АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ РЭСПУБЛІКА́НСКІ ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́,

назва Тэатра юнага гледача Рэспублікі Беларусь у 1955—91.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК НАРО́ДНАЙ АДУКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

гл. ў арт. Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛДУРЫ (Bulduri),

кліматычны курорт у Латвіі, у складзе г. Юрмала. За 20 км ад Рыгі, на беразе Рыжскага заліва Балтыйскага м. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльнымі ўмовамі для летніх купанняў. Пясчаны пляж з невял. дзюнамі, хвойная расліннасць. Разам з кліматалячэннем практыкуюцца бальнеа- і фізіятэрапія. Санаторыі, у ліку якіх «Беларусь» (уласнасць Рэспублікі Беларусь), спецыялізуюцца на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і нерв. сістэм. Гасцініцы, пансіянаты, кемпінгі, турысцкія базы і інш.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

сістэма дзярж. органаў, якія маюць права выдаваць законы. Ў адпаведнасці з тэорыяй раздзялення ўлад адна з трох улад, якія ўраўнаважваюць у дзяржаве адна адну. У дэмакр. дзяржавах З.ў. можа ажыццяўляцца спец. заканадаўчымі органамі (парламент, мясц. заканадаўчыя асамблеі), а таксама і непасрэдна выбарчым корпусам (палітычна дзеяздольнымі грамадзянамі) шляхам рэферэндуму; ў некаторых выпадках і органамі выканаўчай улады — у парадку дэлегаванага заканадаўства. У Рэспубліцы Беларусь З.ў. належыць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК БЫТАВО́ГА АБСЛУГО́ЎВАННЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА БССР,

гл. ў арт. Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ВОЙСК БЕЛАРУ́СКАЙ ВАЕ́ННАЙ АКРУ́ГІ,

назва Музея ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь у 1974—93.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні і ахове нетраў, рэгламентуюць правілы вядзення горных работ. У Рэспубліцы Беларусь горнае заканадаўства грунтуецца на выключнай дзярж. уласнасці на нетры. Асн. крыніцамі горнага заканадаўства з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, якія замацоўваюць правы дзяржавы як уласніка нетраў і вырашаюць парадак аддачы нетраў у карыстанне. Нормы горнага заканадаўства і выдадзеныя на іх падставе падзаконныя нарматыўныя акты размяркоўваюць кампетэнцыю ў галіне рэгулявання горных адносін паміж суб’ектамі карыстання, вырашэння спрэчак па пытаннях карыстання нетрамі. Значная ч. нормаў горнага заканадаўства прысвечана пытанням геал. вывучэння нетраў, здабычы карысных выкапняў, правам і абавязкам карыстальнікаў, умовам аддачы нетраў у карыстанне шляхам горнага адводу і іх адабрання, ажыццяўлення горнага нагляду і геал. кантроль, юрыд. адказнасці за парушэнне правіл нетракарыстання.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНТРО́ЛЬ,

сістэма кантролю дзярж. органаў за вытв., гасп., фін. і інш. дзейнасцю дзярж., грамадскіх і каап. арг-цый, прадпрыемстваў і ўстаноў, выкананнем імі законаў і інш. прававых актаў. Дз.к. за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Нац. сходу, СМ і інш. дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Вядучая роля ў Дз.к. належыць Саветам дэпутатаў, якім падкантрольныя ўсе інш. дзярж. органы і службовыя асобы гэтых органаў. Дз.к. за дзейнасцю вышэйшых выканаўчых і распарадчых органаў дзярж. улады ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, парламент. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь кантралюе дзейнасць дзярж. к-таў, мін-ваў і ведамстваў, якія ў сваю чаргу ажыццяўляюць Дз.к. за дзейнасцю падначаленых ім арг-цый і ўстаноў. Аб’ём кантрольных правоў кожнага звяна Дз.к. вызначаецца законам.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 29.4.1921, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык і літаратуразнавец. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). У 1940—47 на пед. працы ва ўстановах нар. адукацыі, у 1948—57 у Маладзечанскім настаўніцкім ін-це і Маладзечанскім абл. ін-це ўдасканалення настаўнікаў. Пасля выхаду на пенсію па зроку (1957) пачаў займацца н.-д. дзейнасцю. Гал. тэмы — гісторыя Беларусі 9—14 ст. і бел. л-ра. Даследуе пытанні засялення слав. плямёнамі Усх. Еўропы, этнагенез беларусаў, паліт. гісторыю стараж. зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Навагрудская і інш.), праблемы ўзнікнення ВКЛ і інш. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.

Тв.:

Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994.

Г.​В.​Штыхаў.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)