ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял.Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у 1585—1819 у г. Полацк Віцебскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты, міраклі. Паказы адбываліся пераважна на лац., зрэдку на польскай, часам на бел. (1603) мовах, звычайна яны суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Паказы былі прымеркаваны да масленіцы, некат. свят, перад летнімі канікуламі і пасля завяршэння навуч. года. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Звесткі пра рэпертуар у канцы 16 ст. амаль не захаваліся. Сярод пастановак: «Аталія» (1593), «Вясёлае пасля хмар сонца» (1669), «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (1693), «Крушэнне карабля на сушы», «Вянок з каштоўных камянёў, што ператварыліся ў лаўры» (абедзве 1723), «Вогненнае жала і вобраз вагнядышнага льва» (1724), «Язон па-за Калхідай» (1728), «Зрэнка Польшчы» (1730), «Пасол з сэрца Сарматыі» (1731), «Вянок з імён і вучоных галоў» (1737), «Час абеду, які працягваўся дзвесце гадоў» (1740) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т.1. С. 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ,
інфармацыя пра будучыя падзеі, з’явы або працэсы, магчымасці іх праяўлення, шляхі дасягнення. Грунтуецца на жыццёвым вопыце, навук. даных, рэліг. веры і астралогіі. Падзяляецца на прадбачанне навуковае і ненавуковае, якое можна падзяліць на інтуітыўнае (звязанае з падсвядомасцю), звычайнае (на аснове жыццёвага вопыту) і мантычнае (у выглядзе прароцтваў, прадказанняў і інш. вераванняў у звышнатуральныя сілы). Мае некалькі форм канкрэтызацыі: прадчуванне, уласцівае любому жывому арганізму, прадугадванне — разважанні на аснове жыццёвага вопыту, прагназіраванне — спец.навук. даследаванне перспектыў змянення якой-н. падзеі або з’явы, прадказанне — лакальнае ў часе і прасторы канкрэтнае П. Існуе таксама спецыфічнае квазіпрадбачанне невядомых з’яў мінулага і сучаснага: рэканструяванне П. (па асобных фрагментах), рэверсіўнае П. (ад сучаснага да мінулага або ад мінулага да больш аддаленага мінулага), прэзентыўнае, імітацыйнае і інш. П. звязана са здольнасцю чалавечай свядомасці да «апераджальнага адлюстравання» рэчаіснасці і дэтэрмінуецца дынамічнымі і статычнымі законамі аб’ектыўнай рэальнасці. У П. ў найбольшай ступені выяўляецца апасродкаваны характар лагічных форм пазнання, магчымасці чалавечага мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДНІКАЎ (Павел Іванавіч) (14.7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.2000),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1937). Працаваў у рэдакцыях газет, на радыё. У 1937 арыштаваны, высланы ў Бурацію, потым жыў у Іркуцкай, Омскай абласцях, Краснаярскім краі. З 1946 настаўнічаў ў Смаленскай вобл., з 1952 у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. У 1968—71 працаваў у бюлетэні «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў «Песні грузчыкаў» (1932, пад псеўд. Паўлюк Буравей, з Я.Субачам). Аўтар зб-каў вершаў «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Заасцёр’е» (1986), «Заранка» (1987), «Познія ягады» (1990), «Пароша» (1996). Тэма рэпрэсій у паэме «Таймыр» (нап. 1975—87), аповесцях «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) і інш. Напісаў успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, У.Галубка, Ц.Гартнага, П.Глебку, К.Грыневіча, А Пруднікава і інш.
Та: Мая магістраль Мн., 1981; Крыніцы. Мн., 1991; За калючым дротам. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пранайб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
асецінскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тбіліскі ун-т (1953). Друкуецца з 1946. Першая кніга вершаў «Сябры свету» (1956). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Лірыка» (1958), «Вершы» (1961), «Месяцавыя ночы» (1965), «Усмешка гор» (1968), «Дарога і песня» (1972), «Летнія дажджы» (1974), «Дабрыня» (1978), «Памяць» (1981), «Жаданні» (1984) і інш. Паэзія П. прасякнута тонкім лірызмам, любоўю да Радзімы, свайго народа, яго мовы і гісторыі. Шмат вершаў і паэму «Песня пра Брэсцкую крэпасць» прысвяціў Беларусі. Складальнік і адзін з перакладчыкаў на асецінскую мову бел. твораў («Маленькая анталогія беларускай паэзіі», 1976; «Анталогія беларускага нарыса», 1990). Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Асіпенкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, К.Кірэенкі, Г.Кляўко, К.Крапівы, П.Панчанкі, Ю.Свіркі, В.Тараса; перакладчык кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы «Летняя раса» (1982) і інш. На бел. мову творы П. пераклалі Калачынскі, Кляўко, А.Салтук, Свірка, У.Папковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),
палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч.сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы праасаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).
Літ.:
Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),
1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.
2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВКБССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс.чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).