкторыі паражэнне, на іх бок у ліст. перайшла Галіцыйская армія. У снеж. 1919 рэшткі войск Дырэкторыі перайшлі да партыз. дзеянняў у тыле войск Дзянікіна, а потым — Чырв. Арміі, якая зімой 1919—20 разбіла Дзянікіна і зноў заняла амаль усю Украіну. 21.4.1920 Дырэкторыя заключыла ў Варшаве пагадненне з польскім урадам, паводле якога Польшча ў абмен на Усх. Галіцыю і Зах. Валынь прызнавала УНР і аказвала ёй ваен. дапамогу супраць РСФСР. У крас. — пач. мая 1920 войскі Польшчы і Дырэкторыі (18 тыс.чал.) занялі ч. Правабярэжнай Украіны і Кіеў (6 мая). У канцы савецка-польскай вайны 1920 войскі Дырэкторыі адышлі на польскую тэр., дзе былі інтэрніраваны. 20.11.1920 Пятлюра сваім указам распусціў Дырэкторыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Украіна.
Літ.:
Семененко В.И., Радченко Л.А. История Украины: С древнейших времен до ваших дней. Харьков, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ (ад дыя... + магнетызм),
уласцівасць рэчыва намагнічвацца насустрач знешняму магн. полю; адзін з відаў магнетызму. Уласцівы ўсім рэчывам; вызначае паводзіны для дыямагнетыкаў у магн. полі: неаднароднае поле выштурхоўвае іх у бок з меншай напружанасцю, у аднародным полі прадаўгаваты ўзор арыентуецца ўпоперак да сілавых ліній поля. У найб. ступені выяўляецца для звышправаднікоў.
Простая тэорыя Д. газу неўзаемадзейных атамаў створана П.Ланжэвэнам і заснавана на вылічэнні магн. моманту, які ўзнікае ў выніку Лармара прэцэсіі электронаў на атамных арбітах. Пры ўнясенні цела ў магн. поле ў электроннай абалонцы кожнага яго атама ўзнікаюць індуцыраваныя кругавыя токі, якія ствараюць магнітны момант, накіраваны ў адпаведнасці з Ленца правілам процілегла знешняму полю (незалежна ад таго, ці меў атам уласны магн. момант ці не і як ён быў накіраваны). Электроны праводнасці металаў і паўправаднікоў пачынаюць рухацца па спіральных квантаваных арбітах, што таксама выклікае Д. (гл.Ландау дыямагнетызм). Індуцыраваны магн. момант прапарцыянальны напружанасці знешняга магн. поля і не залежыць ад т-ры ўзору (акрамя металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах, дзе назіраецца перыяд. змяненне магнітнай успрыімлівасці пры павольным павелічэнні напружанасці магн. поля — эфект Дэ Хааза — ван Альфена). Найб. значэнне магн. успрыімлівасці маюць звышправаднікі, унутр. якіх магн. поле не трапляе; іх Д. абумоўлены макраскапічнымі паверхневымі токамі.