ГРУ́ПА,

адно з асноўных паняццяў сучаснай матэматыкі, выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. навуках пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі. Узнікненне выклікана неабходнасцю выконваць пэўныя дзеянні (складанне, множанне) не толькі над лікамі, але і над вектарамі, мноствамі, матрыцамі, пераўтварэннямі і інш. матэм. аб’ектамі. Паняцце групы пачало фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. незалежна ў алгебры ў выглядзе канечных груп падстановак пры рашэнні алг. ураўненняў у радыкалах (Ж.Лагранж, Н.Абель, Э.Галуа; апошні прапанаваў і тэрмін «група»), у геаметрыі пры з’яўленні неэўклідавых геаметрый і ў праектыўнай геаметрыі, а таксама ў тэорыі лікаў (Л.Эйлер, К.Гаўс) пры вывучэнні параўнанняў і класаў рэштаў.

Групай наз. непустая сукупнасць элементаў (мноства) G, на якой зададзена алг. аперацыя *, што задавальняе ўмовам: аперацыя асацыятыўная a*(b*c)=(a*b)*c для ўсіх a*b*c з G; для любога элемента a з G існуе нейтральны элемент n, для якога a*n=n*a=a; для любога элемента a з G існуе адваротны элемент x, для якога a*x=x*a=n. Напр., мноства ўсіх цэлых лікаў адносна аперацыі складання; сукупнасць падстановак мноства X, калі пад здабыткам 2 падстановак разумець вынік іх паслядоўнага выканання для любога x з X. Частка элементаў групы G, што сама ўтварае групу адносна групавой аперацыі ў G, наз. падгрупай (напр., мноства ўсіх цотных лікаў — падгрупа групы цэлых лікаў). Група наз. канечнай (бясконцай), калі мноства G мае канечную (бясконцую) колькасць элементаў. Гл. таксама Груп тэорыя.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІДО́ВІЧ (Генрых Вацлававіч) (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам. гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.​Ф.​Купера «Апошні з магікан».

Тв.:

Цяпло на першацвет. Мн., 1976;

Маладыя гады. Мн., 1979;

Міланькі. Мн., 1980;

На новы парог. Мн., 1983;

Станаўленне. Мн., 1985;

Міг маладосці. Мн., 1987;

Жывы покліч. Мн., 1995;

Жар кахання. Мн., 1996;

Кліч роднага звона. Мн., 1997.

Літ.:

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.

А.​У.​Рагуля.

Г.В.Далідовіч.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЫЙ,

імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржаве.

Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах. ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл. Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.

Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).

Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.

Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕКАЦЯРЫНБУ́РГ,

горад у Расіі, цэнтр Свярдлоўскай вобл., на р. Ісець (Сярэдні Урал). 1278 тыс. ж. (1996). Буйны чыг. і аўтадарожны вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн. Газаправоды. Найбуйнейшы цэнтр машынабудавання (ВА «Уралмаш», «Уралэлектрацяжмаш», «Уралхіммаш»; з-ды турбаматорны, буравога і металургічнага абсталявання, трансп. машынабудавання, падшыпнікавы і інш.), чорнай металургіі (Верх-Ісецкі металургічны з-д); развіты таксама прыладабуд. і эл.-тэхн. (кабель, трансфарматары, з-ды дакладнай механікі, оптыкі, халадзільнікаў і інш.), хім. (шыны, пластмаса і інш.), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харчасмакавая прам-сць; каменярэзная вытв-сць (з-д «Уральскія самацветы»). Уральскае аддзяленне Рас. АН, 14 ВНУ (у т. л. ун-т), 8 музеяў, 5 тэатраў. Арх. помнікі: жылыя і грамадскія будынкі ў стылі класіцызму (18, 19 ст.), сабор Аляксандра Неўскага (1-я пал. 19 ст.).

