археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Мела наземныя жытлы, што размяшчаліся па берагах азёр і невял. рэчак. Крамянёвыя вырабы — кароткія наканечнікі стрэл вербалістай або рамбічнай формы і коп’і з двухбаковай рэтушшу, а таксама нажы, скрабкі, разцы і інш. касцяныя і рагавыя прылады. Кераміка — вялікія з круглаватым донцам гаршкі з дамешкамі жарствы ў тоўстых і добра абпаленых сценках, арнаментаваныя гарыз. паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыраказубага грэбеня, якія ўтваралі рамбічныя ўзоры. У канцы неаліту плямёны гэтай культуры змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры. На тэр. Беларусі найб. значныя помнікі: Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАПКЯЛЯ́Й,
запаведнік у Літве, у бас.р. Нямунас (Нёман). Засн. ў 1975 для аховы унікальных лясных балот і азёр, рэліктавай флоры і фауны забалочаных лясоў. Пл. 8,5 тыс.га. Глебы балотныя вярховага тыпу. Каля 70% тэр. пад балотамі (вярховыя, пераходныя, нізінныя), пакрытымі лясамі. Сярод балот 21 невял. возера. Дамінуюць хвойнікі (80,5%); 12% бярэзнікаў, 5,5% алешнікаў, 2% ельнікаў. У флоры 654 віды вышэйшых раслін, з іх 58 рэдкія, у Чырв. кнізе арніка горная, пылкагалоўнік чырвоны, чаравічак сапраўдны, надбароднік бязлісты, зубянка клубняносная. У фауне 64 віды млекакормячых, у т. л. лось, дзік, казуля, бабёр, андатра. 156 відаў птушак (у Чырв. кнізе чорнаваллёвая гагара, чорны бусел, лугавы мышалоў, асаед, змеяед, малы падворлік, арлан-белахвост, скапа, пустальга, шэры журавель, турухтан і інш.); 7 відаў рэптылій, 9 — земнаводных, каля 2 тыс. — насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́САВА ВО́ЗЕРА.
У Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дзіва, каля в. Чаросава, за 20 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,52 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 3,74 км. Пл. вадазбору 13,3 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. 5—10 м, на У да 15 м, пад лесам, на З і Пд спадзістыя, разараныя і пад хмызняком. Берагі выш. 0,5—0,8 м, месцамі зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. 10—30 м вылучана асобнымі ўчасткамі. Дно да глыб. 3—4 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—120 м. Упадаюць ручаі са Школьнага і Дзявочага азёр, выцякае ручай у воз. Астроўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1990 для захавання ландшафтнага комплексу з рэдкімі відамі раслін і жывёл, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму р. Котра і інш.Пл. 21 852 га. Пераважаюць падтаежныя барэальныя і водна-ледавіковыя ландшафты з эолавымі і камавымі градамі, азёрамі (Белае, Зацкава, Малочнае і інш.). Рэльеф раўнінны, пласкахвалісты з астраўкамі камавых узгоркаў, западзінамі і катлавінамі азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя. Лясы хваёвыя і вытворныя драбналістыя. У флоры каля 320 відаў сасудзістых раслін, у Чырв. кнігу занесены сон-трава, чарамша, мнаганожка звычайная, купальнік горны, лілея кучаравая і інш. У фауне 130 відаў птушак, у Чырв. кнізе — малая паганка, чорны бусел, скапа, дзербнік, пустальга звычайная, курапатка белая, няясыць даўгахвостая, каршачок, уліт вялікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ПУХ Пётр Сцяпанавіч (н. 10.7.1949, в. Мерчыцы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. географ. Д-ргеагр.н. (2002). Скончыў БДУ (1972), дзе і працуе (з 1987 нам. дэкана па навук. і навуч. рабоце, з 2002 заг. кафедры агульнага землязнаўства). Навук. працы па гідралогіі азёр і вадасховішчаў, эвалюцыі вадаёмаў, рацыянальным выкарыстанні і ахове вадаёмаў з запаволеным водаабменам.
Тв.:
Формирование малых водохранилиш гидроэлектростанций. М., 1986 (разам з В.М.Шырокавым);
Водохранилища Белоруссии: Природ. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991 (у сааўт);
Формирование берегов малых водохранилищ лесной зоны. СПб., 1992 (разам з В.Я.Ляўкевічам, В.М Шырокавым);
Рекомендации по оценке воздействия малых водохранилищ на окружающую среду. Мн., 1994 (разам з В.Я.Ляўкевічам, В.М.Шырокавым);
Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Вобласць Беларускага Паазер’я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягнуцца і па-за межы Беларусі — на тэр. Расіі і Літвы. Паўд. мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтр. частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсх. частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найб. вялікія з іх Браслаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае ўзвышшы і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Зах. Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найб. паніжана на З. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэр. Беларускага Паазер’я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Зах. Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер’е налічвае каля 3 тыс.азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў.
Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найб. магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных западзін. Даліны рэк выпрацаваныя, але сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — г. Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Зах. частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найб. абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае, Навагрудскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і інш. ўзвышшы, Капыльскія, Ашмянскія грады). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ва ўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных западзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з’яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэр. вобласці параўнальна мала.
Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з’яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтр. Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з Пд пояс буйнейшых на тэр. краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзістахвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ва ўсх. частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя западзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэр. Перадпалесся з’яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама утвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ва ўсх. частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя западзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэр. Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Зах. Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.
Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт./км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найб. нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэр. Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Палеогеография кайнозоя Беларуси. Мн., 2002.
А.В.Мацвееў, Л.А.Нечыпарэнка.
Лагчынна-градавы рэльеф Свірскай грады.Мінскае ўзвышша.Мелавы кар’ер каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.Градава-лагчынны рэльеф Лагойскага ўзвышша.Прыбугская раўніна.Пясчаныя дзюны на тэрасах р. Прыпяць.Пясчаны пляж на пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ (ад гідра... + біялогія),
навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.
У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.Мюлер, Ф.Кон, рус. Н.П.Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г.навук.-прамысл. экспедыцыямі М.М.Кніповіча, працамі С.А.Зярнова, К.М.Дзяругіна, Л.А.Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.М.Арнольдзі, А.Л.Бенінга, Г.Ю.Верашчагіна, В.Н.Варанкова, В.І.Жадзіна і інш.
На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац.АН, БДУ, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш.ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.М.Драко, У.П.Ляхновіч, П.Р.Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.А.Галкоўская, Л.М.Сушчэня, Н.М.Хмялёва).
Літ.:
Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У Рас. Федэрацыі, на ПдЗЗах. Сібіры. Утворана 6.2.1943. Пл. 71 тыс.км². Нас. 1106 тыс.чал. (1997), гарадскога 55%. Цэнтр — г.Курган. Найб. гарады: Шадрынск, Шуміха, Куртамыш, Далматава, Катайск.
Прырода. К.в. займае паўд.-зах.ч.Зах.-Сібірскай раўніны (выш. да 193 м). Паверхня плоская, на водападзелах пясчана-гліністыя грывы і шматлікія западзіны, занятыя азёрамі ці забалочаныя. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, рапа і лек. гразі салёных азёр. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -18 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 400 мм за год. Вясной і летам бываюць чорныя буры. Гал. рэкі — Табол і яго прыток Ісець. Каля 2 тыс.азёр. Глебы пераважна вышчалачаныя чарназёмы. Расліннасць лесастэпавая. Пад лесам каля 18% тэрыторыі (бярозавыя гаі, хваёвыя бары). На крайнім Пд — стэпы. Жывёльны свет: лось, казуля, воўк, ліс, барсук, зайцы (бяляк і русак), вавёрка.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (50% валавой прадукцыі). Вытв-сць аўтобусаў, колавых цягачоў, дрэваапр. станкоў, пральных машын, элеватарнага і хім. абсталявання, аўтаагрэгатаў, паліграф. машын, тэлефонаў, чыг. абсталявання, даільных установак, помпаў, абсталявання для мяса-малочнай прам-сці. Рамонтныя, рамонтна-мех. і ліцейна-мех. з-ды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—1255 млн.кВтгадз. Курганская ЦЭЦ. З галін харч. прам-сці найб. развіты мясная, мукамольная, малочная. Мясакансервавыя і птушкакамбінаты. Буйныя элеватары, малочныя, мяса- і сыраробныя з-ды. Прадпрыемствы камбікормавай прам-сці. З-ды па вытв-сці цэглы, жалезабетонных вырабаў і канструкцый. Развіта лёгкая прам-сць (трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная). Дрэваапр. і мэблевая прам-сць. Завод мед. прэпаратаў. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 4473 тыс.га, у т. л. пасяўная пл. 2095 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя культуры (яравая пшаніца, ячмень, авёс), кармавыя, тэхн., бульбу і агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 748 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,1 тыс.км. Па тэр. вобласці праходзіць Транссібірская магістраль. Суднаходства па р. Табол. Курорт Мядзведжае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ШНЯ, валюш, сукнавальня,
майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,
верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.