ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),
агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.
Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.
т. 12, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл. Метафара, Метанімія, Сінекдаха).
А.І.Наркевіч.
т. 12, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́ЗМ (ад грэч. orgaō гарэць страсцю),
вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).
У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.
Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.
Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.
т. 1, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
М.М.Касцюковіч.
т. 5, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ННЕ,
фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.
Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).
В.Л.Ганжа.
т. 5, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),
сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.П.Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянні і г.д.
Літ.:
Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;
Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
У.М.Калюноў.
т. 7, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,
устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.Крылоў), «Быць ці не быць» (У.Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.
Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).
Літ.:
Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;
Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;
Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.
т. 8, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭІ́ЗМ (ад мона... + грэч. theos бог),
сістэма рэліг. вераванняў, заснаваная на ўяўленні пра адзінага Бога (адзінабожжа) у адрозненне ад політэізму (мнагабожжа). М. — характэрная асаблівасць хрысціянства, іудаізму і ісламу. Аднак паняцце «М.» адноснае, бо ні адна рэлігія не з’яўляецца паслядоўна монатэістычнай. Культ адзінага Бога ў іх арганічна звязаны з шанаваннем інш. багоў, якія ўтвараюць складаную іерархічную сістэму (анёлы, прарокі, апосталы, святыя і інш.).
М. вынікае з гіст. развіцця рэліг. вераванняў. З 18 ст. існуе думка (К.Ф.Вальней, А.Конт, Дж.Лебак і інш.), што М. ёсць апошняя і вышэйшая форма рэлігіі, якая вырасла з політэізму ў працэсе развіцця абстрактнага мыслення. Элементы М. ўзнікалі ў Стараж. Кітаі (культ вярх. бога Шандзі), у Індыі (вучэнне аб Брахме), Стараж. Егіпце (рэліг. рэформа цара Аменхатэпа IV (Эхнатона), Вавілоне (усе багі — сутнасць адзінага вярх. бога Мардука), Стараж. Перу (культ бога-сонца), у стараж. яўрэяў бог Яхве. Хрысціянства, засвоіўшы культ вярх. бога (Бог-айцец), дапоўніўшы яго верай у Бога-сына, які ўвасобіўся ў «богачалавека» Хрыста, неаплатанічным вучэннем аб адзіным сусв. духу (Бог — Дух святы) не можа лічыцца строга монатэістычнай рэлігіяй: хрысціянскі Бог — Тройца.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.
Т.С.Ляшчэня (музыка).
т. 11, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)