Засн. ў 1721 В.​М.​Тацішчавым як горназаводскі культ. і гандл. цэнтр Урала. Пазней Ісецкі з-д і крэпасць назвалі Е. у гонар Кацярыны I. Тут размяшчаліся Уральскае горнае ўпраўленне, горназаводская школа, з 1735 манетны двор. У 1763 праз Е. пракладзены Сібірскі тракт. З 1781 цэнтр вобласці, з 1796 пав. горад Пермскай губ. У 1834 засн. Горны музей, у 1836 — абсерваторыя. З канца 19 ст. важны чыг. цэнтр Урала, адзін з цэнтраў рэв руху. У ліп. 1918 у Е. расстраляны апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй. Месца значных баёў у грамадз. вайну (гл. Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). З 1919 цэнтр Екацярынбургскай губ., з 1923 — Уральскай, з 1934 — Свярдлоўскай абласцей. У 1924—91 наз. Свярдлоўск.

Екацярынбург. Кінаканцэртная зала «Космас».

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКА́СТЭРЫ (Lancaster),

арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:

Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.

Генрых IV [1399—1413], сын Дж.​Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на землі ВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). У выніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.

Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат. У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц. войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.

Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.

Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.

Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.

Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.​Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.​Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПТО́НЕЎ (Стэфан Дзімаў) (н. 8.11.1928, г. Ляскавец, Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Сафійскі ун-т (1951). Друкуецца з 1948. Асн. тэма творчасці — жыццё сучаснай Балгарыі (раманы «Апошні стрэл», 1967, «Самая паўночная поўнач», 1975, «Афера», 1980; аповесці «Цуд», 1969, «Спачатку быў хлеб», 1983; кнігі апавяд. «Сваякі», 1967, «Ліст да патомкаў», 1977, «Замах», 1983). Зб-кі паэзіі «Адзіны месяц сакавік» (1970), «Пасля ўрачыстасцей» (1982) адметныя спалучэннем лірыкі і публіцыстыкі. Піша для дзяцей і юнацтва. Неаднаразова наведваў Беларусь. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Беларусь — белая балада» (1971), публіцыстыкі «Адлегласці» (1975), «Мяне абудзіць світанне» (1977), «Сібірскі сшытак» (1978), «Кап’ё» (1979), зб. вершаў «Бярозы, я ў вашым палоне!» (1972), паэме «Беларуская восень» (1982). Аўтар артыкулаў пра бел. гісторыю, культуру і л-ру («Крыніца, што адлюстроўвае душу народа», 1981; «Маладосць стагоднікаў» і «Перш чым паехаць на Беларусь...», абодва 1982). На балг. мову пераклаў вершы Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, А.​Вярцінскага, В.​Лукшы, П.​Макаля. Яго творы на бел. мову пераклалі У.​Анісковіч, Барадулін, Гілевіч, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, В.​Нікіфаровіч, А.​Разанаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь — белая балада. Мн., 1979;

Беларуская паэма // Полымя. 1981. №2;

Рука;

Аповесць // Там жа. 2000. №10;

У кн.: Такая любоў: Сучасная балгарская аповесць. Мн., 1987;

У кн.: Знічкі сямі нябёс. Мн., 1992.

Літ.:

Гардзіцкі А.К. Сафійскія гутаркі // Гардзіцкі АК. Вачыма сяброў. Мн., 1977;

Нікіфаровіч В. Вачыма і сэрцам друга // Нікіфаровіч В. Дарогі ў шырокі свет. Мн., 1979.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́Ў (Васіль Рыгоравіч) (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),

рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.​Астроўскага (1871), У.​Даля, Ф.​Дастаеўскага, М.​Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.

Тв.:

Рассказы художника. М., 1960.

Літ.:

Лапунова Н.Ф. В.​Г.​Перов. М., 1968;

Лясковская О.А. В.​Г.​Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Пяроў. Чаяванне ў Мыцішчах. 1862.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ (Іван Пятровіч) (н. 11.7.1930, в. Падбулькова Брэсцкага р-на),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1962—65. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, манум.-дэкар. мастацтве. Тэматычныя карціны: «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Прызванне», «Дзякуй, мама!» (абедзве 1975), «З вогненнай вёскі» (1978), «Боль вогненных гадоў. Год 41-ы» (1984), «Зямля мая беларуская» (1985); пейзажы: «Івянец» (1973), «Плошча Перамогі» (1981), «Малінавы звон» (1983), «Апошні снег» (1985), «Ранішні прамень» (1988), «Беларуская восень» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (абодва 1995), «Блакітны ранак» (1997), «Замярзаючы стаў», «Лагодная зімка» (абодва 1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (абедзве 2000); партрэты, нацюрморты. Шэраг твораў прысвечаны дзеячам бел. л-ры: «На радзіме Я.​Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М.​Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай» (1983) і інш. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святлопаветранага асяроддзя. Аўтар сграфіта «Спорт» у Бел. акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, з С.​Мусінскім), вітражоў «Беларусь» для павільёна на міжнар. кірмашы ў г. Лейпцыг (Германія) і «Айчынная вайна» ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1967, усе ў сааўт. з І.​Эйдэльманам).

Літ.:

Карнач П.А. Шчодрасць сэрца // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;

Салавей Л Ф Іван Рэй: Альбом. Мн., 1990;

Іван Рэй: [Альбом]. Мн., 2001.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Рэй. Беларуская восень. 1993.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛГУДЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Дзялоша». Упершыню згадваюцца ў канцы 16 ст. Найб. вядомыя:

Бальцар, родапачынальнік, у 1621 валодаў Гелгудзішкамі ў Расіенскім пав. Андрэй Казімір (?—1711), сын Бальцара. Каралеўскі сакратар, падстолі жмудскі (1668), пісар вял. літоўскі (1673). Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма. У час міжусобіц 2-й пал. 17 ст. прыхільнік караля Міхала Вішнявецкага, належаў да групоўкі канцлера ВКЛ К.​Паца. Міхал, сын Антонія, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1781), саветнік дэпартамента фінансаў Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (1786), пісар польны літоўскі (1790). Прыхільнік Таргавіцкай канфедэрацыі, з чэрв. 1792 яе саветнік у Жмудзі. Маршалак дворны ВКЛ (апошні, ліп. 1793). Ігнацы (? — 13.5.1807), дэпутат Чатырохгадовага сейма 1788—92, ротмістр нац. кавалерыі і стражнік ВКЛ у 1789—93. Належаў да Згуртавання сяброў канстытуцыі 3 мая 1791. Удзельнік паўстання 1794, 24.4.1794 абраны ў Найвышэйшую Літоўскую раду. У 1806—07 удзельнічаў у арганізацыі польскіх узбр. фарміраванняў у складзе напалеонаўскага войска, камандаваў дывізіяй, генерал-лейтэнант. Антоні (1792—13.7.1831), сын Міхала, генерал. У 1812 уласным коштам сфарміраваў полк пяхоты і быў прызначаны яго камандзірам у чыне палкоўніка. Ваяваў у складзе корпуса Варшаўскага княства супраць рас. арміі ў 1812 і 1813. Служыў у арміі Каралеўства польскага, генерал брыгады (1818). Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. 25.2.1831 атрымаў чын генерала дывізіі. На чале дывізіі дзейнічаў у Жмудзі, падтрымліваючы атрад ген. Д.Хлапоўскага. 19.6.1831 часткай сваіх сіл няўдала атакаваў Вільню, пасля пацярпеў некалькі паражэнняў у Жмудзі. 13.7.1831 атрады Гелгуда і Хлапоўскага перайшлі граніцу з Прусіяй, дзе былі інтэрніраваны. Западозраны ў здрадзе, Гелгуд застрэлены капітанам С.​Скульскім.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)